Вуткі яўна ня мелі ахвоты нікуды ляцець, ім няблага стала і тут.
Вуцяк ня ведаў, што зь імі рабіць, як растлумачыць, што то — небясьпечна. Калі яны спозьняцца, у паднябесьсі іх можа захапіць непагадзь, а то й сьнег, яны загінуць, не даляцеўшы да цёплага выраю. А то яшчэ ўдараць маразы, і возера замерзьне. Тады яны застануцца бяз корму і прападуць таксама. Свой клопат ён з абурэньнем, гучна крэкаючы і хлопаючы па вадзе крыльлем, давёў статку, як той урэшце наеўся, і вуткі перасталі ныраць. Ды яму ня надта паверылі. Сапраўды, дагэтуль жа было не сьцюдзёна, даволі зацішна ў гэтай прыхаванай за пагоркам затоцы. А галоўнае — нагрэтая за лета вазёрная вада здавалася цяплейшаю за паветра, зь яе не хацелася вылазіць. Ды вуцяк ведаў, што так будзе нядоўга, што возера ўрэшце замерзьне. А лёд — пагібель для вуцінага племя. Ды на ўсе ягоныя захады вуткі не адгукаліся, ня верачы яму. Вуціха-маці коратка і выразна павяла крылом — у адзін бок, затым у другі, што значыла: можа, замерзьне, а можа, і не. Затое тут корм.
Так, тут быў корм, які ўжо праклінаў вуцяк, бо той корм зьявіўся дужа не ўпару, — ня там і не тады, калі быў патрэбны. Цяпер тая нечаканая сытасьць пагражала згубіць вутак. Як і іхная згаладнелая сквапнасьць. Вуткі за некалькі дзён прыкметна пацяжэлі і з заўжды туга набітым вальлём выглядалі няўклюдамі. З такім вальлём вельмі проста было нават не ўзьляцець у паветра, а ня толькі адолець даўгі і турботны шлях у цёплыя краі. Але што мог вуцяк?
Ён мог бы ляцець адзін або з Шарэчкай, якая пакуль што слухалася яго. Але ён не хацеў кінуць астатніх, гэтых пражэрлівых, сквапных дурніц, якія не хацелі разумець, што іх чакае. Вуцяк так затрывожыўся, што сам перастаў ныраць у мутную ваду, адно кружыў у затоцы ды ляскаў па вадзе крыльлем, тым выказваючы свой клопат і гнеў. Ды, здаецца, на вуцяка ўжо перасталі зьвяртаць увагу.
Аднойчы ўранку ён згледзеў, як стравянелы пагорак зводдаль нібыта пакрыўся плесьняю — то браўся першы перадзімовы іней; у паветры надта марозіла. Але вада ў затоцы па-ранейшаму была цёплая, спрэс над ёю курэла лёгкая, празрыстая пара, у якой асабліва жвава пачуваліся вуткі. Вуцяк тады зрабіў ці не апошнюю спробу вывесьці іх на возера і ўзьняць на паветра. Але неўзабаве сьцяміў, што ніводная зь іх ужо не паднімецца — так усе ацяжэлі ад празьмернай сытасьці. І ўсё ня кідаюць ныраць — наядацца. Кожнага дня пад вечар туга набівалі абвіслыя вальлі. Корму ля трубы ня менела.
Вуцяк быў ужо не малады векам, аж тры восені запар лётаў у вырай і кожную вясну вяртаўся на сваё возера. І ён ня мог не разумець, чым скончыцца вуцінае непаслушэнства. Ён толькі ня ведаў, як сам павінны паставіцца да таго. Але і ратавацца самому таксама ўжо рабілася позна. Тады ён меў апошнюю размову з вуціхай-маці, якая адна магла яму паспрыяць. Ды не схацела. Мабыць, як заўжды, не хапіла яе вуцінага розуму.
Між тым на берагі лёг першы лёгкі зазімак. Пагорак забялеўся пад сьнегам, нават стаў прыгажэйшы, чым быў дагэтуль. А затока ўсё дымелася пад цёплай духмянай парай. У ёй надзвычай порстка і ўвішна пачуваліся вуткі. Аднойчы ўранку вуціха-маці так і сказала вуцяку: дарма турбуесься: тут будзе ня горш, чым у выраі. Тут — цывілізацыя, труба пракорміць. А мароз? — запярэчыў вуцяк. А марозу, можа, і ня будзе, адказала вутка. Не было ж яго ўлетку…
Вуцяк разумеў, што яна памыляецца, але ня ўмеў як пераканаць яе ў тым. Асабліва, калі яе падтрымалі астатнія вуткі. Нават яго ўлюбёная Шарэчка і тая апошнім часам надта ацяжэла і болей трымалася на вадзе каля маці. Вуцяк усё болей заставаўся ў адзіноце і парой пачынаў сумнявацца ў сваёй праўдзе. А можа і насамрэч марозу ня будзе? Не бывае ж яго на поўдні, куды лятуць птушкі ў вырай.
Але то — на поўдні. Тут жа была калі й ня поўнач, дык нешта блізкае да яе. Чакаць чагось ладнага, мабыць, тут было марна. Ды вуткі, як і людзі, мелі патрэбу заўжды спадзявацца на лепшае. А што лепшае — падманная рэч, вуткі таго не разумелі.
Неяк уначы стала дужа сьцюдзёна, азяблыя вуткі ледзьве дачакаліся раньня. І тады ўбачылі, што бераг у трысьнягу ўзяўся прыгожым тонкім лядком. Некаторыя нават паспрабавалі яго дзюбкамі, на смак ён падабаўся і хутка таяў. Каб выплыць у затоку, яго лёгка праламвалі вальлямі і лапкамі і так дапяліся да кормнай трубы. Але назад статак ужо не пасьпеў — трысьнёг за дзень спрэс паўмярзаў у лёд. Вуціха-маці тады ўскараскалася на ледзяны закраек і валюхаста пашкандыбала пешшу. За ёй гэтаксама няўклюдна пабрылі вуткі, — ім карцела начаваць там, дзе прывыклі. Вуцяк туды не пайшоў і застаўся на вольнай вадзе ў затоцы.