Калі дзед з унукам паснулі, Малання з уздыхам прыбрала Рыкаў дыванок у камору.
Рыгор ехаў конна начной дарогай. Горыч страты сабакі не давала ні аб чым іншым думаць. Яго думкі зноў і зноў вярталіся ў мінулае. Дарогай насустрач ішлі людзі з свята. Начную цішыню перарываў смех і радасныя гутаркі простых людзей, якія дзяліліся ўражаннямі.
Стражнік даехаў да ракі Нараўкі, дзе належала несці службу, ахоўваючы намётавае мястэчка. Цэлыя тушы забітых дзікіх жывёл гатаваліся на ражнах над вогнішчамі. Запечанае мяса разразалася на невялікія кавалкі і раздавалася ўсім, хто жадаў. З бочак налівалася віно. Гарэлі сотні вогнішчаў, а вакол стаялі, сядзелі, ляжалі тысячы вясёлых людзей.
Працы было шмат; люд на падпітку абавязкова жадаў бачыць імператарскую ложу і альтанкі. Маладыя стралкі і стражнікі ўсімі сіламі адваджвалі і адганялі цікаўных. Некаторых свавольных гулякаў нават давялося вязаць вяроўкамі.
Перад світанкам усе стаміліся ад начнога гуляння. Моцна хмельных грузілі на падводы і адвозілі далей з паляны ў процілеглы бок ад галоўнай сядзібы. Неўзабаве месца палявання было ачышчана ад простага люду.
З надыходам дня пачалі пад’язджаць карэты і брычкі высакародных асоб. За гадзіну да пачатку новага палявання прыбыў сам імператар са сваёй світай.
У палове адзінаццатай з імператарскай ложы ізноў прагучаў сігнал і тысяча людзей зноў шчыльным ланцугом пад гукі паляўнічых ражкоў і брэх сабак рушыла ў загон.
Сярод гэтых людзей у старых, часам і залатаных мундзірах ішлі былыя падлоўчая, стражнікі, ляснічыя, аднадворцы, адстаўныя афіцэры і салдаты з унукамі і сынамі. Разам з імі плячо ў плячо ішлі колішні стражнік Селіван Ян і яго чатырнаццацігадовы ўнук Селіван Глеб. Гэтыя людзі мелі гонар ад таго, што прымаюць непасрэдны ўдзел у царскім паляванні. Для ўдзельнікаў гэта было вялікае і маляўнічае свята, паданні аб якім яшчэ доўгія гады будуць перадавацца з пакалення ў пакаленне.
Аблаўшчыкі ачапілі ў векавым лесе велізарную прастору і ішлі здалёку, так што нават брэх сабак, спушчаных з смычак, не далятаў да слыху паляўнічых, якія сядзелі ў альтанках.
Спачатку на паляне з’явіўся адзін сабака, які ці вырваўся раней часу, або які адбіўся ад зграі яшчэ на ўчарашнім паляванні. Ён, водзячы па зямлі носам, перасек паляну і праслізнуў між альтанкамі з паляўнічымі. Праз некаторы час да слыху паляўнічых ужо выразна даносіліся гукі ражкоў, брэх сабак і далёкі гоман — гэта людская і звярыная лава рухалася з нетраў пушчы.
Неўзабаве на паляну адзін за адным пачалі выскокваць дзікія звяры, гнаныя зграямі ганчакоў. Звар’яцелыя жывёлы кідаліся ў розныя бакі і падалі пад стрэламі з царскай ложы і альтанак.
Стражнікі стаялі з стрэльбамі напагатове.
Зноў паляна напоўнілася ровам дзікіх звяроў, брэхам сабак і гукамі бесперапыннай стральбы.
Усё жывое захлыналася ў чорным адчаі і перадсмяротнай тузе. Вішчэлі дзікі, біліся ў сутаргах і хрыпелі алені, моўчкі паміралі зубры (зубр заўсёды памірае моўчкі, не прыніжае сабе нават у смяротны час). Рэха стрэлаў разносілася па навакольным векавым лесе. Паветра прапахла порахам, і аблокі белага дыму віселі нізка над палянай. Здавалася, пушча аглохла ад стрэлаў.
Праз некаторы час сярод дрэў паказаўся натоўп. Гэта азначала канец паляванню. Як і ўчора, гасудар з світай абышоў паляўнічыя трафеі. Імператар застаўся задаволены паляваннем і шчодра, па-царску, падзякаваў галоўнаму распарадчыку і знаўцу ў гэтай справе паручніку Штральборну — павысіў яго ў званні.
Нічога падобнага дагэтуль нельга было бачыць на іншых землях, дзе не было такой пушчы. Па пышнасці, па колькасці забітага звера яна пераўзыходзіла ўсе раней знаныя ў гісторыі паляванні. Адных зуброў за два дні было забіта каля трыццаці.
Пушча заплаціла цяжкую, вельмі цяжкую даніну за гэтую планамерную і абыякавую бойню. У памяць палявання Аляксандр II уласнаручна пасадзіў каля імператарскай ложы дрэўца ліванскага кедра. Запрошаныя госці сядалі ў карэты і ўслед за расійскім манархам адпраўляліся на абед у галоўную сядзібу.
Пасля ад’езду каранаваных асоб і высокіх гасцей падлоўчыя і ляснічыя грузілі на фурманкі паляўнічыя трафеі. Разбіраліся альтанкі і намёты, тэнты скручваліся ў рулоны і грузіліся на фурманкі. Апахмеленыя вазніцы дзелавіта снавалі між фурманак, пры гэтым, падкрэсліваючы сваю значнасць, гучна лаяліся і брыдкасловілі. Ланцуг гружаных павозак расцягнуўся лясной дарогай у напрамку Белавежы. Паляна і бераг невялічкай ракі Нараўкі паступова сірацелі. Цікаўны навакольны люд разыходзіўся, для іх свята таксама скончылася.
Падвячоркам, на мокрым скакуне, да братоў пад’ехаў начальнік варты.