Так і зрабілі.
Праўда, вялікая дзяльба, як, зрэшты, і кожная дзяльба — хоць бы і малая — выдалася дужа складанай. Пакуль дамагліся вынікаў, пралілі нямала крыві, былі панішчаны цэлыя класы і нямала саслоўяў. Ды ўрэшце ўсё падзялілі, а галоўнае — адабралі ў тых, хто меў. Набытак атрымаўся трохі не такі, як меркавалася, знайшліся пакрыўджаныя. Ды і як не знайсьціся? Хіба можыа было прыраўняць «сазнацельнага» барацьбіта за ідэю да таго, хто за гэтую ідэю змагаўся «несазнацельна»? Прыярытэт быў аддадзены тым, хто меў маленькую чырвоную кніжачку. Хутка ці ня ўсё грамадства пастала ў чаргу за тымі магічнымі кніжачкамі, ад якіх моцна залежаў дабрабыт. (Некаторыя ня надта адукаваныя звалі іх хлебпымі карткамі, але тое было няправільна, бо «карткі» забясьпечвалі ня толькі хлебам, але і пасадамі, кватэрамі, адукацыяй). Каб як стрымаць той жывы напор, была вылучана новая ідэя — працоўпых дынастый. Сутнасьць яе палягала ў тым, каб дзеці вуглякопа, падросшы, ішлі ў вуглякопы, а дзеці калгасьніка — у калгас. Адпаведна дзеці дыпламата ня йшлі рабіць на палеткі, а паступалі ў МПМО і ехалі працаваць у варожае кола — Гішпанію, Швейцарыю або Францыю. Таксама належала дзеяць дзецюкам ды дзеўкам вучоных, чэкістых, адказных партыйцаў. Дужа дыферэнцыяванымі сталі і заробкі, што было абсалютна правільна. Бо нельга ж было прыраўняць працу на калгасных палетках пад сьпеў жаўрука з небясьпечнай аперацыяй зьнешняга выведніка дзе-небудзь у лонданскім гатэлі з мэтаю вярбоўкі тамтэйшага транссэксуала. Стомленага выведніка магла застукаць бязьлітасная МІ5 ды засадзіць у камеру, — хоць з тэлевізарам і кандыцыянерам, але ж наводдаль ад роднай Лубянкі і падмаскоўнага беразьнячку. Або ўзяць пісакаў — паэтаў-празаікаў! Як параўнаць іхнюю блытаную пісаніну з напружанай працай вучоных-атамнікаў? Першыя толькі і ўмелі пісаць пра няўдалае каханьне ды няўклюдны камсамольскі сэкс, у той час як другія ўдзень і ўпачы мацавалі атамны шчыт радзімы і ад ператомы маглі ў чымсь памыліцца. А чаго вартая адна іх драбніца-памылачка — засьведчыў пракляты Чарнобыль, на які і дасюль не набярэшся грошай. А калі б тых памылак здарылася болей, пра вынікі нават страшна падумаць. Таму ніякай роўнасьці тут шукаць не выпадае. Усё астатняе, здаецца, было правільна. Тым больш у тэорыі.
На практыцы ж сталася трохі інакш — дабротаў зноў стала не хапаць. Сьпярша прывілеяў, грошай, валюты, пасьля — усяго астатняга, аж да хлеба, сыру і яек уключна. Першымі трывожна загаласілі тыя, што мелі болей за астатніх. Мусіць, гэтак заўсёды: хто болей мае, таму і больш хочацца.
Галоўная ідэя вску апынулася перад пагрозай банкруцтва. Стала відавочна, што яна ня можа пракарміць людзей, хаця па-ранейшаму гарантавала ўладу тых, хто ёй валодаў. Мабыць, у тым была яе непераацэнная каштоўнасьць, якою неразумна было б не пакарыстацца. Нават царква пасьля працяглага і жорсткага вышкаленьня ў КДБ зразумела нарэшце галоўную ісьціну веку і верай ды праўдай пачала верную службу ўладам. Запаветы Хрыста былі пакладзеныя па верхнюю паліцу, а для карыстаньня на кожны дзень узятыя сакрэтныя дэкрэты аб супрацоўніцтве і прывілеях. Агулам было вырашана ня даць загінуць вартай старадаўняй ідэі з тае прычыны, што дасюль яна ажыцьцяўлялася няправільна. Належала тую ідэю мадэрнізаваць, адаптаваць да новага часу. Роўнасьць — так! Але роўнасьць не ў багацьці, да якога пнецца гнілое грамадства Захаду, а лепей роўнасьць у беднасьці, як найноўшая дактрына новазнойдзенага рынкавага сацыялізму. Ужо гэтую ажыцьцявіць будзе куды лягчэй, электарат ад беднасьці не адвыкаў ніколі. Ніхто ня будзе пакрыўджаны, усе адразу ўціхамірацца і ахвотна прагаласуюць на выбарах за роўных сабе — дэпутата ці нават прэзідэнта — п'янога або цьвярозага, разумнага ці дурнога, што ў новых умовах па-сутнасьці ня будзе мець ніякага значэньня. Зьліквідоўвалася падстава для зайздрасьці, усе разам рабіліся бедныя, няшчасныя і дурныя. Або багатыя, шчасьлівыя і разумныя — гэта як патлумачыць. Быў тэрмінова вынайдзены эфектыўны сродак, як тую парадыгму зрабіць цалкам бясьпечнай для ўлады — перакруціць сэнс спрадвечных людскіх паняцьцяў: зло пераназваць дабром, хлусьню — праўдай, паразу — перамогай, сацыялізм — шчасьцем. Беднасьць палічыць багацьцем! Дарма што старажытныя казалі: калі шматкроць мовіць «халва, халва», у роце саладзей ня стане. Стане! Калі пра тое штодзень чуць з дзяржаўнае скрынкі, званаю тэлевізарам, дык сапраўды тое пачне быццам бы існаваць. Хоць бы ў новазнойдзенай на Захадзе так званай віртуальнай рэальнасьці, якая дужа прыдалася і на Усходзе. Спатрэбілася ня дужа шмат часу, каб людзі шчыра паверылі, што мяса ёсьць, нават калі яго не было ні ў хлявах, ні ў крамах, што вайна — зусім справядлівая рэч, нават калі з Поўдня самалёты замест фруктаў-персікаў везьлі славуты груз-200, што эканоміка краіны на ўздыме, калі кошт даляра па Камароўцы ўзьляцеў да мільёну «зайцоў». А кожны самы вар'яцкі кіраўнік зьяўляецца і самым геніяльным адначасна. Розьніца між тым ды гэтым зьнікала.