Сярод нямых таксама знайшлiся разумныя людзi, да iх спакваля далучылiся некаторыя са звольненых за розныя правiнкi з палацу. Была складзена таемная да ўлады апазыцыя. Яна нарадзiла падпольны навукова-моўны гурток, якi заняўся вывучэньнем магчымасьцяў знакамiтага праклёну, — вядома ж, у мэтах зьнiшчэньня дэмагагiчнага рэжыму на высьпе. Было ўстаноўлена, што той, хто здольны з гiбельным для ўладаў наступствам выкрыкнуць тыя словы, сам абавязкова гiнуў. Цi, можа, тыя словы прыходзiлi да яго ў прадчуваньнi пагiбелi? У тым палягала галоўная для гуртка праблема. Ахвяраваць сабою гатовы быў шмат хто, але нiхто не хацеў ахвяраваць марна. Справа была дужа складаная, i гурткоўцы вырашылi ўдасканалiцца структурна. Найперш яны перайменавалi гурток у Калегiюм. Былi абраныя Генэральны Лiдэр (ГЛ), пяць Вiцэлiдэраў (ВЛ) i адзiнаццаць галоўных спэцыялiстаў (гс). Астатнiя сталi проста спэцыялiстамi (пс). Праўда, усе працавалi на заморскай мове, уласная знаходзiлася ў стане распрацоўкi. Справа ўскладнялася тым, што распрацоўшчыкi належалi да розных дыялектна-нямых групаў, i кожная зь iх настойвала на ўласным нямым дыялекце ў выглядзе пэўнага набору гукаў i жэстаў. Доўга спрачалiся. Была нават прапанова замест вiртуальнай праблемы мовы заняцца рэальнай распрацоўкай новага гатунку сорга. У вынiку Калегiюм раскалоўся на соргаўцаў i моўшчыкаў. Моўшчыкi, дзякаваць Богу, на той час заставалiся ў бальшынi.
Менавiта з прапановы апошнiх на трэцi год было вырашана дзеля хутчэйшага посьпеху трохi зьмянiць парадак словаў у знакамiтым праклёне, бо вымаўленае глуханямым ня надта пасавала нацыянальнай традыцыi маўчаньня. Наадварот, яно разбурала тую традыцыю, што было надта непатрыятычна. Пасьля доўгага абмеркаваньня фраза загучала так: «Можа б, вы надумалiся крыху здохнуць?» Знайшоўся й ахвярнiк, якi, не марудзячы, выгукнуў яе перад палацам у твар самага лютага й ненавiснага афiцэра-палiцыянта. Але чамусьцi афiцэр ня ўпаў долу, а дастаў найноўшай мадыфiкацыi пiсталет i застрэлiў ахвярнiка. У Калегiюме ледзьве перажылi расчараваньне i зноў вырашылi зьмянiць парадак словаў. Важна было калi не панiшчыць палiцыянта, дык хоць бы зьберагчы жыцьцё чалавека — усё ж у Калегiюме былi гуманiсты. Магiчны праклён пабудавалi такiм чынам: «Будзьце ласкавы калi-небудзь памерцi». Натуральна, форма праклёну зьмянiлася, але сэнс застаўся ранейшы — гэта было важна. На фразу ўскладалася вялiкая надзея, i яна была хутка вымаўлена самым разумным i адукаваным чальцом Калегiюму. Але зноў сталася неспадзеўка — нiводзiн з прыгнятальнiкаў ня ўпаў i ахвярнiк ня быў забiты. Нават не атрымаў палкi. Увогуле ў Калегiюме тое спадабалася, бо чалавек уцалеў. Першы раз апэрацыя абышлася бяз стратаў i давала надзею. Яна была абвешчаная першай перамогай Калегiюму.
Як нi дзiўна, у палацы на тое нiяк не адрэагавалi. Паводле чутак, што рэдчас вынiкалi адтуль, з прычыны нямогласьцi Вялiкага Дэмагога, у якога ад перанапругi спаралiзавала язык, чакаўся прыезд Новага, Самага Вялiкага Дэмагога (НСВД), палiтыка яго ў моўнай праблеме пакуль заставалася невядомай. Як ён у хуткiм часе прыехаў, дык найперш зьмянiў статус Калегiюму — той набыў легiтымнасьць i пераймяноўваўся ў Акадэмiюм пры Новым Самым Вялiкiм Дэмагогу (АНСВД) з новай задачай: стварыць сапраўды народную мову — нямую па форме i дэмагагiчную па зьмесьце. Узрушаныя нечаканым клопатам чальцы Акадэмiюму паслалi НСВД пашыраны факс i паклялiся не шкадаваць сiлы для стварэньня мовы нямых. У хуткiм часе быў выдадзены канчатковы варыянт праклёну глуханямога, якi гучаў так: «Няхай здохне той, хто выступае супраць мовы народу». Права вызначыць злыдня, якому наканавана здохнуць, карэктна дэлегавалася Новаму Самаму Вялiкаму Дэмагогу.
З нагоды гiстарычнай даты ўвечары над палацам, палiцэйскай казармай i турмой нямога рэжыму быў наладжаны сьвяточны фэервэрк.
Зьбяднелы, апанураны, зьнявераны народ на высьпе памалу забыўся пра свайго глуханямога апостала i тры ягоныя словы. I зноў стаў нямы.
Той раз — назаўжды.
Сонца ў ваконцы?
У краіне заўжды шмат чаго не хапала — ад ботаў да хлеба, але разумных галоваў не бракавала ніколі. Хутчэй наадварот: кожны быў разумнейшы за іншага і тым ганарыўся. Дык вось самыя разумныя з іх даўмеліся, што, каб зажыць багата, трэба справядліва падзяліць тое, што мелі. Дасюль падзел існаваў дужа няправільны — дзе густа, а дзе пуста. Адны елі ад пуза і хадзілі ў золаце, а другія ня мелі чым павячэраць і абувалі лапці. Самыя разумныя, што студыявалі навукі ў багатым замежжы, вычыталі ў тамтэйшых кніжках, што калі бядняцкі набытак абагульніць і падзяліць пароўну, дык жыцьцё неверагодна зьменіцца. Стане багатым і шчасьлівым. Тым была запачаткаваная галоўная ідэя веку — роўны і справядлівы падзел.