Застольная гутарка мужчын зацягнулася далёка за поўнач. Чалавеку ўласціва ўспамінаць свае лепшыя гады з мінулага. Гэта сагравае і амалоджвае душу.
На галоўнай сядзібе працягвалася падрыхтоўка да высокага візіту. На дзевятай вярсце ад Белавежы, зблізку дарогі, што вяла ў вёску Гайнуўка, расцягнулі тэнты. Былі зроблены ложа для імператара і ў адну з ёю лінію адзінаццаць альтанак для высокіх гасцей.
4 кастрычніка прыбылі ў Белавеж: прынцы Карл і Альберт Прускія, прынц Аўгуст Віртэмбергскі і прынц Фрыдрых Гесен-Касэльскі.
На другі дзень раніцай іх павезлі паказваць навакольныя мясціны. Важныя замежныя госці доўга рассаджваліся ў карэты і брычкі. Па камандзе генерала Зялёнага працэсія кранулася з галоўнай сядзібы ў пушчу. Лясной дарогай яны з цікавасцю глядзелі вакол і захапляліся векавымі дрэвамі. Навакольная прыгажосць выклікала захапленне ў іншаземцаў. Якраз у пушчы стаяла залатая восень. Дрэвы афарбаваліся ў розныя колеры і выглядалі нібы спецыяльна прыбраныя. Здавалася, пушча гарыць рыжым, чырвоным, пурпурным, залатым агнём. Навакольны векавы лес быў сапраўды казачна прыгожы.
Вось госці паглыбіліся ў самую глухмень пушчы. Давялося спыніцца. Ім прапанавалі ісці далей пешшу. Наперадзе крочыў Ціхан, за ім обер-фарстмайстар Фёдар Канстанцінавіч, генерал Зялёны і замежныя госці. Рыгор пабег папярэдзіць стралкоў, каб былі гатовыя. Каля ўваходу ў тунель, не міргаючы вокам, як варта ў палацах, стаялі два рослыя стралкі.
Госці з цікавасцю, адзін за адным, пачалі ўваходзіць у тунель. Усярэдзіне, праз кожныя дзесяць крокаў, па стойцы смірна, стаялі рослыя стралкі; кожны трымаў у левай руцэ запалены ліхтар. Тунель паступова напаўняўся людзьмі. Чуліся словы захаплення і здзіўлення на рускай і нямецкай мовах.
Па ўмоўным сігнале Ціхана ўваход запнулі, а стралкі крысамі шынялёў адначасова атулілі ліхтары — наступіла поўная цемра. Ад нечаканасці ўсе спыніліся і заціхлі, было чуваць толькі дыханне людзей.
Першым прагучаў голас генерала Зялёнага:
— Фёдар Канстанцінавіч! Гэтага не можа быць? Сярод белага дня, такая непранікальная цямрэча — гэта цуд!
— Вы самі генерал, бачыце, што ў пушчы гэта ёсць! — збянтэжана азваўся ўсхваляваны палкоўнік.
— Дык, брат, цяпер табе веру. Можа, тут ніколі не ступала нага чалавека, як ваша меркаванне, Фёдар Канстанцінавіч?
— Усё можа быць, цалкам магчыма, што і не ступала, — усё яшчэ спуджана мармытаў у адказ палкоўнік.
Замежныя госці маўчалі, слухалі гутарку. Каб не атрымаўся канфуз, па сігнале Ціхана стралкі адначасова дасталі ліхтары з-пад крысоў. У шэрагах замежнікаў пачуўся ўздых палёгкі, прычуліся абрадаваныя жаночыя галасы.
Госці паволі з’яўляліся з тунеля.
Лёгка зразумець, якое ўражанне зрабіла пушчанская глухмень, дзе самая апантаная бура не магла запалохаць сваім гневам, куды не прабіваліся нават прамяні яркага сонца.
На невялічкай, нібы казачной, палянцы госці спыніліся і пачалі разглядацца. Вакол ганарліва і велічна стаялі велізарныя, у некалькі абхватаў, дрэвы-волаты.
Са збянтэжаным выглядам обер-фарстмайстар адышоў і стаў паводдаль. Неўзаметку падазваў братоў.
— Вы рашылі спалохаць усіх? Чаму вы мне гэта раней не паказвалі? Вы што, не разумееце, нельга так людзей палохаць? — палкоўнік пагрозліва патрос кулаком.
У гэты момант да іх далучыўся генерал Зялёны.
— Фёдар Канстанцінавіч, паглядзі, якія здзіўленыя твары ў замежнікаў. Абвыклі ў сябе па рэгулярных парках шпацыраваць, а тут хоць раз у жыцці сапраўдны лес убачаць, — весела ўсміхаючыся, ён злёгку ткнуў обер-фарстмайстра ў бок. — Ты таксама гусак добры. Сябар завецца. Мог бы загадзя папярэдзіць. А то я ў першыя хвіліны, як ліхтары патушылі, прызнаюся, здрэйфіў.
Генерал выцягнуў з кішэні хустачку і старанна выцер шыю.
— Ну, што? Час вяртацца ў Белавеж. Лічу, досыць, прагуляліся, — звярнуўся да братоў Селіванаў. — А вы малайцы, выдатна прыдумалі! Яшчэ б трэба было каму-небудзь з вас мядзведзем зараўці, пацеха была б поўная, — генерал засмяяўся са свайго жарту.
Імператар Аляксандр II прыбыў у Белавеж разам з вялікім герцагам СаксенВеймарскім Карлам-Аляксандрам ноччу з 5-га на 6-га кастрычніка 1860 года.
А дванаццатай гадзіне гасудар з шматлікаю світаю адправіўся на паляванне. Яго вялікасць заняў сваю ложу; у альтанках размясціліся вялікі герцаг і прынцы з світамі. Паступова запоўніліся запрошанымі высокімі гасцямі адзіннаццаць альтанак, а таксама галерэя для публікі.