Пэўна ж, дачакаюцца. Але што тады будзе?
Тры словы нямых
Народ быў нямы.
Жыў на шырокай вялiкай высьпе сярод акiяну, нiякiх сувязяў зь iншымi выспамi ня меў i думаў, што ўсе астатнiя народы, якiя недзе жывуць, таксама нямыя. Зрэшты, мова ня дужа была i патрэбная нямым, — усё, чаго вымагалi гаспадарчыя, людзкiя ды сямейныя дачыненьнi, яны разумелi бяз мовы, па вачах, жэстах, рухах. Нiякай балбатнi ў вольны час не было, бо не было вольнага часу — усе працавалi ад начы да начы. Жылi небагата, але й не галадавалi, i калi не здаралася мору, эпiдэмii цi ўрагану, дык пачувалiся амаль шчасьлiвымi. На высьпе, воддаль ад цывiлiзацыi, валадарылi мiр i спакой. Войнаў людзi спрадвеку ня ведалi.
Праўда, здаралiся выпадкi, якiя часам прымушалi людзей хвалявацца. Гэта калi на марскiм даляглядзе паказваўся вялiзны белы карабель, i зь яго на выспу ў затоцы высаджвалiся людзi. Тыя людзi былi незвычайныя. Усё ў iх было прыгожае ды разумнае — i твары, i вопратка, i начыньне. А галоўнае — яны ўмелi мовiць. Словы зь iхных вуснаў сыпалiся, бы соевыя бабы зь мяшка, i азначалi таемную сiлу, бо сьледам iшлi пэўныя дзеi i ўчынкi. Гэта было племя ГАВАРКIХ, вырашылi нямыя, бо ў iх нават прылады вымаўлялi словы — такiя маленькiя чорныя скрыначкi. Нямыя баялiся гэтых людзей, ды й паважалi таксама. Чужынцы ж, у сваю чаргу, не злавалiся на маўклiвых нямых — наадварот, усяляк давалi зразумець, што iхная немата iм падабаецца. Настолькi падабаецца, што аднойчы яны высадзiлiся на бераг i пачалi будаваць палац. Нямыя не пярэчылi — спакойнае, панылае жыцьцё на высьпе, лiчы, iм абрыдла.
Палац быў збудаваны з каменю, шкла i мэталу, якiя прывезьлi на белым караблi. А разам прывезьлi i ўладу. Улада, сказалi гаваркiя, патрэбная для нямых, бо такiм чынам яны будуць далучаныя да найлепшых дабротаў цывiлiзацыi. Нямыя паставiлiся да таго з энтузiязмам — iм хацелася далучыцца да цывiлiзацыi. Некаторыя зь лiку самых разумных цi дужых пайшлi працаваць у палац, а таксама ў палiцыю i самакiраўнiцтва. Усё тое было патрэбна выключна дзеля iнтарэсаў нямых.
Праўда, нямыя павiнны былi за тое плацiць. Была прывезена дамова пад назвай «Канстытуцыя», якая вызначала памер данiны i парадак яе спагнаньня. А таксама прадугледжвала iншыя абавязкi для нямых i прывiлеi для ўлады. Нямыя павiнны былi падпарадкоўвацца ўладзе, за што iм пакiдалася родная для iх немата. Увогуле яны былi задаволеныя, бо цалкам захоўвалiся традыцыi продкаў. Праўда, тыя, што былi пры ўладзе або ў палiцыi, хутка вывучылiся размаўляць з гаваркiмi — вядома ж, на iхнай, гаваркой мове. Iншыя былi вольныя ад тае вучобы. З часам, аднак, колькасьць прыўладных павялiчвалася, яны ўжо займелi i ўласны назоў — ГАРЫЗАНТАЛЬНIКI. Адпаведна павялiчвалiся памеры падаткаў, бо трэба ж было плацiць iм заробак.
Нямыя пачалi вохкаць i вахкаць, але маўчалi i неяк сплочвалi тыя падаткi. На бяду, у хуткiм часе стаўся недарод; як нямыя сплацiлi падаткi, самiм мала чаго засталося. Пад восень у паселiшчах нямых пачаўся голад. Вялiкiя групы iх прыходзiлi да брамы палацу i позiркамi ды гукамi прасiлi есьцi. Але есьцi iм не давалi. iхныя ж суродзiчы, што сталi прыслужнiкамi, адганялi iх ад брамы, некаторых нават пабiлi палкамi. Гэта былi першыя пабiтыя на высьпе людзi, i тое выклiкала гнеў. У паселiшчах на плошчах перад каменнымi iдаламi стаў зьбiрацца народ; узьнiмаючы ўгару рукi, людзi прасiлi заступiцца. Падобна, аднак, iдалы перасталi разумець нямых.
А голад мiж тым рабiўся невыносны. Соя i кукурудза зусiм пагiнулi на палёх ад сьпёкi, дажджу не было зь вясны. Пад восень наляцеў ураган, якi бушаваў тры днi запар i залiў выспу так, што не засталося нi калiва. Пагiнула шмат жывёлы i людзей. А жывыя зноў пайшлi да палаца.
У той час да гаваркiх прыехаў з-за акiяну iх галоўны правiцель — Вялiкi Дэмагог. Гэта быў дужы, высокi мужчына з пагрозьлiвым позiркам i вялiкiм ротам, якi не зачыняўся нiколi. У першай жа сваёй прамове, сказанай у палацы, ён абвясьцiў, што ад сёньня краiна называецца Народная Дэмагогiя, пагражаў усiм непаслушэнцам карай, шчыроўцам абяцаў узнагароды, галоўнай зь якiх была прывiлея жыць. Прыкарытнiкi зьзялi ад шчасьця, вядома ж, у спадзеўцы зарабiць найбольшую з прывiлеяў.
Жыць на высьпе рабiлася ўсё горш. Пасьля неўраджаю, голаду i ўрагану настаў мор. Нейкая злая пошасьць касiла нямых у iхных пальмавых паселiшчах, нават не было каму хаваць мерцьвякоў. Жывыя пачалi рабаваць мёртвых. Насьпяваў вялiкi маўклiвы бунт, — супраць палаца, палiцыi, гарызантальнiкаў i нават супраць iдалаў, якiя адвярнулiся ад нямых. Улады з дапамогай вялiзнае зграi прыкарытнiкаў, што ўжо збольшага навучылiся мове гаваркiх, старалiся не дапусьцiць гвалту. Дзясяткi iхных агiтатараў пешшу i на мулах хадзiлi й езьдзiлi па паселiшчах, угаворваючы нямых спадзявацца, трываць i маўчаць. Апошняе было самае важнае. Яшчэ нямым загадалi кожны дзень тры разы кланяцца ў бок палацу, палiцыянты сачылi, каб тое рабiлi па-шчырасьцi, а не прытворна. Тыя й старалiся рабiць па-шчырасьцi, але па-шчырасьцi кепска атрымлiвалася. Некаторыя з самых кемлiвых пачалi ўжо заўважаць сiлу, якая тоiцца ў слове прыгнятальнiкаў, i бясьсiльле ўласнае нематы. Адзiн зь iх, сапраўдны глуханямы, у часе ранiшнiх паклонаў на плошчы перастаў кланяцца i нешта бязладна загаманiў-залемантаваў да палiцыянтаў. Палiцыянты, вядома, такога непаслушэнства не маглi дапусьцiць i накiнулiся на яго з палкамi. Бiлi доўга й люта, глуханямы вырываўся й крычаў, ды марна. Пасьля раптам сьцiх, здалося, сканаў.