Выбрать главу

— Усе залазьце на дрэвы, жыва! Ваша высокаблагароддзе, і вы таксама залазьце. Хутчэй!

Выразны цяжкі тупат нарастаў і ўжо грымеў на ўсю моц.

Рыгор падбег да галоўнага распарадчыка, тузануў за рукаў і паказаў на разлогую хвою. Обер-фарстмайстар працягваў стаяць. Рыгор падхапіў яго пад пахі і сілай пачаў падсаджваць на дрэва. Кінуўшы пістоль, іх высокаблагарод­дзе з цяжкасцю пакараскаўся наверх. Стражнік падцягнуўся следам.

У гэты момант на прасецы з’явіліся вершнікі, якія наўскач несліся да сваёй хованкі, да будана. Коні ляцелі як на злом галавы.

Напярэймы ім з ельніка нечакана выскачыў велічэзны барадаты зубр. Не спыняючыся, ён нізка нахіліў велізарную галаву з налітымі крывёю вачамі і высалапленым языком — ляцеў да першага каня.

Вараны жарабец, убачыўшы зубра, рэзка затармазіў і ўстаў на дыбкі. Велізарная рагатая галава знікла пад брухам — бык з усяго разгону стукнуў знізу. Конь падляцеў у паветра. Вершнік аддзяліўся ад сядла, паляцеў у густы ельнік, а жарабец, перабіраючы капытамі і храпучы, забурыўся на спіну. Зубр пераскочыў яго і пабег далей. А конь забіўся ў перадсмяротных курчах, блытаючыся нагамі ва ўласных вантробах.

На прасеку пачалі выскокваць іншыя зубры, робячы замяшанне ў шэрагах вершнікаў.

Прускія коні збіліся ў шчыльную кучу, яны то станавіліся на дыбкі, то падалі на калені. З усіх сіл коннікі намагаліся ўтрымацца ў сядле. Ахопленыя страхам, з пенай на губах, коні гучна храплі. Побач з імі імкліва праносіліся адзін за адным зубры.

Адзін з велічэзных зуброў выскачыў на прасеку насупраць кучы вершнікаў. З разгону ўваліў рогамі ў натоўп. Коні разляцеліся ў розныя бакі. Ніхто з наезнікаў не ўтрымаўся, усе павыляталі з сёдлаў на зямлю.

Пад хвояй, на якой сядзеў Рыгор з обер-фарстмайстрам, спачатку пранёсся з віскатам статак дзікоў. Следам за імі пачуўся цяжкі тупат, трэск кустоў’я, і на прасеку вынесся стралой малады зубр, які з разгону наскочыў на сетку з вяроўкамі. Яна, як павуцінне, з трэскам разарвалася. Зубр не ўтрымаў раўнавагі, спатыкнуўся і ўсім целам забурыўся на бок, змінаючы пад сабой хмызняк на краі прасекі, але вось бык жвава ўскочыў на ногі і ў імгненне вока знік у гушчары.

Адначасова чуўся тупат соцень ног, трэск сухога ламачча, віскат дзікоў, іржанне раненых коней, крыкі аб дапамозе на незразумелай мове. Усё гэта змяшалася ў дзікую какафонію жаху, якая працягвалася некалькі хвілін, але для ўдзельнікаў здарэння здавалася вечнасцю.

Тупат і трэск галля ад статка зуброў пачаў паступова аддаляцца і заціхаць.

Не маючы адвагі саскочыць, людзі працягвалі сядзець на дрэвах.

Рыгор паглядзеў на обер-фарстмайстра. Той учапіўся рукамі ў пальчатках за галіну, быў з бледным як у мерцвяка тварам. Яго вочы былі поўныя жаху.

Рыгор саскочыў на зямлю першым, рукою паказаў іх высокаблагароддзю зрабіць тое таксама. Обер-фарстмайстар, як пад гіпнозам, асцярожна спускаўся ўніз. Саскочыць яму дапамог, подбегшы, малады стралок. Ён падняў з зямлі пістоль і працягнуў яго обер-фарстмайстру. Фёдар Канстанцінавіч узяў пістоль і як ні ў чым не бывала распачаў яго старанна чысціць ад наліплага бруду.

Неўзабаве спусціліся на зямлю з дрэў іншыя стралкі і стражнікі. Без каманды яны дружна беглі да таго месца, дзе зубры атакавалі прускіх наезнікаў.

Насустрач ім з дзікім іржаннем шэры з чорнай грывай конь цягнуў па зямлі цела чалавека. Яго нага заблыталася ў стрэмені і была ненатуральна вывернутая. Адзін са стралкоў злаўчыўся і злавіў каня за аброць. Ашалелы конь станавіўся на дыбкі, брыкаўся, трос галавой. Стралок і голасам, і жэстам супакойваў каня. Нарэшце разгарачаны скакун скарыўся, нават дазволіў пагладзіць сябе. Тады і выцягнулі нагу. Чалавек не падаваў прыкмет жыцця. Яго твар быў запэцканы брудам уперамешку з крывёй.

Са стрэльбамі напагатове стражнікі акружылі месца здарэння. Перад імі адкрылася жахлівая карціна. Два кані ляжалі на зямлі з разарванымі жыватамі, іх скрываўленыя вантробы валяліся побач. Трэці конь яшчэ спрабаваў падняцца, але ў яго, хутчэй за ўсё, былі зламаныя пярэднія ногі. З краю прасекі, абхапіўшы рукамі галаву, сядзеў чалавек, побач з ім моўчкі стаяў другі. Яны былі бледныя як палатно і дрыжалі ўсім целам. Трэцяга вершніка знайшлі ў кустоўі, яго абедзве нагі знаходзіліся пад тулавам мёртвага каня. Ён махаў рукамі і нешта крычаў.

Стражнікі пачалі яго выцягваць, спрабуючы адваліць каня.

Яшчэ адзін вершнік вісеў на галіне елкі. Прыйшлося стралку лезці на дрэва і дапамагчы таму расчапіць рукі.

Адзін з паляўнічых выйшаў з густога ельніка на прасеку сам, яго рукі былі высока паднятыя. Яшчэ аднаго з паднятымі рукамі прывёў Ціхан.