Выбрать главу

Як і дамаўляліся, назаўтра браты стаялі каля дома обер-фарстмайстра. Паручнік Штральборн запрасіў іх зайсці да яго ў кабінет.

Пераступіўшы парог, Рыгор уважліва агледзеўся. Усё ў кабінеце было як і пры былым іх любімым начальніку, за выключэннем таго, што на сцяне вісеў партрэт другога цара. Вочы з партрэта пільна глядзелі на братоў, нібы вывучаючы, што яны маюць супраць Расійскай імперыі.

Камердынер прынёс каву і паставіў яе на столік каля акна.

Рыгор неўзаметку ўсміхнуўся. Яго раптам апанавалі ўспаміны пра ранейшага начальніка. Цікава, як ён цяпер жыве ў Пецярбургу? Ці ўспамінае гады, праведзеныя ў Белавежскай пушчы? Пасля таго, як обер-фарстмайстар палкоўнік Таран Фёдар Канстанцінавіч пакінуў галоўную сядзібу, Рыгор першы раз трапіў у гэты кабінет.

Пасля кавы паехалі на месца. Хутка брычку давялося пакінуць і далей ісці пешшу. З кожным крокам лес станавіўся гусцейшы. Даводзілася часта нагінацца. Хоць на вуліцы стаяла сонечнае надвор’е, паступова іх пачынаў абступаць змрок.

— Усё, ваша высокаблагароддзе, далей давядзецца паўзці, — галосна сказаў Рыгор.

Обер-фарстмайстар спачатку рухаўся на каленях, потым лёг на зямлю і пачаў паўзці за Рыгорам, ззаду чмыхаў Ціхан. Яны прапаўзлі прыкладна крокаў сто. Вакол панавала цямрэча. Ад зямлі цягнула волкасцю, перагнілым лісцем і мокрай драўнянай карой.

У цемры пачуўся голас Рыгора:

— Ну, як вам, ваша высокаблагароддзе? Паўзем далей, або годзе?

— Не, Рыгор, даволі, — дрыготкім голасам сказаў обер-фарстмайстар. — Я меркаваў, вы мне казкі расказваеце, гэтага не можа быць. А вось пераканаўся, што такое магчыма, цемрадзь самая сапраўдная. Я вас не бачу. І пры гэтым вакол цішыня якая, нават птушак не чуваць. Страхоцце!

— Тады паўзём назад, ваша высокаблагароддзе? — крэкнуў Ціхан.

— А ў які бок паўзці, я не арыентуюся? — прычуўся злёгку спалоханы голас паручніка Штральборна.

— Ваша высокаблагароддзе, паўзіце за мной, на шоргат, — весела адказаў старшы стражнік.

— Ты, Ціхан, не спяшайся, — прастагнаў паручнік.

— Не бойцеся, ваша высокаблагароддзе, мы вас тут не кінем, — жартаўліва адказаў Ціхан.

— Я не баюся, але не магу ўцяміць, адкуль вы ведаеце, куды рухацца? Хацеў у цябе, Ціхан, удакладніць, якую плошчу мае гэты дрымучы ўчастак?

— Калі паўзці, за дні тры перапаўзём, — смеючыся, адказаў Ціхан.

Калі канчаткова ўсталі на ногі і атрэсліся ад бруду і іголак, обер-фарст­майстар зірнуў уверх. Над верхавінамі дрэў яскрава зіхацела сонца. Паручнік Штральборн нават зажмурыўся.

— Та-ак, бываюць жа ў прыродзе такія цуды. Ваша прапанова прымаецца цалкам. На гэтым месцы прасячыце тунель у чалавечы рост, крокаў на сто, сто пяцьдзесят, не больш. Ну і шырынёй так, каб два чалавекі маглі размінуцца. А нам і трэба зрабіць так, каб важныя госці доўга ўспаміналі наведванне Белавежскай пушчы, — адначасова разважаў і даваў даручэнне галоўны рас­парадчык.

18. Царскае паляванне

За тры тыдні да прыезду цара ў Белавеж прыбыў міністр дзяржаўных маёмасцей генерал Зялёны. Для арганізацыі палявання разам з ім прыехаў егермайстар граф Ферзен.

Рыгор знаходзіўся ў хаце і разам з жонкай рыхтаваў новы парадны мундзір да прыезду высокіх гасцей. Рык, лежачы на сваім дыванку, раптам прыўстаў і ціха гыркнуў, даючы знак, што з’явіўся хтосьці чужы. Рыгор зірнуў праз акно, там малады стралок прывязваў каня.

Стражнік выйшаў на ганак.

— Што здарылася? — спытаў насцярожана.

— Ваш брат прасіў мяне вам перадаць, каб вы неадкладна прыехалі да яго, зараз жа, — перадаў просьбу Ціхана стралок.

— Зразумела, хадзі ў хату, перакусіш, а я хутка, — сказаў стражнік.

У братавай хаце Рыгора чакала неспадзяванка.

Насустрач яму з-за стала падняліся двое мужчын.

— Ваша высокаблагароддзе, вы? Добрага вам здароўечка, спадар оберфарстмайстар! — ад нечаканасці Рыгор ускрыкнуў, ліха пстрыкнуў абцасамі.

Насустрач яму, шырока раскінуўшы рукі для абдымкаў, ішоў былы оберфарстмайстар Таран Фёдар Канстанцінавіч. Яны моцна, як даўнія сябры, абняліся. З шчаслівымі тварамі селі за стол. Іх высокаблагароддзе напоўніў чаркі.

— За сустрэчу, — мужчыны чокнуліся і адным махам выпілі.

Ціханава жонка ставіла на стол талеркі з гарачымі мяснымі стравамі.

— Ну што, Рыгор, не чакаў майго прыезду? — глядзеў дапытліва былы распарадчык.

— Так, ваша высокаблагароддзе, не чакаў, ніяк не чакаў — проста не верыцца. Раскажыце, як вы тама жывяце, як жонка, дзеткі? — усё яшчэ не верачы вачам гарачыўся здзіўлены Рыгор.