У гэты час, калі мужчыны вялі гутарку на кухні, у суседнім пакоі пачаўся самы вялікі цуд прыроды — таемнасць нараджэння новага чалавека. — Малання пачала ціха енчыць.
Пачуўшы стогны, мужчыны адразу сцішэлі, і гутарка спынілася.
Старая дастала са свайго вузельчыка шырокі пояс, зроблены са скуры лобнай часткі галавы зубра1.
Разгарнула пасак і беражна паклала на вялікі жывот парадзіхі. Запаліла свечку і ўручыла дачцэ Марыі. Тая прысела на краі ложка побач з Маланняй, трымаючы свечку перад яе тварам. Ганна ўстала каля ўзгалоўя, узяла рукі нявесткі і пачала прымаўляць:
— Тужся. Мацней тужся, дарагая. Яшчэ тужся, даражэнькая...
Старая распачала рытмічна стукаць венікам у столь, чытаючы пры гэтым аднастайна малітвы і замовы. Выглядала яна ў гэты момант нібы шаман.
Раптам стук спыніўся, і разам са стогнамі Маланні стаў чутны голас старой:
— Давай, выходзь, давай, ідзі да мяне, давай, маё золатка, ідзі. Добры мой. Мая залатая дзетачка, ідзі да мяне.
Пачуўся цяжкі ўздых, паляпванне рукі, і раптам прагучаў доўгачаканы ўсімі крык нованароджанага. Слабенькі, але на ўсю хату, на ўвесь свет — крык.
Двое старэйшых мужчын з палёгкай уздыхнулі. Рыгор працягваў сядзець, здранцвеўшы, без руху.
Расчыніліся дзверы, і пачуўся голас мамы:
— Рыгорка, ідзі хутчэй сюды.
Ён падняўся, на аслабелых нагах увайшоў у пакой. Тое, што ўбачыў пры святле свечак, яшчэ больш збянтэжыла яго.
Малання ляжала на ложку. Бабуля трымала правай рукой чырвонае дзіця за ногі ўніз галавою.
Старая ледзь чутна сказала:
— Рыгорка, бяры нажніцы і перарэж вось тут пупавіну. Толькі асцярожна.
Як гэта зрабіў, памятаў слаба. Яшчэ трохі, і ён гатоў быў бухнуцца на падлогу.
Пачуў голас старой:
— Малайчына, а цяпер ідзі, цалуй Маланню, дзякуй за сына.
Рыгор пацалаваў жонку, павярнуўся, ідучы навобмацак, накіраваўся да дзвярэй. Мама спыніла яго, забрала нажніцы. Пераступіў парог, зачыніў за сабой дзверы, абапёрся аб вушак і павольна пачаў з’язджаць на падлогу.
Дзве пары моцных рук падхапілі яго і пацягнулі да стала. Ён толькі перастаўляў ногі. Пасадзілі на лаву. Цесць хутка наліў поўны келіх гарэлкі і паднёс да рота Рыгора.
— На! Выпі хутчэй!
Рыгор выпіў без перадыху.
— У мяне сын! Ы-ы-ы...
Убачанае і перажытае перапоўнялі яго пачуццямі. Слёзы пырснулі з вачэй. Не стрымліваючы сябе, гучна заплакаў, як у дзяцінстве — наўзрыд.
Двое мужчын апусцілі галовы. Кожны з іх мусіць успомніў сябе пры нараджэнні першых дзяцей. Не, яны не сталі кпіць з яго плачу. На іх тварах блукала ўсмешка. Яны з разуменнем ставіліся да слёз. Гэта былі слёзы ў адно імгненне пасталелага мужчыны, слёзы сапраўднага вялікага чалавечага шчасця.
Яму зрабілася адразу ж лягчэй, ён супакоіўся і ўсміхнуўся. Зрабілася, нават трохі няёмка за свае слёзы перад блізкімі людзьмі.
Бацька супакоіў яго, а Мікалай падняўся з-за стала і, распрануты, накіраваўся на вуліцу. Вярнуўся праз хвіліну, несучы пад рукой плеценую з лазы дзіцячую калыску.
— Трымай, Рыгорка, ад мяне падарунак, у ёй калыхалі тваю жонку.
Рыгор прыняў гасцінец з падзякай і сказаў:
— У мяне да вас ёсць просьба.
— Дарагі зяцёк, у такую радасную хвіліну прасі што хочаш, — з гонарам адказаў Мікалай.
— Можна, каб бабуля Марфа пажыла ў нас? Дапамагла Маланні ў першы час па гаспадарцы і з дзіцём, ды і мне весялей будзе.
— Э-э, зяцёк, дарагое просіш, — заміргаў вачыма Мікалай. — А як жа я без старой буду? І дачку забраў, і цешчу, усё забраў, сіратой мяне пакінуў. Бачыце, якая ў мяне выдатная цешча, яна ўсім патрэбна.
І прадоўжыў:
— Толькі ў жыцці ёй не пашанцавала. Нядоўга яна пражыла з мужам, гадоў дзесяць. Загінуў ён, небарака, на пажары. Працаваў, як і мы, стражнікам ва ўрочышчы Пашукі.
— Мікалай, гэта на тым вялікім пажары ў 1811 годзе? — удакладніў Ян.
— Бадай так, у нешчаслівым 1811 годзе, — цяжка крэкнуў, нібы глынуўшы чарку, Мікалай. — Я хлапчуком быў, гадоў пятнаццаці, і добра ўсё памятаю. Тады, увесну, стаяла гарачае надвор’е, ні кроплі дажджу. Было шмат сухой леташняй травы. І вось дзесьці ў канцы траўня ў пушчы ўспыхнуў страшны пажар. З неймавернай сілай і шпаркасцю ахапіў лес на велічэзнай адлегласці. Для тушэння пажару сагналі тысячы людзей, залівалі агонь вадой, капалі равы — нічога не дапамагала. Агонь змяёй выгінаўся і абхопліваў велічэзныя павалы, проста на вачах спальваў векавыя дубы. Звяры, ратуючыся ад полымя, беглі, не ведаючы куды, але агонь быў хутчэйшы. Гэты страхотлівы пажар лютаваў чатыры месяцы. Потым, першага кастрычніка, нечакана ўвесь далягляд завалакла чорная хмара, і пайшоў такі дажджышча, якога ніхто не памятае. Дождж ліў, не пераставаў увесь дзень і на ўсёй прасторы, занятай агнём, пажар быў цалкам патушаны. Шкоды і страты, прычыненыя пажарам, былі жахлівыя. Дагэтуль можна вызначыць межы таго страшнага пажару, — трохі памаўчаўшы, зноў зрушыў свой аповед Мікалай.