Выбрать главу

Пры тым важна, што ўвесь той несумненны эфект дасягаўся не затратай матэрыяльных сродкаў, не выдаткаваньнем замежных крэдытаў ці дэфіцытных энерганосьбітаў, а выключна дармовымі сродкамі мовы, пэўным чынам удасканаленай і адаптаванай. Гэтаю мовай сталася зусім не старадаўняя родная мова, а мова старэйшага брата; свая ж трасянка змушана была заткнуцца. (Некаторыя ня надта адукаваныя і разумныя казалі, што і слава Богу.) Стала відавочна, што толькі тая адзіная мае здольнасьць прарвацца праз заслону апрыклай рэчаіснасьці ў ружовую прастору віртуальнасьці з яе нечувана прывіднымі магчымасьцямі, стаць рухавіком прагрэсу, зачынальніцай новай цывілізацыі наадварот. Для людзей зьявілася магчымасьць ня дужа пачувацца галоднымі, нават ня маючы хлеба, шчасьліва жыць пры бандыцкай дыктатуры, адцурацца нацыянальнай культуры, лічыцца багатымі пры нечуванай галечы. Для тых, хто выказваў нязгоду з гэткаю адаптацыяй — апантанай радасьцю са сьлязьмі на вачох, у дзяржавы былі прыгатаваны даўгія гумовыя дручкі і сухотныя камеры з кратамі.

Прарваўшыся ў галодную прастору прывіднасьці, грамадства займела апошні клопат (іншыя аўтаматычна адпалі) — апантана яе пашырыць. Аказалася, што гэта — такая фантастычная прастора, якая няздольная існаваць у стане спакою і, бы касьмічны пульсар, можа або пашырацца, або звужацца (вядома, найлепш пашырацца). Ды тут сталася нечаканка — яе апалагеты непапраўна спазьніліся: усе вольныя куткі там былі ўжо занятыя іншымі, болей увішнымі прыхільнікамі дзяліць і валодаць — імперыялістамі-рыначнікамі, чырвонымі ды карычневымі, фундаменталістамі розных адценьняў. Заставаўся апошні, ыікім не заняты, бо здаўна лічыўся для таго непрыдатным — панславянскі. Менавіта гэты ня надта духмяны закутак мацней за хмель, за алкаголь ці ЛСД закруціў адну віртуальную галаву ў краіне і выклікаў апантаную прагу да дзеяньня ў форме стварэньня манілаўскіх структураў, фантастычных інтэграцый галечы з жабрацтвам, безьлічы пустапарожніх заяў, дамоў і дэкларацыяў. Вынікаў жа не было ніякіх. Карнавальна-мітусьлівая віртуальнасьць жорстка сутыкнулася з няўдзячнай рэальнасьцю і дагэтуль ня можа тую адолець. Рэальнасьць стаіць, бы скала, і шмат хто ў краіне пачынае думаць, што яна мацнейшая за самую хітравумную віртуальнасьць. Можа, яно і так. Усё ж, як ні кажы, хлеб — спрадвечная рэальнасьць, кроў людская — таксама. А за імі калі-небудзь стане рэальнасьцю наша шматпакутная незалежнасыдь і воля, а ня толькі рэальная турма ды галеча.

Загляне сонца і ў наша ваконца! Калі шчыра таго жадаць, дык япо можа і зьдзейсьніцца. Вядома ж, паводле законаў рэальнасьці.

Новая цывілізацыя

У адной далёкай ад нас, хоць і ня надта разьвітай краіне ўзьніклі праблемы з бюджэтам. Не хапала грошай. Зрэшты, тое не было вялікай навіной, грошай не хапала і раней, і тады ўрад рабіў проста — падвышаў падаткі. Зрабілі так і гэтым разам: абклалі насельнікаў 40-адсоткавым падаткам. Трохі счакалі, падлічылі, але выявілася, што прыбытак зноў мізэрны. Тады ўрадоўцы ўвялі 60-адсоткавы падатак, але прыбытак замест таго, каб адпаведна павялічыцца, значна зьнізіўся. То было нешта дзіўнае, што супярэчыла нават правілам арыфметыкі. У эканамічна-фінансавых колах пачалося энергічнае абмеркаваньне феномену. Пасыпаліся прапановы — як ад прафесіяналаў, так і ад найболей актыўных з ліку сьвядомых працоўных. Некаторыя заяўлялі, што ўся справа ў слабасьці выканаўчай улады, што трэба ўдвая павялічыць паліцыю, стварыць адмысловыя фармаваньні, як сьлед настрапаліць сакрэтныя і фіскальыыя службы. Так і зрабілі. У дадатак павялічылі колькасьць мытняў — на мяжы і ўнутры краіны, перавялі працу судоў і пракуратуры на кругласутачны рэжым, разагналі калегію адвакатаў, гэтых прафесійных абаронцаў злачыннасьці. I зноў без жаданага выніку. Бюджэт трашчэў, грошай рабілася ўсё меней, а выдаткі на ўсе пералічаныя меры толькі расьлі.