Яшчэ да выяўленьня фінансавага эфекту пастановы, які гэтым разам сапраўды чакаўся вельмі высокі, выкрылася яшчэ адна прыкрая загана — дэфіцыт каштоўных і каляровых металаў. Дызайнеры, што распрацоўвалі праекты ўзнагародаў, карыстаючыся бескантрольнасьцю кантрольных ворганаў, завысілі вагу ўзнагародаў, і краіна нечакана апынулася без залатога і срэбнага запасу, бяз цынку, сьвінцу, бронзы, медзі, малібдэну. I нават чыгуну стала не хапаць — гэтулькі пайшло на ўзнагароды. Попыт на іх, аднак, усё павялічваўся, усё новыя групы пенсіянераў бралі і бралі на сябе новыя абавязаньні. Адпаведна павялічваліся і выдаткі на пенсіі — і тое было незразумела. Сацыялагічныя інстытуты, якія цяпер сталі спрэс незалежніцкімі і рэгулярна фінансаваліся з дзяржаўнага бюджэту, ня мелі на тое адказу. Не маглі на той раз нічога высьветліць і выпрабаваныя сьпецорганы, магчымасьці якіх з прычыны разарваных сувязяў з заходнімі калегамі значна звузіліся. Затое адказ неўзабаве далі пранырлівыя чаўночнікі, рух якіх за апошнія гады набыў фантастычныя памеры. Яны сьведчылі, што тымі ўзнагародамі забітыя ўсе базары суседніх краінаў, кампрадорскія дзялкі каторых скупляюць іх партыямі для патрэбаў уласнай высокатэхналагічнай вытворчасьці.
Між тым выплата пенсіяў у краіне з прычыны абсалютнага банкруцтва пенсійнай сістэмы зусім спынілася. Урад, адміністрацыя ўсіх узроўняў, канструктыўная апазіцыя, прафсаюзы — усе маўчалі, ня маючы што прапанаваць народу. Адно — мацавалі сілавыя структуры. Дэпутаты, спалоханыя за свае наседжаныя ў парламенце месцы, патрабавалі ўвесьці надзвычайнае становішча.
Неяк надвячоркам перад палацам прэзідэнта немаведама адкуль вынікнуў невялічкі, з шасьці чалавекаў, пікет. На грудзях у пікетчыкаў віселі самаробныя, ня дужа зграбна напісаныя плакаты. Высьветлілася, што гэта быў самадзейны несанкцыяыаваны пікет незарэгістраванай партыі «Аматары алкаголю», і ён патрабаваў ад дзяржавы, калі тая ня можа выплаціць пенсіі грашыма, дык хай плоціць натурай. Нарад паліцыі, які аператыўна зьявіўся па выкліку таптуноў у штацкім, тут жа накінуўся на сьвядомых алкашоў і пачаў круціць ім рукі. Звычайна за такой важнай аперацыяй сілаў правапарадку любіў назіраць з вакна сам прэзідэнт краіны, якім на той час быў шаноўны Тумба-Лумба, у мінулым сам адмысловы алкаголік, а цяпер ганаровы старшыня Акадэміі цьвярозасыді. Назіраючы захапляльную сцэну расправы, ён, аднак, сьціпла ўсьміхнуўся і сам сабе ціха мовіў: «А чаму б і не!» Тыя самыя словы, вядома ж, былі адразу запісаныя высокаадчувальнай тэхнікай суседняй дзяржавы, апрацаваныя ў яе адпаведных колах і нечакана адобраныя. Таго стала дастаткова, каб праз тыдзень урад выдаў чарговую пастанову пад нумарам «000999» — аб выплаце абмежаванай колькасьці пенсіянераў іхніх пенсіяў у алкагольным эквіваленце. Навучаны былымі няўдачамі ўрад пакуль што асьцерагаўся плаціць гарэлкай усім, хацеў паглядзець, як яно екладзецца на практыцы. Пакуль складвалася выдатна. У цэнтры сталіцы на плошчы Недатыкальнасьці да Прэзідэнта адбыўся грандыёзны, нікім не санкцыянаваны, але і нікім не разганяны мітынг падтрымкі і захапленьня, у якім удзельнічала каля 2 мільёнаў пенсіянераў (паводле зьвестак дзяржаўных СМІ і 2 тысячаў — паводле падлікаў скупога на арыфметыку агенцтва Ройтэрз). Гэтай адмысловай кансалідацыі народу ніхто ня памятаў нават з самых састарэлых людзей. Усе горача падтрымалі пастанову «Трох дзявятак», як яе называлі ў прастамоўі, або пастанову «Паратунку і разьвіцьця», як назваў яе ў нядзельнай перадачы любімы тэлекаментатар нацыі спадар Лятнеўскі. Усе пласты грамадства без адрозьненьняў класаў, прафесіяў, узростаў, полаў, нацыяў і веравызнаньняў былі захопленыя ўрадавай мудрасьцю. Стары паэта, што ўсе апошнія гады наракаў у вершах на медахват грошай на хлеб, за адну ноч гекзаметрам напісаў паэму. Ён каяўся, што нядаўна яшчэ разам з народам і партыяй (не ўдакладніў, якой) доўгі час лічыў другім хлсбам бульбу, аж выявілася, што другі народна-партыйны хлеб — гарэлка. I гэта выдатна, бо, як паказвае досьвед, грошай на гарэлку ніколі не бракавала.