Выбрать главу

— Вось тады, у самым пачатку пажару, яе муж Глеб з двума іншымі стражнікамі, разам са статкам зуброў, апынуліся ў коле агню. Глеб сцяміў, як вывесці статак. Яны спрабавалі накіраваць яго да ракі, каб жывёлы выплылі па вадзе. Але зубры ад пажару звар’яцелі і кідаліся на людзей. Яны і ў паветра стралялі, і прыкладамі іх білі — цудам скіравалі. Статак выратаваўся, выплыў. А з трох стражнікаў толькі адзін уратаваўся. Дваццаць гадоў хлоп­цу было, таму, што застаўся ў жывых. Ён зусім сівы да людзей выйшаў, як гэты абрус, ледзь яго пазналі. Потым звар’яцеў. Людзей перастаў пазнаваць. Усё нейкія галасы чуў, зрабіўся нелюдзімым. Глеба і яшчэ аднаго стражніка знайшлі праз тыдзень, недалёка ад ракі. Па стрэльбах апазналі. Разам з самкай зубра і малым зубранём абгарэлыя ляжалі. Або звар’яцелы статак, калі нёсся да ракі, іх затаптаў, або задыхнуліся яны, ратуючы зубрыцу з цяляткам. А ўрэшце — хто ведае? Ніхто не бачыў, як гэта было. Марыйцы, маёй жонцы, тады дзевяць гадоў споўнілася, а яе брату — тры гады. Цешча іх сама выгадавала, другі раз замуж не пайшла, хоць і былі такія прапановы. Сваты пару разоў прыязджалі, а яна ні ў якую. Кахала яна Глеба, моцна кахала. Гэтулькі гадоў мінула, а яна ніяк не можа яго забыць. Сядзе ля акна і размаўляе з ім, нібы з жывым.

— Хе-хе! Так, сват, — гісторыя, — цяжка ўздыхнуў Ян. — Як успомніш, страшна становіцца. Я, дарагі сват, гэты пажар таксама добра памятаю. З бацькам і дзедам тушылі. Такога я больш ніколі не бачыў. Уявіць нават цяжка, што ім, небаракам, тама, сярод агню і звар’яцелага статка, прыйшлося перажыць. Глеб, царства яму нябеснае, сапраўдны быў мужчына.

Праз некатары час на кухню ўвайшлі жанчыны.

Бабуля паднесла палец да вуснаў, паказваючы, каб не шумелі. Яна падышла да Рыгора і працягнула нешта загорнутае ў палатно.

— Рыгорка, гэта пупавіна твайго сына. Пакладзі ў зацішнае месца, жада­на на печы. Калі прыйдзе вясна і растане зямля, абавязкова закапай пад яблыняй. Трымай.

Стражнік прыняў скрутак і беражна паклаў на выступ печы.

Мікалай хацеў наліць старой віна, але яна накрыла келіх рукою.

— Прысядзь. Хачу, каб мне Рыгорка наліў.

Стражнік кінуўся наліваць віно бабулі, маме і цешчы. Цесцю нічога не заставалася, як наліць мужчынам гарэлку.

Старая падняла келіх.

— Давайце вып’ем за майго праўнука. Каб ён рос здаровым і прыносіў радасць усім нам. Каб не хіліў галаву перад цяжкасцямі і не задзіраў яе перад слабымі.

Яе шумна падтрымалі.

Затым старая расказала пра старадаўні звычай.

.. .Кажуць, калісці перад родамі муж доўга глядзеў жонцы ў вочы, а потым знікаў з хаты. Ішоў у пушчу і там крычаў і біўся аб дрэвы. І жонкі раджалі лягчэй. А мужчыны, кажуць, нават адчувалі боль, яны нібыта бралі частку пакут на сябе. Гэта звалася кувада.

Так яны і праседзелі ўсю ноч разам за сталом, гутарачы пра жыццё. Толькі часам старая выходзіла ў пакой да Маланні і да праўнука. У гэтую ноч Рыгор пачуў шмат цікавага з аповедаў блізкіх і родных яму людзей. Гэта быў адзін з тых шчаслівых момантаў, якія бываюць у кожнага чалавека. Момантаў, якія запамінаюцца на ўсё жыццё да глыбокай старасці, да смерці.

3. Ваўкі

Наступнага дня раніцай да вартоўні пад’ехалі сані. Мужчына гадоў трыццаці адчыніў вароты і ўехаў у двор.

Рыгор у гэты час быў у каморцы і разглядаў шкуркі куніц. Сабака знаходзіўся побач. Раптам ён насцярожыўся і ціха гыркнуў, усім сваім выглядам паказваючы, што нешта чуе.

Тым часам мужчына пастукаў у дзверы і азваўся.

— Рыгор, ты дзе?

— Гэй! Леанід Міхайлавіч, уваходзьце, уваходзьце, калі ласка.

— Выйдзі! А то пасля белага снегу я нічога не ўбачу, а трэба разгледзець добра.

Рыгор надзеў бравэрку, клікнуў сабаку, і разам выйшлі на двор.

— Аг-га! Бачу, нездарма прыехаў. Як твой бацька і казаў, прыгажун. Тако­га сабакі ў нас не сустракаў. Хтосьці ехаў гасцінцам і згубіў. Да нас на паля­ванне з такімі сабакамі не прыязджалі. — Лоўчы не зводзіў вачэй з сабакі.

— Леанід Міхайлавіч, хадзем хутчэй у хату, а то вы ў дарозе закалелі, — прапанаваў стражнік.