Выбрать главу

— Як гэта?

— Распранайцеся і ідзіце да Маланні, яна вам раскажа.

На дварэ зарыпелі палазы. Неўзабаве паказаліся і сані.

— Тп-ру-ру, стой! Куды прэ-эш!? — пачуўся голас цесця.

Сабака насцярожана глядзеў на прыбылых людзей. Рыгор расчыніў варо­ты, цесць заехаў у двор. Маці Маланні прывіталася і хутка пабегла ў хату. Стражнік пачаў дапамагаць цесцю распрагаць кабылу. У гэты момант рыпнулі дзверы, і бабуля, высунуўшы галаву з-за дзвярэй, паклікала яго.

— Рыгорка, дзетачка, трэба выцепліць печ, у хаце вельмі халодна. Прынясі вады і пастаў на агонь.

— Добра, — буркнуў Рыгор. — Зраблю. Як там Малання?

— Усё пакуль добра, але ёй будзе цяжка, першы раз родзіць.

Разам, нясучы ў руках клункі, зайшлі ў хату. Бацька і цесць, гучна тупаючы ботамі, пачалі здымаць верхнюю адзежу.

Рыгор, седзячы на кукішках, кідаў дровы ў печ.

— Праходзьце сюды, бліжэй да агню.

— Як там справы? — бацька кіўнуў у бок пакоя, дзе знаходзіліся жанчыны.

— Я не заходзіў, не ведаю, ціха там, здаецца, гутараць, — цяжка ўздыхнуў Рыгор.

Бацька і цесць селі за стол.

— Сын, годзе кідаць дровы ў печ, садзіся насупраць. Ты абяцаў расказаць нам, адкуль у цябе гэты сабака.

Стражнік падрабязна расказаў аб учарашняй прыгодзе. Нават паказаў кажух і драпіны на шыі.

— Так, сын, здаралася такое і раней. Са мной такога не было, але аб нападзе рысі на чалавека чуў шмат разоў. Кажуць, яна нападае толькі ў двух выпадках: або раненая, або хварэе калі. Наступны раз, сыне, будзь асцярожней. Наконт сабакі: трэба аб знаходцы заведаміць старшага падлоўчага, або ляснічага, а можа, і самога обер-фарстмайстра. Магчыма, хтосьці шукае стра­ту. Падумаюць, затаіў, потым бяды не абярэшся.

— Дык, тата, я сёння і хацеў так зрабіць, але вось Малання.

Тут з пакоя прачыніліся дзверы, і бабуля падышла да дачкі. Нахіляючыся да вуха, пачала нешта шаптаць, тая толькі ківала галавой.

Старая павярнулася і сышла ў пакой да ўнучкі. Рыгорава мама распачала запальваць на падсвечніках свечкі. На кухні зрабілася святлей.

Цесць працягваў гутарку.

— Рыгор, як толькі ты забраў з нашай хаты Маланню, старую бы падмянілі. Не знаходзіць месца, ходзіць па хаце, усё да мяне чапляецца, тое не так, гэта не гэтак. Я адразу зразумеў, нудзіцца па Маланні. Некалькі разоў ёй гаварыў: не магу ж у прыдачу да пасагу цябе аддаць. Людзі будуць смяяцца: і дачку замуж выдаў, і ад цешчы пазбавіўся.

Рыгорава мама прынесла бярэмя сена і паклала на стол; зверху заслала белы абрус. Жанчыны насілі з каморы нарыхтаваныя стравы. Паставілі куццю з ячменю, гароху і жыта. Неўзабаве стол быў застаўлены талеркамі з грыбамі: салёнымі і марынаванымі, з вяленым і вэнджаным мясам, рыбай, ляжалі пірагі з белай мукі. Былі тут ласіны язык і ласіныя губы.

Мужчыны моўчкі, не перашкаджаючы жанчынам, назіралі. Марыя выйшла ў пакой да Маланні. Праз некаторы час вярнулася з бабуляй.

Старая ўважліва агледзела стол. Падышла да абраза і запаліла свечку, узяла яе ў левую руку, правай тройчы, гледзячы на ікону, з паклонам перахрысцілася.

Мужчыны падняліся. Старая гаварыла малітву, астатнія, гледзячы на ікону, слухалі. Скончыўшы малітву, старая ізноў тройчы з паклонам перахрысцілася, за ёю і ўсе. Потым яна тройчы перахрысціла стол з ежай. Узяла лыжку, набрала куцці і кінула ў кут пад абраз, сказаўшы пры гэтым:

— Гэта табе, зюзя.

Пасля гэтага ізноў набрала лыжкай куцці, выйшла на парог хаты і паклала яе на ганак. Узяла венік і вярнулася да стала. Набрала ізноў куцці. Несучы ў адной руцэ венік і свечку, а ў другой лыжку з куццёй, накіравалася ў пакой да Маланні.

Перад дзвярамі спынілася.

— Можаце распачынаць.

Мужчыны адразу ажывіліся.

— З Калядамі! Дачакаліся, дзякуй богу.

Спачатку паспрабавалі куццю, потым узяліся есці. Пасля жанчыны падняліся і накіраваліся ў пакой да Маланні

Рыгор распачаў гутарку:

— Учора вечарам хадзіў за ялінкай і чуў выццё ваўка.

Бацька кіўнуў галавою:

— Так, ваўкі цяпер вельмі небяспечныя, у іх распачаўся гон. Яны не баяцца нападаць не толькі на людзей, але і на зуброў. У зуброў у пушчы ворагі, не лічачы чалавека, толькі мядзведзі і ваўкі. Асабліва ваўкі дужаюцца з зубрамі. Знішчыць усіх ваўкоў немагчыма. У іх свой падыход. Сустрэне зубра воўк, скача перад ім і нібыта хоча кінуцца на яго. Зразумела, увага зубра звернута на гэтага ваўка, а між тым, іншыя хапаюць яго за бакі. Так што аднаму зубру цяжкавата выстаяць супраць, скажам, трох ваўкоў, што ўжо казаць пра зграю. Зубрыцы хітрэйшыя, яны з маладымі заўсёды трымаюцца статка і пасуцца блізка ля ракі або возера. Пры небяспецы становяцца ў круг, цялят у сярэдзіну, вакол толькі рогі, так і ратуюцца. А старыя зубры бадзяюцца па два, па тры, а яшчэ часцей у адзіночку. У іх шмат дзівацтва, свайго роду фанабэрыі, пачуцця ўласнай годнасці і перавагі. Вось яны якраз і гінуць. З мядзведзем зубру прасцей.