— Чакайце, ён хутка тут з’явіцца, — сказаў стражнік.
Дзверы ў карчму зноў расчыніліся, праз парог уваліліся два знаёмыя кардонныя аб’ездчыкі. Проста з парога накіраваліся да ўлана.
— Вы камандзір эскадрона? — усхвалявана спытаў адзін з аб’ездчыкаў.
— Так, а ў чым, уласна, справа? — адказаў і адначасова спытаў паручнік.
— Мы аб’язджалі кардон, а там усюды вашы. Хацелі нават нас затрымаць. Маем права знаць, што тут дзеецца? — ускіпеў аб’ездчык.
— Сам толкам не ведаю. А вось гэты стражнік можа быць у курсе. У яго запытайце, заадно і я паслухаю, — паручнік кіўнуў галавою на стражніка.
Аб’ездчык, які некалькі дзён таму ўжо задаваў пытанні, раптам здзіўлена ўтаропіўся ў Рыгора:
— Гэй! А я цябе ўжо дзесьці бачыў? Сапраўды, бачыў!
— Мы ў аўторак тут з вамі разам снедалі, толькі я быў без мундзіра, — адказаў Рыгор.
— Во-ой! Я ўспомніў. Мы яшчэ хацелі высветліць, хто ты? — узрадавана ўсміхнуўся аб’ездчык і пстрыкнуў абцасамі. — Дазволіце нам далучыцца да вашага стала. Лейбель! Бягом сюды!
— Я імгненна, прысаджвайцеся, — Лейбель знік у суседнім пакоі, тут жа вярнуўся з талеркамі ў руках і распачаў звыкла сервіраваць стол.
— Стражнік, не цягні, распавядай: што тут без нашага ведама задумалі? — шэпатам спытаў аб’ездчык.
Рыгор звярнуўся да карчмара:
— Лейбель, схадзі на вуліцу, прасачы, каб нам ніхто не перашкаджаў размаўляць.
— Слухаюся, мяне ўжо няма, — з паклонам адказаў гаспадар карчмы, — з вашага дазволу вашых коней напаю.
Пасля нядоўгага маўчання Рыгор пачаў свой аповед.
— Панадзіліся да нас у пушчу прускія афіцэры на паляванне. Пастрэльваюць употай зуброў і цягнуць іх праз кардон. Мы зрабілі засаду і ўсіх іх узялі. На ўсялякі выпадак для ўзмацнення запрасілі сюды эскадрон уланаў.
Тут адзін з кардонных аб’ездчыкаў ажывіўся:
— Сапраўды, мы таксама гэта падазравалі, след бачылі. Як быццам хтосьці цягнуў нешта цяжкае праз кардон. Спачатку меркавалі, што цягнулі дрэвы, але які ў гэтым сэнс? Збіраліся сёння ўначы засаду зрабіць.
Звярнуўшыся да свайго напарніка, сказаў:
— Ігнат, скачы на заставу, скажы адбой засадзе. Распавядзі старшаму мытніку, што тут чуў.
Тым часам да карчмы пад’ехала рысорная брычка, запрэжаная парай скакуноў. З яе высадзіўся вусаты, камлюкаваты мужчына ў мундзіры мытніка. За ёю пад’ехаў галоўны распарадчык пушчы ў суправаджэнні стралкоў.
— Спадары, вітаю вас. Прашу падрабязней увесці мяне ў курс...
Обер-фарстмайстар прадставіўся і выказаў яму сутнасць справы.
Мытнік уважліва выслухаў галоўнага распарадчыка і сказаў:
— Нябожчыка можна даставіць на заставу і перадаць на прускі бок.
У гэты час нейкі ўлан ліха асадзіў побач свайго жарабца.
— Дазволіце звярнуцца. Мы затрымалі аднаго чалавека, які прабіраўся праз кардон на наш бок. Кажа, што мясцовы жыхар, пытаў обер-фарстмайстра або стражніка Рыгора.
Обер-фарстмайстар узрадавана скамандаваў:
— Хутчэй яго сюды!
Неўзабаве з’явіўся і Ахрэм. Ён расказаў пра свае апошнія прыгоды.
— Выдатна, Ахрэм, ты малайчына, службу нясеш як належыць. Спадар старшы мытнік, і ты, Ахрэм, давайце на адну хвіліначку адыдземся. Спадары, прашу мяне выбачыць, у нас будзе канфідэнцыяльная гутарка, — звярнуўся да астатніх.
Галоўны распарадчык зняў бінокль з шыі і адкрыў футарал.
— Ахрэм, ты такую штучку бачыў?
— Так, бачыў, ваша высокаблагароддзе, у тых вайскоўцаў, якія сёння прыходзілі ў хату да майго сваяка. У дваіх на шыі віселі такія футаралы.
— А ты мог бы дастаць нам такія біноклі. Я збіраюся ў Пецярбург, намерваюся паказаць іх у міністэрстве маёмасцей. Гэта вельмі неабходная рэч для нашых вайскоўцаў. Лічу, гэтая справа дзяржаўнай важнасці. Як вы на гэта глядзіцё? — пытальна паглядзеў на мытніка.
— А як жа мыта? Без мыты я не магу. Усё, што да нас увозіцца, абкладаецца мытай, такі парадак, — скрывіўся як ад зубной болі мытнік.
— Разумею, гэта вельмі далікатная справа, і афіцыйна вы не можаце прапусціць, — хітнуў галавою обер-фарстмайстар. — Спадзяюся, вы прызнаеце важнасць дадзенага мною даручэння? Я таксама, як і вы, дзяржаўны чалавек, дараднік, у чыне палкоўніка. Я не клунак з мануфактурай прашу прапусціць. Каб у вас не было праблем, зробім так. Вы не будзеце бачыць, і не будзеце ведаць. Мой чалавек гэтым зоймецца. Мяркую, мы прынясём вялікую карысць Расійскай дзяржаве. Няхай на тым баку лічаць, што гэта звычайны кантрабандыст. Дамовіліся?