Стражнік Рыгор са сваім чатырохногім сябрам Рыкам працягваў спраўна служыць.
Рыгораваму сыну Глебу споўнілася пяць гадоў. Гэта быў жвавы і дапытлівы хлопчык. Прабабуля Марфа ўклала ў яго выхаванне ўсю сваю душу. Ён рос акружаны клопатам і любоўю.
Праз два гады пасля нараджэння Глеба ў сям’і стражніка нарадзілася дзяўчынка. Яе назвалі Алёнкай.
Неяк зімой у добрае надвор’е Рыгор вырашыў паказаць малому зуброў. Дарогай бацька паказваў сыну сляды дзікіх жывёл. Хлопчык з вялікім захапленнем слухаў бацькавы аповеды аб лясных жыхарах. Яго цікавіла ўсё: назовы дрэў, звяроў, птушак. Так неўзаметку яны падышлі да лясной паляны.
Рыгор падвёў Глеба да свайго назіральнага пункта. Падсадзіў сына на галіны, ускараскаўся на дрэва сам. Зручна размясціліся ў буданчыку на жэрдках.
Рыгор адной рукой абняў сына за плечы, другой паказаў кірунак, куды трэба глядзець.
Пяцігадовы Глеб упершыню бачыў зуброў. Яго маленькае сэрца ад захаплення моцна і радасна грукала. Хлопчык глядзеў вялікімі вачыма на зуброў, і былі ў гэтым позірку дапытлівасць і цікаўнасць.
— Тата, а іх там многа? — ён спрабаваў палічыць, загінаючы пальцы на руках, як яго вучыла бабуля Марфа. Але ў яго не хапіла пальцаў, і ён збіўся.
— Многа сынок, павінна быць дваццаць чатыры, — адказаў Рыгор, паспрабаваў сам пералічыць, атрымалася толькі дваццаць.
— Чатырох адгэтуль не відаць... Недзе за стагамі.
— А нам можна падысці бліжэй? — спытаў сын.
— Нельга, Глеб, гэта небяспечна. Могуць раззлавацца і кінуцца на нас.
— Раскажы мне пра зуброў.
Рыгор усміхнуўся.
— Слухай... Зубр чуе чалавека за сто і больш крокаў. Але зубр ніколі не ўцякае, наадварот, спакойна ідзе насустрач, і калі сыдуцца, ён спыняецца і не кранаецца з таго месца датуль, пакуль чалавек не абыдзе яго.
Глеб уважліва слухаў.
— Аднойчы наш стралок узімку вёз зубрам сена на санях. Сядзеў сабе спакойна наверсе, можа, нават задрамаў. Зубр пачуў сена, падкраўся ззаду, запусціў рогі ў сані і выкінуў з іх чалавека разам з сенам. Потым з’еў сена і спакойна пайшоў сабе.
— А дзядзька моцна спалохаўся?
— Спалохаўся! Конь таксама спалохаўся! Во ўцякалі, — весела сказаў сыну бацька.
Рык спакойна сядзеў пад хвояй і разглядаў зуброў. Гэта было яго звыклае месца. Калі яго гаспадар сядзеў на сваім назіральным пункце, ён заўсёды быў побач унізе і ахоўваў яго.
Да Глеба ён звык не менш чым да гаспадара. Як толькі маленькі чалавечак пачаў поўзаць, а потым хадзіць, Рыку даводзілася часам цярпець некаторыя нязручнасці. Гэты маленькі чалавечак цягаў яго за вушы, дзёр за шкуру, спрабаваў садзіцца конна, дужацца. Але Рык гэта мужна і цярпліва пераносіў. Нават калі ён забіраў у яго костку з міскі, сабака не дазваляў сабе нават гыркаць. Ставіўся, як да свайго шчанюка, не звяртаючы ўвагі на яго свавольства. Праўда, калі гэты чалавечак падрос, ён ужо абдымаў і гладзіў Рыка. Яны былі сапраўднымі сябрамі.
Зуброў сабака не чапаў. Ён зразумеў, што яго гаспадар нейкім чынам звязаны з гэтымі жывёламі. Інстынкт яму падказваў, што ахоўваць статак гэта і яго абавязак.
Рык убачыў, як ад статка аддзяліўся вялікі зубр і накіраваўся ўперавалку ў іх бок. Гэта быў яго колішні знаёмы.
Сабака пабег насустрач. На сярэдзіне паляны яны сустрэліся, адзін аднаго абнюхалі.
Убачыўшы гэта, Глеб прыйшоў у захапленне. Велізарны дарослы зубр быў побач, сабака каля ляснога волата здаваўся такім маленькім. І аказваецца, гэты волат сябруе з яго Рыкам.
— Тата, а чаму Рыку можна падысці блізка да зубра? — здзіўлена спытаў Глеб.
Прыйшлося распавесці сыну ўсё з самога пачатку.
— Мы з дзядзькам Ціханам назвалі гэтага зубра Хрэснікам. Усё, сынку, давай злазіць з дрэва і збірацца дадому.
Па вяртанні Марфа і мама дапамагалі Глебу распрануцца, сам ужо не мог. Трохі з’еўшы, пачаў церці маленькімі кулачкамі вочы. Як толькі лёг, праз хвіліну спаў без задніх ног.
Раніцай наступнага дня, калі яшчэ яго сын працягваў спаць, стражнік адправіўся ахоўваць зуброў.
Праз вярсту заўважыў, як Рык насцярожыўся. Поўсць на карку ўздыбілася, падабраў хвост, спыніўся і пачаў прынюхвацца. Яго мускулы напружыліся і бязгучна ашчэрылася пашча. Гэты бязгучны вы скал быў страшнейшы за рык і брэх.
Стражнік прадбачліва зняў з пляча стрэльбу і агледзеўся. Адчуў, як трывожны холад прабег па спіне. Прадчуванне небяспекі паступова мацнела.
Сабака гучна і папераджальна гыркнуў. У адказ з лесу данёсся глухі хрып.
Мядзведзь? У гэтую зімовую пару? Ранавата, падумаў стражнік. Сустрэча з галодным мядзведзем нічога добрага не абяцала. Мядзведзі-бадзягі вельмі небяспечныя. Згаладаўшыся, яны губляюць усякую асцярогу і паводзяць сябе як сапраўдныя бандыты.