Выбрать главу

— Нават не смейце ўслых прамаўляць гэта, спадар Сімунд, — паручнік спалохана замахаў рукамі. — Разумееце? Спадзяюся, вы разумееце.

— Ваша высокаблагароддзе, з задавальненнем прымаю вашу прапанову. Дзякую за аказаны мне гонар, — хітры Сімунд падняўся з мяккага крэсла і зрабіў невялічкі паклон паручніку.

— Можаце запрасіць дадатковую колькасць людзей, розных адмыслоўцаў: цясляроў, сталяроў. Цяпер зіма і за гэты час мы разам можам падрыхта­ваць, так сказаць, план. Усё павінна рабіцца так якасна, як для каранаваных асоб. Але аб гэтым нікому ні слова, — вочы паручніка загадкава і спалохана глядзелі на Сімунда.

— Заўтра ж ушчыльную займуся вашым даручэннем. Людзей, якіх неабходна запрасіць, ведаю. Толькі ўсё гэта будзе залежаць ад вашага фінансавання, — хітравата бліснуў вачыма лесапрамысловец.

Падсохлі дарогі, і з навакольных селішчаў у пушчу пацягнуўся працоўны люд. Насельнікаў у Белавежы з кожным днём большала, прыходзілі ўсё новыя і новыя людзі. Працы хапала ўсім, работы было па горла.

З-пад Высока-Літоўска вазамі прывозілі каменне, сартавалі і ўкладвалі ў кучы. За камяні плацілі тут жа, на месцы. Прывезеным жвірам з камянямі засыпалі лужыны, раўнялі дарогі, будавалі масты.

Праца кіпела цэлымі днямі, з невялікімі перапынкамі на абед. Па распараджэнні обер-фарстмайстра падлоўчыя прывозілі тушы ласёў і дзікоў. Быў збудаваны падстрэшак з лаўкамі і сталамі. Сілкаванне нанятых працаўнікоў было за казённы кошт. Шматлікія работнікі ўпершыню ў жыцці маглі наядацца ўволю, таму і працавалі з вялікай стараннасцю.

Канец красавіка выдаўся сонечны і цёплы. На складах, поруч тартака Сімунда, пад вясновым сонцам падсыхаў лес. Перш за ўсё пачалі ўзводзіць велізарны будынак. З чатырох бакоў былі прыбудаваны назіральныя пляцоўкі, упрыгожаныя разьбянымі парэнчамі. Усё гэта майстравалася з парод драўніны розных гатункаў, будынак атрымаўся вельмі прыгожы.

Вакол леснікоўства дадаткова збудавалі меншыя дамкі, але яны не саступалі прыгажосцю і вытанчанасцю.

Ужо да сярэдзіны лета Белавеж было не пазнаць. Невялічкая вёска на вачах ператваралася ў шматлюднае мястэчка. Калі прыбыў старшыня гарадзенскай палаты з інспекцыяй, ён быў здзіўлены зменамі.

Параіўшыся з паручнікам Штральборнам і лесапрамыслоўцам Сімундам, старшыня вырашыў будынак леснікоўства пераўтварыць у стылізаваную паляўнічую хату. Былі закуплены і завезены лепшыя ўзоры трафеяў: рогі, пудзілы разнастайных жывёлін, якія насяляюць пушчу. На дыванах вісела ўсялякая паляўнічая зброя; нажы, пікі, лукі, арбалеты і сучасныя стрэльбы. Былі і рэдкія экспанаты, годныя знакамітых музеяў. Акрамя таго, на сценах віселі карціны са сцэнамі палявання, дзе сабакі наганялі дзікіх жывёлін і ўступалі з імі ў сутычку. Пачалі завозіць старадаўнюю мэблю, упрыгожаную разьбой, і ўсё неабходнае для выгоды пражывання.

Сімунд спачатку ўклаў свае грошы, а цяпер атрымліваў з казны вялікія дывідэнды. Кожны дзень разам з паручнікам абыходзіў будаўнічыя пляцоўкі. Пад шумок адрамантаваў і сваю кантору. Колькі пры гэтым паклаў разам з галоўным распарадчыкам у сваю кішэнь, гісторыя замоўчвае. Але вынікам іх дзейнасці, уключаючы казначэйства і гарадзенскую палату, усе засталіся задаволеныя.

Не ў крыўдзе былі і майстры. Добрыя працаўнікі зараблялі ад сямі да дзевяці рублёў, а працаўнік з канём, які займаўся перавозкай камянёў і лесу мог атрымаць да дваццаці рублёў у месяц.

У пачатку верасня галоўны распарадчык пушчы склікаў сваіх падначаленых. Трэба было параіцца, як лепш сустрэць гасцей і чым іх забаўляць. Былі выслуханыя розныя прапановы. Але патрабавалася нешта такое, што магло б уразіць, нешта такое, чаго высокія госці ў жыцці не бачылі.

Ціхан сказаў:

— Ваша высокаблагароддзе, у нас ёсць прапанова. На абходзе майго брата маецца ўчастак нерушы. Там вельмі шчыльна растуць дрэвы. Іх галіны і кроны перапляліся так, што нават у сонечны дзень стаіць цямрэча. Мы можам зрабіць невялікі, у рост чалавека, тунель-галерэю. Лічым, нічога падобнага яны не бачылі. Паверце, на іх гэта зробіць уражанне.

— Я так і ведаў, што вы прыдумаеце што-небудзь, — узрадавана сказаў паручнік. — Нездарма мой папярэднік вас рэкамендаваў як самых надзейных людзей. Давайце, не адкладаючы, заўтра раніцай разам туды з’ездзім.

— Ваша высокаблагароддзе, гэта будзе зрабіць вельмі няпроста. Тамака вам давядзецца поўзаць, прашу прабачэння, на карачках, — усміхнуўся Ціхан.

— Нічога, Ціхан, ты думаеш я так ніколі не поўзаў? — іранічна сказаў обер-фарстмайстар. — Хе-хе! У гэтым жыцці даволі часта бывае так, што не толькі ракам папаўзеш, але, калі трэба, на галаве навучышся стаяць. Гэта, браткі, жыццё.