Стражнік напружана ўзіраўся — прыгатаваўся да нападу.
Мядзведзь не прымусіў сябе доўга чакаць. Прычулася сапенне і бурчанне. Раздаўся трэск. і велізарны цёмны сілуэт звера апынуўся зусім недалёка.
Сабака апантана заекатаў, Рыгор ускінуў стрэльбу і націснуў цынгель. Калі парахавы дым рассеяўся, мядзведзь на задніх лапах ішоў у напрамку стражніка, расставіўшы пярэднія лапы так, нібы жадаў абняць чалавека. На сабаку, які хапаў яго ззаду, мядзведзь не звяртаў увагі. Быў ён, здавалася, невымернага росту з трохкутнай цяжкай, як валун, галавою. Шырока разяўленая пашча звера вывяргала страшныя гукі, ад якіх у Рыгора па спіне папаўзлі мурашкі.
Божа!.. Які вялікі!.. Які пачварна вялікі!..
Перазараджваць стрэльбу часу не было. Ён адкінуў яе і выхапіў з кайстры пістоль — стрэліў проста ў грудзі.
Навакольны лес здрыгануўся ад лютага рову.
Чалавек і звер глядзелі адзін аднаму ў вочы.
Рыгор на імгненне адчуў, як ледзянымі іголкамі працяло ўсё цела, а ў сэрцы ўзнікла захапленне барацьбой. Чалавек таксама быў ужо звер. Ён не баяўся, не разважаў, толькі як і яго далёкія продкі адчуваў салёны смак крыві ў роце.
Стражнік выхапіў другі пістоль і стрэліў дробам у шырока разяўленую пашчу. Мядзведзь закруціў галавой, але працягваў ісці на чалавека.
Рыгор намацаў на поясе дзяржальна нажа, выцягнуў яго. Закрычаў гарлавым, страшным крыкам і кінуўся на звера, уцэліў сталь туды, куды і хацеў — пад левую верхнюю лапу, у жаўтаватую поўсць і адскочыў убок. Падаючы, адчуў гарачае смуроднае дыханне звера і пачуў трэск кажуха пад доўгімі кіпцюрамі.
Паранены звер зваліўся на снег і захрыпеў. Крывавая пена валіла з пашчы. Сабака ашалела працягваў рваць мядзведзя за заднія лапы. Яго нос і рот былі забітыя мядзведжай поўсцю.
Рыгор, трымаючы ў руцэ акрываўлены нож, узняўся на ногі.
У некалькіх кроках ад яго, прыціснуўшыся да зямлі, шырока раскінуўшы лапы, ляжаў мядзведзь. Яго гарбатая спіна і велізарная касматая галава ўздрыгвалі. Ён, нібы ў сне, ціха бурчэў. У любы момант мядзведзь мог яшчэ ўскочыць.
Стражнік кінуўся да стрэльбы, пачаў яе зараджваць. Адчуў, як ад гарачкі ў яго трасуцца паджылкі. Каб не зваліцца, прыхінуўся да хвоі. Зарадзіў стрэльбу, загнаўшы ў ствол кулю. Яго пачало ўсяго трэсці. З жахам думаў, чым усё гэта магло скончыцца. Стражнік разумеў, што яшчэ хвіліну таму ён знаходзіўся паміж жыццём і смерцю. Яшчэ аднаго стрэлу не спатрэбілася. Мядзведзь паступова заціхаў. Ад яго зыходзіў смуродны пах. Толькі што вылез з берлагу і яшчэ не паспеў як след выветрыцца. Мусіць, восенню недастаткова нагуляў тлушчу, вось і прачнуўся раней часу.
Трэба вяртацца дадому, запрагаць Каштана і забіраць здабычу, а то могуць з’явіцца няпрошаныя госці — ваўчугі.
Ён падышоў да мядзведзя, нахіліўся і адарваў ад нібыта сталёвых кіпцюроў, загнутых на канцы, жмут свайго кажуха. Прыклаў да таго месца на плячы, дзе была дзірка.
— Прыйдзецца латаць, нічога не зробіш, — сумна сказаў услых.
Клікнуў сабаку і накіраваўся ў зваротным напрамку.
Дома стражнік выцягнуў некалькі тоўстых дошак, узяў вяроўку, сякеру; усё гэта пагрузіў у сані. Калі запрог Каштана, на парозе з’явіліся Малання з Глебам. Усе разам селі, і жарабец пабег лясной дарогай.
Глеб не змаўкаў:
— Тата, распавядзі, як ты застрэліў мядзведзя?
— Як, як? Вельмі проста, стрэліў са стрэльбы і забіў.
— Рыгор, у цябе кажух на правым рукаве разадраны, — з трывогай у голасе сказала Малання.
— Учапіўся дзесьці, вось і парваў...
— Ты мяне не падманваеш? Ці не мядзведжых лап гэта справа?
— Не, не мядзведзь, за сук дзесьці зачапіўся, — каб не палохаць, зманіў Рыгор. — Не перешкаджай, дай падумаць, як лепш даехаць.
Неўзабаве Рыгор спыніў жарабца.
— Малання, вазьмі вяроўку і сякеру, а я распрагу каня, — скамандаваў жонцы.
Каштан баязліва касавурыўся фіялетавым вокам на мёртвага звера і нервова перабіраў капытамі.
Стражнік звязаў вяроўкай мядзведзю заднія лапы, затым канцы вяроўкі прывязаў да гужоў. Узяўшы жарабца за аброць, тузануў. Мядзведзь пакідаў крывавы след на снезе. З лесу выцягнулі хутка, складаней было завалачы мядзведзя ў сані. Тады і спатрэбіліся дошкі.
— Без цябе, Глеб, мы б не справіліся. Скажы? — Рыгор весела падміргнуў Маланні.
Глеб меў ганарлівы выгляд. Малання ўзяла малога за руку, і яны пешшу пайшлі за санямі.