Выбрать главу

— Усё! Тут праца скончылася, вяртаемся ў Белавеж і там працягваем несці ахову. Трымацца, браткі, пасля адпачнём, — і паскакаў так, што пыл падняўся над дарогаю.

Браты накіраваліся ў галоўную сядзібу. Заскочылі на хвіліну ў хату, на хаду перакусілі і адправіліся несці далей вартавую службу.

У паляўнічай стылізаванай хаце ярка свяціліся вокны. Над парадным ган­кам лунаў велізарны расійскі сцяг з двухгаловым арлом. Двор вакол быў ярка асветлены паходнямі. Да глыбокай ночы працягвалася святкаванне ўдалага царскага палявання. Да трох гадзін ночы карэты адвозілі замежных гасцей у палац лесапрамыслоўца Сімунда. Астатнія начавалі ў новых хатках побач.

На світанку Рыгор неўзаметку адправіўся ў лес да стагоў з сенам. Там ён дастаў з кайстры торбу, выбіраў з сена зуброўку. Напакаваў поўную торбу, шчыльна перавязаў скураной папружкай і прывязаў да сядла.

Калі ён вярнуўся ў галоўную сядзібу, госці рассаджваліся ў карэты і рыхтаваліся да ад’езду.

Расійскі імператар Аляксандр II са сваёй світай і ўзмоцненай аховай пакінуў Белавеж яшчэ пад покрывам ночы.

Фёдар Канстанцінавіч з’язджаў з пушчы разам з міністрам дзяржаўных маёмасцей генералам Зялёным. Былы обер-фарстмайстар стаяў і размаўляў з Ціханам. Убачыўшы Рыгора, ён узрадаваўся і замахаў рукамі:

— Дзякуй богу, а я ўжо пачаў хвалявацца. Ну што, мае дарагія сябры, вось і надышоў час расстання. Не ведаю, ці ўбачымся мы яшчэ калі-небудзь. Але я ўдзячны табе, Божа, што ты даў магчымасць яшчэ раз наведаць гэты славуты куток прыроды і сустрэць надзейных і выдатных сяброў.

Браты і палкоўнік моцна абняліся. На іх вачах былі слёзы.

— Ваша высокаблагароддзе, Фёдар Канстанцінавіч, у мяне да вас ёсць просьба. Калі прыедзеце ў Пецярбург, перадайце нашым зубрам пачастунак з Белавежскай пушчы, — Рыгор працягнуў обер-фарстмайстру торбу з пахкай гаючай травой: лясным бальзамам і зуброўкай.

Стражнік Белавежскай пушчы ехаў конна ў напрамку свайго дома. Перад вачыма стаяла жудасная карціна царскага палявання. Рыгор ніяк не мог зразумець такую бойню. Навошта забіваць столькі? Сотні аленяў, дзікоў, ласёў, зуброў. Царскае паляванне нашмат зменшыла звярынае насельніцтва пушчы. Пушча змоўкла і сцішылася. Здавалася, яна зрабілася нямой. Толькі чуваць, як шумяць лясныя волаты-дубы.

Стражнік ехаў, смутна апусціўшы галаву. Нібыта ён быў сам вінен у тым, што адбылося. У грудзях ад крыўды шчымела сэрца, а ў галаве цясніліся гаротныя думкі. Стары жарабец, узмахваючы чорнай грывай, павольна цягнуўся лясной дарогай.

Раптам прычуўся далёкі асенні крык аленя. Стражнік нават уздрыгнуў ад нечаканасці. Тузануў повад, затрымаў Каштана. Сядзеў у сядле і слухаў далёкі мілосны гук, як песню. Яго твар кранула ўсмешка. Праз нейкі момант, нібы ачнуўшыся, зноў тузануў павады. Праехаў з вярсту і павярнуў жарабца на ледзь прыкметную сцяжынку, якая вывела на паляну. Там сіратліва стаялі агароджаныя стагі сена.

Гэта быў яго абход, праз які наганялі звяроў у напрамку царскай паляўнічай забавы.

Стражніку стала сумна. Яму падалося, што цяпер да стагоў не прыйдуць яго выхаванцы. Ён сядзеў у сядле і ўспамінаў свой зубрыны статак. Пэўна, усе загінулі на тым паляванні. Выцершы рукавом слязу, стражнік скіраваў жарабца да першабытнага кутка пушчы. Туды, дзе знаходзіліся дуб і святы камень. Яму раптам захацелася папрасіць прабачэння ў тысячагадовага волата.

Жарабца пакінуў на маляўнічай паляне. Праз некатары час ён ужо стаяў ля дуба і размаўляў з ім. Стражнік жаліўся дубу як жывому чалавеку, як свайму сябру, як бацьку. Расказаў аб усім, чаго быў сведкам: пра царскае паля­ванне, пра абыякавую бойню жыхароў пушчы, пра гібель зуброў, пра страту Хрэсніка і Рыка, пра ўсё тое, што накіпела на сэрцы.

Стражнік укленчыў і ад імя людзей перапрасіў у цар-дуба за здзекі і стра­ты. Падняўся з каленяў і зірнуў на верхавіну.

Стройны, як калона, у мноства абхватаў ля зямлі, дасканалы ў сваёй велічнасці і зграбнасці дуб раптам счырванеў, нібыта на яго села жар-птушка, азараючы магутную верхавіну крыламі. Стары дуб быў сведкам усёй пісанай гісторыі Белавежскай пушчы, сведкам гісторыі беларускай зямлі. Ён стаяў тут, калі яшчэ пушчу насяляла дзікае і ваяўнічае племя ятвягаў. Велізарны дуб быў сведкам палявання Вялікага князя Вітаўта, калі пушча ахвяравала тысячы лясных жыхароў на знакамітую Грунвальдскую бітву. Быў сведкам палявання каралёў Баторыя, Аўгуста ІІІ, а цяпер і расійскага цара.

Здавалася, зараз дрэва нешта скажа, але дуб маўчаў, толькі зрэдку з яго падалі асеннія лісты ды шпокалі аб галіны жалуды.