Выбрать главу

Фёдар Канстанцінавіч на працягу двух дзён вылічваў штраф за браканьерства і налічыў ажно пяцьдзесят тысяч рублёў.

Дакладную і прапановы пра суму штрафу запячаталі ў канверт і адправілі фельд’егерам у Пецярбург, у міністэрства маёмасцей.

Жандары, выконваючы даручэнне обер-фарстмайстра, наляцелі ў жыллё Пупка, але яго там не знайшлі. Зрабілі засаду, некалькі дзён вартавалі, але безвынікова, толькі нечакана зніклі два яго сабакі, якія сядзелі на ланцугах. Пупок як скрозь зямлю праваліўся.

Мо праз тыдні тры галоўны распарадчык атрымаў адказ з Прусіі. Сям’я Фрыдрыха фон Вэбера згаджалася заплаціць неабходную суму. Неўзабаве ў Белавеж прыбыў руды паручнік Фэдэрс з грашыма, і яны былі ўнесены ў казначэйства.

Обер-фарстмайстар дазволіў паручніку сустрэцца з арыштаванымі. Фрыдрыху былі надзетыя на ногі кайданы, іх пазычылі ў жандараў. Паручнік Фэдэрс падзякаваў палкоўніку Тарану за прадстаўленую магчымасць сустрэцца з арыштаванымі. Таксама паведаміў, што маёр Крафт працягвае несці службу і перадаваў прывітанне.

Обер-фарстмайстар запрасіў паручніка ў дом. За вячэрай яны дапазна гутарылі. Фёдар Канстанцінавіч яму растлумачыў, што чакае распараджэння з Пецярбурга, якое вызначыць лёс затрыманых. Паручнік Фэдэрс, у сваю чаргу, паведаміў, што сям’я Фрыдрыха фон Вэбера напісала аж некалькі лістоў і самому расійскаму імператару.

Па распараджэнні галоўнага распарадчыка пушчы Рыгор атрымаў у казначэйстве чатырыста рублёў. Гэтыя грошы ён павінен быў распалавініць і адвезці Ярашуку Ахрэму і Гарфінкелю Арону.

25 студзеня 1847 года з Пецярбурга прыбыў фельд’егер. Ён прывёз тэрміновую дэпешу аб памілаванні Фрыдрыха фон Вебэра і іншых прускіх афіцэраў, а таксама салдата, падпісаную самім імператарам Мікалаем I.

На наступную раніцу галоўны распарадчык у парадным мундзіры, у суправаджэнні атрада стралкоў і Ціхана адвёз арыштаваных на заставу. Пасля абеду на заставу з іншага боку прыбыў маёр Крафт і паручнік Фэдэрс. Палкоўнік Таран і маёр Крафт сустрэліся як сябры. Пагутарыўшы, палкоўнік перадаў пяць чалавек прускаму боку. Інцыдэнт быў цалкам вычарпаны.

16. Глеб

Неўзаметку мінула пяць гадоў. За гэты час змянілася многае. Скончыўся тэрмін службы обер-фарстмайстра Тарана Фёдара Канстанцінавіча. Накрыўшы перад ад’ездам багаты стол і запрасіўшы сяброў і знаёмых, ён з жонкай і двума дзецьмі з’ехаў у Пецярбург.

Замест яго прыбыў малады обер-фарстмайстар, паручнік з цікавым прозвішчам Штральборн. Ён атрымаў ад свайго папярэдніка падрабязную інструкцыю, як трэба жыць і працаваць у Белавежскай пушчы, каб не загубіць даручаную справу. Ён яе і прытрымліваўся.

Было ў новага начальства адно захапленне — паляванне з сокаламі. Такое паляванне, зразумела, даступнае толькі людзям багатым і праводзілася яно на палях, дзякуй богу, не ў лесе.

Кожны аматар такога палявання трымаў на той час мноства разнастайных парод паляўнічых сабак, цэлыя атрады рэзідэнтаў з бедных дваран, часцей за ўсё адстаўных афіцэраў. У іх меліся адмыслова аб’езджаныя і прыстасаваныя для сакалінага палявання коні. У ранейшыя часы паляванне праводзілася амаль круглы год, але асабліва славіліся восеньскія аблавы на мядзведзяў, ваўкоў, кабаноў, ласёў і аленяў. Тады звычайна з’язджаліся ўсе суседзі, кожны са сваімі сабакамі і рэзідэнтамі. Часам збіралася да сотні паляўнічых. Аблавы суправаджаліся рознымі забавамі і цягнуліся цэлымі тыднямі.

Бывала і так, што багатыя дваране са сваёю шматлікаю світаю рабілі гонар якому-небудзь сціпламу і не так багатаму шляхціцу, наязджалі ў яго фальварак, палявалі дзень, другі, з’ядалі ўвесь гадавы запас харчоў. Праўда, потым госці высылалі яму са сваіх маёнткаў усякага дабра.

Звяроў заганялі сяляне паўколам у адным крыле, другое займалі рэзідэнты, якія па сігнале спускалі сабак, каб турыць звера на паляўнічых. Самі конна скакалі за сабакамі, падбадзёрваючы іх гукам рагоў. Па адмысловым брэху ганчакоў добры паляўнічы пазнае, што за звер бяжыць наперадзе. Расстаўленыя на дарозе сяляне крыкам і грукам прымушаюць жывёліну бегчы ў той бок, дзе стаяць стралкі. Уся здабыча належыць гаспадару лесу. Паляванне на дзікага звера здзяйсняецца ўрачыста, са шматлікімі цырымоніямі.

Паручнік Штральборн адразу перазнаёміўся з такімі аматарамі палявання. Увесь свой вольны час праводзіў на сакаліным паляванні, зрэдку наязджаючы ў галоўную сядзібу. Ведаючы, што ўсюды дасведчаныя людзі, у службу асабліва не ўлазіў. Яго маладая жонка сядзела дома і займалася выхаваннем дачок.