Але тут падышла праблема, якую вырашыць стала няпроста: зьнік Бог. Колькі таго ні клікалі — не адгукаўся. Запусьцілі ў неба касманаўтаў, ды тыя толькі лёталі, трацілі грошы, а Бога ня бачылі. Мяркуючы па ўсім, Бог сыйшоў, адцураўся грэшных людзей. Але як жа было бяз Бога? Не перарабляць жа шыкоўныя цэрквы на збожжасховішчы ды сьвінарні.
Тады вырашылі стварыць уласнага, Зямнога Бога, які, канешне ж, будзе нават лепшы за Бога Нябеснага. Усё ж свой, ведае патрэбы людзей, сам — з народу. Правялі рэферэндум, і 99,99 адсоткаў выказаліся за Зямнога Бога. Выбары яго адбыліся адмыслова дэмакратычна — тайна і ўсеагульна, кожны выбаршчык меў адзін голас; сусьветная супольнасьць іх ухваліла. Выбралі, вядома ж, самага вартага для тае высокае пасады. Паколькі самыя вартыя знаходзіліся ў сьпсцслужбах, адтуль і ўзялі Зямнога Бога. Ім аказаўся самы для таго здатны — дужа адукаваны (скончыў аж тры ВНУ: партшколу, АГН і ВІП КГБ), доктар і прафесар, меў цудоўную мянушку «Крышталь», гуляў у футбол, тэніс, валейбол, хакей, таксама як у прэферанс і ў дурня. У якасьці Зямнога Бога ўсім абяцаў тое, што ад яго хацелі: мужчынам — танную гарэлку, жанчынам — прыгожых мужчын, вайскоўцам — шмат зорак на пагоны і грудзі, пенсіянерам — кучу «зайцоў». Краіна была ў захапленьні ад уласнага Зямнога Бога.
Паводле адмысловай пастановы аднойчы ўвосень у адзіны для краіны дзень усчаліся арганізаваныя набажэнствы. То было дужа ўрачыстае й прыгожае мерапрыемства. Прываліла безьліч згаладнелага па веры народу, усе глядзелі, слухалі, захапляліся царкоўным антуражам — можа, болей, чым па рок-канцэртах. Некаторыя нават хрысьціліся — справа налева ці наадварот, бо ўжо забыліся, як трэба. Іншыя, трохі пастаяўшы на імшы, выбіраліся на вальнейшае месца і пыталіся: дзе буфет? Буфету чамусь не было — ня тое, што на звыклых дэпутацкіх выбарах. Што гаварылі сьвятары — ня дужа слухалі, бо і не разумелі. Кіраўнікі, што нядаўна яшчэ змагаліся з рэлігійным дурманам, стаялі наперадзе са сьвечкамі ў руках, хоць таксама мала што разумелі. Хіба рабілі выгляд. Бачна было — чакалі, калі тая нудота скончыцца і можна будзе пайсыді традыцыйна адзначыць пачатак важнае справы.
Спакваля, аднак, сталі прывыкаць да царкоўных службаў, стаяць і нават маліцца. Маліцца — гэта значыць прасіць у Зямнога Бога. Адныя прасілі здароўя, другія шчасьця ці хлеба. Начальства маліла асігнаваньняў на гаспадарку, якая за бязбожныя гады зазнала вялікі заняпад. Прадпрымальнікі прасілі крэдытаў. Ды Зямны Бог пасьля выбараў бы аглух — нічога не даваў нікому. Толькі браў. Хлапцоў — у салдаты, грошы — на падаткі, здароўе — у старых, свабоду — у маладых. З цягам часу народу ў цэрквах стала ўсё менець. Хадзілі ўжо толькі па вялікіх сьвятах, і то болей старыя. У моладзі здаўна было іншае захапленьне — дыскатэкі і канцэрты поп-музыкі.
А пасьля цэрквы і зусім абязьлюдзелі, ніхто туды не хадзіў. Выдатнае царкоўнае ўбранства — абразы ды пазалоту — усе ўжо бачылі, слухаць жа там не было чаго — па тэлевізары прамаўлялі цікавей.
Кіраўніцтва таксама ня дужа шчыравала, рэдка паяўляючыся на службах. Іерархі і сьвятары скардзіліся на несьвядомасьць вернікаў і хадайнічалі, каб сьпецслужбы паспрыялі. Тыя згаджаліся, што справа дрэнь, і ўспаміналі нядаўняе старое. Што старое — ня ёсьць усё кепскае, што і ў старым было шмат добрага. Напрыклад, прымус па формуле: добраахвотна, але абавязкова. Як некалі падпіска на пазыку або выбары дэпутатаў. Калі дзе што не атрымвалася, выручаў прымус. Прасілі ў Зямнога Бога санкцыю на прьшус, які ён ахвотна даў у неабмежаванай колькасьці. Бо, як казалі, браў прымус з Космасу, дзе яго было процьма. Кіраўніцтва за тое дужа палюбіла ўласнага Зямнога Бога і пачало дружна маліцца за яго.
А просты люд зноў упаў у нэндзу і паняверку. Як ні круці, зноў павярнуўся да звыклага, ці не з паганскіх часоў ідалу — яе сьвятасьці Бутэльчыны. На самадзейна-дэмакратычнай падставе ў краіне пачалася кампанія за будаўніцтва адпаведнага сімвалу — меркавалася цыклапічнае збудаваньне са шкла, бетону і сталі на самай цэнтральнай плошчы сталіцы ў форме аграмаднай Бутэлькі. Быў прыняты адмысловы праект, але стрымвала адна нечаканая і цяжкавырашальная праблема — з коркам ці без. Калі з коркам, казалі, будзе недэмакратычна, калі без… Вядома, што бывае з бутэлькай бяз корка. Чакаюць блаславеньня Зямнога Бога, як ён вырашыць — так і будзе.