У іншых жа камерах сядзелі розныя людзі — розных злачынстваў і нацыяў. Тым было значна горш — ні пагутарыць, ні паразумецца. Адно маўчалі дзень пры ночы.
Але, як вядома, чалавек уладкаваны гэткім чынам, што калі добра, дык хочацца, каб і яшчэ лепш. Тое, мабыць, зразумелі і вязьні абедзьвгох камераў, у якіх пачаўся спантанны рух за аб’яднаньне. Яно і сапраўды: навошта пасаджаных па адной справе трымаюць у розных месцах, калі можна сабраць у адным. Зручнасьці відавочныя — і для зьняволеных, і для начальства. I пагаманіць, агулам зразумець памылкі і хібы барацьбы, дамагчыся выкрыцьця здрайцаў. Зноў жа, калі ўсе разам, дык можа ўсіх не пакараюць сьмерцю, можа агулам дамогуцца волі?
Найперш сваю думку вязьні ўвялі ў вушы наглядчыкаў, затым у выглядзе скаргі напісалі адміністрацыі: што і меншыя будуць затраты на ахову, і на ацяпленьне зімой, і стане лацьвей наглядчыкам. Быў і яшчэ адзін момант таго аб’яднаньня, хоць і трохі рызыкоўны для вязьняў. Рэч у тым, што наглядчыкам у Кутняй камеры быў увогуле неблагі чалавек, нават сімпатычны з выгляду, прыгожы і ўсьмешысты, які ніколі нікога ня біў. Затое наглядчыкам Даўгой быў сапраўдны зьвяруга — і ў паводзінах, і ў паставе, трапіць пад яго ўладу было б жахліва. Праўда, у адносінах да вязьняў тыя іх якасьці ня надта выяўляліся — усім у турме кіравалі зацьверджаныя наверсе правілы турэмнага рэжыму, якія строга выконваліся. I ўсё ж вязьні дужа спадзяваліся, што аб’яднаюцца яны ў Кутнюю, так прынамсі хацелася. А дзе хаценьне, там і спадзяваньне.
Большасьць прыхільнікаў таго была ў абедзьвюх камерах, хоць і там і там знаходзіліся і песімісты. Ныцікі і недавяркі. Ныцікаў і недавяркаў, канешне, не любілі на волі, пагарджалі імі і ў турме.
Такім недавяркам у Кутняй быў стары авечы стрыгаль. На ўсе гарачыя захады энтузіястаў аб’яднаньня ён толькі скептычна чмыхаў і кідаў скупое «Усё ядна». Іншыя даказвалі, што Стрыгаль глыбока памыляецца, бо зусім відавочна, як гэта здорава сабрацца ў адно ўсім небаракам, згуртавацца, каб хоць раз памаліцца разам свайму Богу. Ці ж гэта добра, гібець разьяднанымі ў розных куткох, нават на розных паверхах, пад розным начальствам, адзін з якіх зьвер, а другі быццам і нічога. Ці справядліва тое? Стрыгаль, усё моўчкі выслухаўшы, нязьменна кідаў сваё: «Усё ядна» і спыняў размову.
У Даўгой скептык быў іншага складу — той вёў працяглую спрэчку, у тым сэнсе, што турэмнае начальства ніколі ня пойдзе на саступку вязьням, ніколі не дазволіць ніякага аб’яднаньня, бо аб’яднаньне яму нявыгаднае, а то і небясьпечнае, што трэба з тым прымірыцца, па-дурному ня траціць сілы. Можа так здарыцца — астатнія сілы перад канцом. Але чым болей ён гарачыўся ў спрэчках, тым зласьлівей насядалі на яго апаненты. Некаторыя ўжо пачалі называць яго здраднікам. Тым болей, што на волі ён быў паліцыянтам і меў прозьвішча Гусак.
Апантаным энтузіястам аб’яднаньня дзьвюх камераў быў Паляноўскі, высокі схуднелы вязень, што хварэў на сухоты. На волі ён шчыраваў партыйным функцыянерам, меў адмысловы прапагандны досьвед і дужа ўмеў гаварыць — агітаваць і пераконваць. Звычайна тое і рабіў да абеду, а пасьля абеду сядзеў, прыпёршыся да сьцяны — абдумваў новыя аргументы. Вязьні ўвогуле слухалі яго з цікавасьцю. Галоўнае з тае прычыны, што ён умеў бачыць надзею. Бальшыня з ім пагаджалася. Адзін толькі Стрыгаль дэманстратыўна маўчаў, і калі ў яго пыталіся, адказваў нроста: «Усё ядна. Сьмерць».
Людзі пацспвалі плячыма і адварочваліся — каму тут хацелася разважаць пра сьмерць? Асабліва, калі яна і напраўду стаіць у кожнага за плячыма. Але ж чалавек, пакуль жыве, схільны разважаць пра жывое. I спадзявацца.
А Стрыгаль толькі маліўся.
Тым часам на волі штось адбылося — новае паўстаньне, ці што? Нсяк поччу ў замку пачуўся гоман, шмат галасоў і тупат шматлікіх ног — то прывялі вялікую партыю вязытяў. I тады, можа з тае прычыны, што спатрэбіліся вольныя камеры, ці з якой іншай, даўняя мара вязьняў была зьдзейсьненая: зьняволеных з дзьвюх камераў сагналі ў адну. Якраз у Кутнюю. Тут стала цесна і тлумна, але і радасна. Паляноўскі адразу наладзіў штось падобнае на мітынг, на якім дужа горача мовіў пра адзінства, сілу і згуртаванасыдь. Вязьні з дзьвюх камераў аж выціралі сьлёзы радасьці, абдымаліся і цалаваліся. Нават ныцік Гусак прасьвятлеў з твару і абняў некалькі чалавек з Кутняй. Толькі Стрыгаль па-ранейшаму сядзеў у кутку самотны, і калі ў яго запыталіся, чаму ён ня радуецца, паныла махпуў рукой.