Мабыць, яго тады мала хто зразумеў, шмат хто падумаў: дурны стары. Усе бачылі несумненную выгоду нечаканага аб’яднаньня — ужо хоць бы тое, што пазбыліся зьвераватага наглядчыка і апынуліся ўсе разам. А гэты, наглядчык Кутняй, нават прыемна ўсьміхаўся і нікога ня выцяў за час пярэбараў. Ужо тое давала надзею.
Спалі ноччу ў цеснаце, покатам на бетоннай падлозе, але амаль шчасьлівыя. Нагаварыўшыся, наабдымаўшыся. I нават забыўшыся на песімістаў Стрыгаля і Гусака. Дый на наглядчыкаў таксама. Аднак тыя, мабыць, пе забыліся на іх. Яшчэ не разьвіднела, як цяжкія дзьверы-вароты камеры расчыніліся, і сонныя вязьні ўбачылі ў іх жаўнераў — шмат жаўнераў — і ўсьмешыстага наглядчыка, які з той самай лагоднай усьмешкай грымотна скамандаваў:
— Па адным — на выхад! Ліквідацыя…
Некалькі дзясяткаў вязьняў сьпярша зьбянтэжана маўчалі, бы не разумеючы, чаго ад іх дамагаюцца. Але хутка ўсё стала надта зразумела і жахліва, і яны па адным пачалі выходзіць у дзьверы.
Апошнім нясьпешна выйшаў Стрыгаль. Цяпер ужо ніхто не папракнуў яго, і той напасьледак злосна плюнуў на парог камеры Кутняй: пад ранак ён таксама паверыў, што ўсё неяк абыдзецца…
Абязбожаны люд
Народ дужа верыў у свайго Бога і спрадвеку маліўся яму. Нават калі жылося няблага, не было войнаў, голаду ды іншых пошасьцяў, людзі хадзілі ў цэрквы і шчыра маліліся. Цэрквы былі старыя, ня надта шыкоўныя, збудаваныя з каменю ці дрэва. Але заўжды ў іх тоўпіўся люд, гарэлі сьвечкі і чуліся пранікнёныя словы вернікаў. Асабліва ў нядобры час, у пару войнаў ды ўсялякай бяды і нягоды, якіх на гэтай зямлі хапала.
Але во насталі іншыя часы. Невядома адкуль насунулася панявсрка, людзі засумняваліся і загаварылі пра тое, што Бог не ўсемагутны. Колькі было бяды і няшчасьця, а ці памог ён хоць каму-пебудзь? Казалі, што не. Таму ці варта марна маліцца, шмат часу аддаваць Богу, царкве і сьвятарам, у якіх бязбожная ўлада згледзела ворагаў, ашуканцаў, а пасьля і шпіёнаў. У газетах былі выдрукаваныя адпаведныя факты і сьведчаньні, знойдзеныя падставы, паводле якіх сьвятароў належала зынішчыць, і тады, казалі, жыцьцё адразу палепшае. Так было і вырашана. Сьвятароў пасадзілі ў турмы, ішлых саслалі ў сьцюдзёны край, а то і расстралялі. Царкоўнае майно, што назапашвалася цягам стагоддзяў, расьцягалі па ўстановах, прадалі за мяжу. Грошы, казалі, патрэбныя, каб галоднаму люду купіць хлеба. Купілі ж зброю і рыштунак для войска і паліцыі. Паліцыя была болей патрэбная ўладзе, чым згаладнелыя, нямоглыя людзі. З купалоў пакінутых цэркваў пазьдзіралі паржавелыя крыжы, паразьбівалі каляровыя вітражы і вокны. Дождж ды сьнег давяршылі непазьбежную справу заняпаду. Рэлігія сканала.
Ня стала ні сьвятароў, ні іерархаў, ні цэркваў. Зарослыя крапівой ды быльнягом руіны горбіліся ў паселішчах ля апусыделых гандлёвых плошчаў.
Але мінаў час, а жыць лепей ня стала. Людзі не хадзілі ў цэрквы, затое тоўпіліся ў шынках ды корчмах. Пілі, як ніколі. Ніхто, апроч сварлівых жонак, не забараняў таго, але хто слухае жонак? Улады ж самі падахвочвалі народ піць, бо мелі хранічную няўпраўку з бюджэтам. Распуста, гвалт і забойствы дасягнулі небывалых памераў, ад п’яных канфліктаў народ траціў ці ня больш, чым ад войнаў. Войны ж між тым выбухалі, як і раней — на жыцьці кожнага пакаленьня. Як толькі сыны ў бацькоў дасягалі дваццаці гадоў, дык распачыналася новая вайна. Ваяваць маладыя ішлі з вялікім імпэтам, а вярталіся з заўсёднай нягегласьцю. Не зважаючы на тое, перамагалі ці апыналіся пераможаныя. Перамога нікому не прыносіла выгодаў, а толькі новыя клопаты.
Тады праз нейкі працяглы час успомнілі пра Бога. Недзе наверсе ўлады вырашылі, што зрабілі памылку, выракшыся Бога. Народу патрэбны Бог — гэтаксама, як і хлеб і гарэлка, зразумелі кіраўнікі і дазволілі мець Бога.
У краіне пачалі аднаўляць Царкву, выладкоўваць яе складаную іерархію. Іерархаў набралі хутка, асабліва вышэйшых. Частка перайшла з расчараваных у палітыцы інтэлігентаў, частка рэкрутавалася са сьпецслужбаў. Кадры сьпецслужбаў наогул паважаліся ў краіне, бо не падманвалі ўладу ніколі. Якое заданьне атрымвалі, тое і выконвалі — хутка і бяз роздуму.
У гарадох і вёсках кінулі будаваць клубы ды сьвінарнікі — дружна ўсчалі мураваць храмы. То былі выдатныя будоўлі, на іх скарыстоўвалі замежную тэхніку і лепшыя матэрыялы. Праектаваньнем займаліся наваствораныя праектныя арганізацыі, найлепшыя мастакі расьпісвалі сьцены і купалы на эвангельскія тэмы. Купалы скрозь зьзялі сьвежым сусальным золатам. Званы адлівалі ў старых індустрыйных цэнтрах, а таксама на прадпрыемствах ВПК, гучалі яны, бы арганы. Мантаж рабілі з дапамогай магутных кранаў пераважна нямецкай вытворчасьці — хутка і бездакорна. План будаўніцтва храмаў выконваўся пасьпяхова.