Выбрать главу

З царскай ложы пачуўся стрэл.

Лясны волат здрыгануўся, зрабіў велізарны скок. Пераскочыў, не закрануўшы, сабаку, нахіліў галаву з вострымі чорнымі рогамі і, задраўшы хвост, цяжкімі скокамі панёсся на стрэл. Сабака паляцеў за ім, з усіх сіл імкнучыся яго абагнаць.

З ложы прагучаў яшчэ стрэл.

Зубр спатыкнуўся, зваліўся на пярэднія ногі, але адразу ж падняўся. Саба­ка апынуўся ізноў перад ім. Лясны волат матлянуў галавою, і тут над палянай пачуўся такі жахлівы роў, што коні, якія стаялі за тэнтамі, тузануліся і прыселі на заднія ногі. З ноздраў ляснога волата валіла пара, а з-пад чорнай грывы крывавыя вочы вызірвалі ўтоенага ворага.

Над палянай запанавала цішыня. Здзіўленыя гэтым відовішчам прысутныя замерлі ў чаканні наступных падзей.

Прысеўшы на заднія ногі жахлівы барадаты бык матлянуў галавою і скокнуў наперад, імкнучыся не закрануць сабаку. У гэтае імгненне зноў прагучаў стрэл. Зубр паваліўся проста на белага сабаку.

Убачыўшы гэтую страшную карціну, над палянай пранёсся захоплены гул чалавечых воклічаў.

Рыгор кінуў стрэльбу, выскачыў на паляну і пабег да зубра.

Ззаду прычулася:

— Рыгорка! Ты куды? Туды нельга!

Але яго нішто не магло спыніць. Падбегшы да зубра, які моўчкі яшчэ тузаў у сутаргах чорнымі капытамі, ён укленчыў ля сабакі, які ляжаў побач з ім без прыкмет жыцця. Асцярожна ўзяў яго на рукі, узняўся з каленяў і прыціскаючы да грудзей, пайшоў прэч.

Ціхан і Фёдар Канстанцінавіч, зняўшы шапкі, глядзелі на Рыгора.

Ён падышоў да іх і асцярожна паклаў сабаку на зямлю.

Тут падбег нейкі афіцэр з імператарскай світы і пачаў гучна гарлапаніць:

— Ты што, звар’яцеў? Парадку на паляванні не ведаеш? Пад кулі лезеш!

Але стражнік не звяртаў ніякай увагі на крык афіцэра, быццам не чуў.

Палкоўнік Таран узяў афіцэра пад руку і адвёў убок. Ён нешта яму казаў, той ківаў галавою. Потым афіцэр вярнуўся да імператарскай ложы.

Рыгор моўчкі стаяў і глядзеў на мёртвага сябра.

На іншым баку паляны шчыльнай сцяной стаялі людзі, якія прымалі ўдзел у загонцы. Напружваючы вочы, яны намагаліся здалёку разгледзець цара.

Аляксандр II у суправаджэнні світы выйшаў на паляну і паволі аглядаў свае паляўнічыя трафеі. Па выразе яго твару было відаць, што паляванне атрымалася.

Даўжэй усяго ён затрымаўся каля велічэзнага зубра, якога ўласнымі рукамі застрэліў напрыканцы.

Лясны волат ляжаў на правым баку. Вялікая галава з чорнай грывай і вострымі рогамі была прыціснутая да грудзей, нібы ён рыхтаваўся да сутычкі. Застылыя вочы былі расплюшчаныя.

Гледзячы на бурую велізарную тушу зубра, імператар спытаў паручніка Штральборна:

— Як ты лічыш, колькі важыць гэты прыгажун?

— Ваша Імператарская Вялікасць, лічу пудоў трыццаць пяць, не меней, а можа і больш, — развёў рукі паручнік.

— Распарадзіцеся зрабіць з яго чучала і перадаць у Кунсткамеру для ўсеагульнага агляду, — закамандаваў Аляксандр II.

— Ваша Імператарская Вялікасць, будзе зроблена, — пстрыкнуў абцасамі галоўны распарадчык Белавежскай пушчы.

— І яшчэ, паклічце гэтага смельчака, які выбег за сабакам пад стрэлы, — хрыпла дадаў імператар, і ў суправаджэнні світы накіраваўся ў сваю ложу.

Паручнік пабег выконваць просьбу манарха. Знайшоў Рыгора хутка.

— Рыгор! Цябе тэрмінова жадае бачыць сам імператар, — цяжка дыхаючы ад бегу, скрозь зубы працадзіў паручнік.

Ціхан падышоў да брата і паправіў на ім мундзір.

— Давай, трэба ісці. Рыка я павартую.

Рыгор моўчкі накіраваўся за паручнікам. Узышоў у царскую ложу, прыклаў руку да фуражкі і адрапартаваў:

— Ваша Імператарская Вялікасць, па вашым загадзе прыбыў.

Аляксандр II паставіў фужэр на стол і павярнуўся да яго:

— А, смяльчак! Ты чаго проста пад кулі палез?

— Ваша Імператарская Вялікасць, свайго сабаку ратаваў, — з болем адказаў Рыгор.

— Твой сабака табе такі дарагі, што ты рызыкаваў сабой, — здзіўлена падняў вочы на стражніка імператар.

— Ваша Імператарская Вялікасць, ён мне некалькі разоў жыццё ратаваў, — шчыра адказаў стражнік.

— Тады ўсё зразумела. Ну што ж, гэта пахвальна. З нагоды згубы сабакі прымі мае спачуванні. Мне генерал гаварыў, што цябе мой бацька ўзнагароджваў?

— Так, Ваша Імператарская Вялікасць, узнагароджваў, вось гэтай шабляй, — стражнік пляснуў левай рукой па дзяржальні шаблі, якая вісела на баку.