Выбрать главу

Ля мерцьвяка сабралiся нямыя, хацелi несьцi яго ў халупу, ды палiцыянты стаялi абапал i не пушчалi людзей. Атмасфэра на плошчы стала напружанай, чуўся лямант i гвалт, плакалi жанкi. I тады раптам нябожчык ускочыў, мусiць, каб бегчы. Але палiцыянты яго ўхапiлi й зноў пачалi бiць. I менавiта ў такi момант, мабыць, канаючы, глуханямы выразна й гучна крыкнуў:

— Каб вы здохлi!..

Усе на плошчы зьнямелi, здранцьвелi, гул i лямант разам спынiўся. Жах узьвiўся ў паветры i ўразiў палiцыянтаў. Сьпярша тыя два, што трымалi глуханямога, а пасьля й яшчэ два побач, бы драўляныя чурбаны, упалi патылiцай аб зямлю й не кранулiся болей.

Тады людзi, гнаныя зьдзiўленьнем i жахам, кiнулiся да глуханямога, ды ён i сапраўды быў мёртвы. Яго аднесьлi ў халупу, i ён доўга ляжаў там непахаваны. Яго баялiся хаваць, бо адчулi ў iм вялiкую, непазнаную сiлу. Ад таго часу глуханямы стаўся першым апосталам нямога народу.

Трагедыя ў паселiшчы стала такой ашаламляльнай, што нямыя на нейкi час забылiся пра ўсе няшчасьцi — голад, хваробы i ўраганы. I нават на белы палац. Усе думалi пра словы, якiя глуханямы панёс з сабой у магiлу. На нейкi час улады таксама прыцiхлi. Вялiкi Дэмагог, якi кожны дзень чытаў свае пагрозьлiвыя лiтаньнi, тры днi маўчаў. Пасьля зьявiўся ягоны ўказ, якiм навек забаранялася быццам бы паскудная мова нямых, а ягоныя гарызантальнiкi ў мэтах бясьпекi пераймяноўвалiся на ВЭРТЫКАЛЬНIКАЎ.

Ды, вiдаць, было позна. Старыя зь лiку нямых пачалi ўспамiнаць забытыя паданьнi яшчэ болей старых, якiя быццам бы сьведчылi, што й на высьпе некалi была мова. I нават прыпамiналi некаторыя словы, як напрыклад, СВАБОДА i ВОЛЯ. Некаторыя з выгнаных з палаца прыкарытнiкаў, што навучылiся там чытаць i пiсаць па-дэмагогаўску, займеўшы шмат вольнага часу, пачалi распрацоўваць мову нямых. Асаблiва ахвочай да таго стала моладзь. Мiнула паўгода, i ў паселiшчах ноччу, у полi цi ў моры на рыбным лове стала чуваць галасы. Нямыя пераставалi быць нямымi. Пад вялiкiм сакрэтам ад палiцыянтаў i вэртыкальнiкаў бераглi ў памяць тры словы глуханямога. Тых словаў баялiся, бы зараджанай зброi, ведаючы, што зараджаная зброя некалi страляе. Тое разумелi нямыя, прыкарытнiкi i ўсе гаваркiя. I апошнiя не драмалi. Побач з палацам была тэрмiнова збудавана турма, бы пчалiныя соты, разьдзеленая на цесныя каморкi, куды саджалi нямых, каб тыя не размаўлялi. Была створаная разгалiнаваная Служба Бясьпекi (СБ), што вэрбавала стукачоў. Стукачам плацiлi гарнец маiсу за кожны данос, — пры голадзе тое была немалая плата, i недахопу ў стукачах не адчувалася. Тым болей, што iхная праца мела зусiм легальны характар, i ўсе яны былi аб'яднаныя ў прафэсiйны Саюз Стукачоў (СС). Для далейшага дасканаленьня працы вэртыкальнiкаў апошнiя атрымалi новую геамэтрычную назву — ДЫЯГАНАЛЬНIКАЎ i пажыцьцёвы службовы статус. Палiцыянтам на 30 см. падаўжалiся баявыя бамбукавыя палкi i на 5 см. падымалiся тульлi фуражак, каб самыя недамеркi выглядалi ня горш за гiгантаў. На крэдыты мiжнародных банкаў была закуплена зброя масавага паражэньня i кампутарная тэхнiка. Для яе абслугоўваньня прыехалi кадры з былых сацкраiн, адкуль з прычыны тамтэйшае крызы пачалася няспынная выцечка навуковых мазгоў. Зухаватыя спэцыялiсты занялiся дасьледаваньнем апошняй у сьвеце недасьледаванай праблемы — узаемазалежнасьцi дэмагагiчнай улады i дзiкунскае мовы. На дзясятках эўрапейскiх, азiяцкiх, гiшпанскiх ды палiнезiйскiх мовах аналiзавалiся тры магiчныя словы, якiя забiлi чатырох палiцыянтаў. У той матэматычнай непрапарцыйнасьцi i палягала навуковая загадка веку.

Аднак мiнаў час, а вынiку тае працы не было нiякага. I тады Служба Бясьпекi Вялiкага Дэмагога (СБВД) дазналася, што тыя вучоныя розных навук ёсьць спрэс спэцыялiсты ў кантынэнтальных ракетах (СС-20) ды комлексах «Таполя». Разумеючы шмат чаго ва ўладзе i ракетах, яны амаль нiчога не разумелi ў мовах, тым болей, у мовах нямых. Раззлаваны Вялiкi Дэмагог прагнаў iх усiх з выспы, пакiнуўшы аднаго — самага шчырага маладога ракетчыка (якi ў тым i прызнаўся), каб ён служыў у якасьцi звычайнага шафёра — абы мець зарплату ў далярах. Праз год, аднак, высьветлiлася, што той ракетчык-шафёр зусiм не ракетчык i не шафёр, а кадравы палкоўнiк савецкага КГБ. Вялiкi Дэмагог уласнаручна адсек яму галаву.