Праўда, хутка высьветлілася, што мясцовасьць трохі адрозьнівалася ад ранейшай, значыцца, племя трохі ўхілілася ўбок. Пачалася тая ж пустыня, пясок, і пакуль што не канала сьцюжа. Хаця людзі ведалі, што дзесьці павінна пачацца цяпло, нават сьпёка. Ды сьпёка не пачыналася. Ісьці рабілася ўсё горш, людзі і жывёла зьнемагалі. Асабліва, як пачаліся барханы. Знайшліся такія, што пачалі наракаць: ня трэ было вяртацца. Лепш бы неяк прыстасавацца да сьцюжы, хоць бы выкапаць норы, як бурундукі. Новы правадыр Хірт, мабыць, быў разумнейшы за папярэдняга, ён увёў строгую адказнасьць за недазволеныя размовы. Таму, хто выказваўся няправільна і тым дэстабілізаваў грамаду, адразалі язык. Безьязыкіх выганялі з чарады племя ў барханы, дзе яны хутка гінулі ў поўным маўчаньні. Іхных родных Хірт ставіў у канец чарады, дзе набраўся ладны лік ізгояў. Ніякіх правоў у параўнаньні зь іншымі ізгоі ня мелі. А тых, хто ўхваляў палітыку Хірта, ставілі бліжэй да правадыра, яны склалі яго атачэньне, названае элітай. На зайздрасьць астатнім эліта мела нямала розных правоў і прывілеяў.
Племя ішло марудна і доўга. Людзі ў тым шляху нараджаліся і паміралі. А таксама змагаліся за жабрацкую ежу, глыток вады і за ўладу — унутры родаў, у шчыльных шэрагах эліты і нават сярод ізгояў. На кожным часе зьяўляліся свае героі, якія звычайна рабіліся начальнікамі. Іх, як і правадыра, узялі за звычай несьці ў шляху на насілках — каго дзень, каго тыдзень, каго ад поўні да поўні. Хірт наогул ніколі не зьлязаў з аздобленых гірляндамі насілак, зь якіх ён аддаваў каманды, рабіў заўвагі, хваліў лепшых са свае шматлікае эліты. Але ніхто яго не асуджаў за тое — усе ведалі, што ўгары асабліва дзьме вецер, кожны подых якога ловіць слаўны правадыр Хірт. Дзеля справядлівасьці варта зазначыць, што Хірт удасканаліў сыстэму вызначэньня маршруту і рабіў тое ў залежнасьці ад напрамку і сілы ветру, колеру неба і нават мяркуючы па характары ўласных сноў. Спасьцігнуць такую складаную сыстэму не было дадзена нікому, і племя было шчасьлівае, што трапіўся такі разумны правадыр.
З гэтым ягоным розумам, аднак, сталася штось непрадбачанае — племя зайшло не туды.
Пасьля доўгага шляху, як яно нарэшце дасягнула зыходнага балота, таго не пазнала, так усё тут зьмянілася. Або гэта было іншае балота, калі палічыць, што Хірт памыліўся. Хаця сьпярша пра тое ніхто нават ня мог падумаць — іхны правадыр не памыляўся ніколі. Тым ня менш цёплая бузяная вада ў балоце была непрыдатнай для пітва — некалькі сасьмяглых дзяцей, што напіліся з дарогі, адразу ж памерлі. А галоўнае — тут была процьма агідных вадзяных пацукоў, вужакаў і страшных крыважэрных пачвараў накшталт кракадзілаў. У першую ж ноч на начлезе ля берагу тыя схапілі і зжэрлі шасьцёх чалавек зь ліку пагарджаных ізгояў, якіх правадыр разьмясьціў ля самага берагу. Уранку тыя паднялі бунт з крыкамі: куды нас завялі? Надзіва, іх падтрымалі астатнія роды. Мудрага, растлусьцелага на насілках Хірта, зьвязаўшы, кінулі ў балота, дзе яго адразу ж разьдзерла зграя хвастатых кракадзілаў. Тут жа племя абрала новага кіраўніка, якім стаў, можа і ня самы разумны (нават трохі дурнаваты), затое самы дужы дзяцюк па прозьвішчы Слон. Слон аб'явіў, што паколькі шляху наперад няма, трэба вяртацца назад. Ідэя, запавешчаная продкамі, правільная, толькі ў племя не хапіла волі яе зьдзейсьніць, — ягоныя правадыры былі скрозь злыдні, дурні і здраднікі. Ад сёньняшняга дня ўсё будзе іначай, племя даможацца сваёй мэты. Дружныя крыкі ўхвалы ўзбадзёрылі правадыра Слана, і ён пачаў ладзіць паход. Ягоны, слановы, род паставілі на чале калёны, ранейшы авангард, што складаўся з роду Хірта, запхнулі ў самы зад. Тады ж пасьмяротна рэабілітавалі першага, сьляпога, правадыра, але ягоны род застаўся на ранейшым месцы, недалёка ад заду. Племя выцягнулася ў даўгую няроўную чараду — зь дзецьмі і старымі, муламі, козамі і сабакамі. Начальніцкія насілкі ўсе патапілі ў балоце, вырашылі трымацца прынцыпу братэрства і роўнасьці — усім ісьці пехатой. Слон ішоў наперадзе і вызначаў кірунак, які пазнаваў па месцы сонца на краявідзе. Дзе яно было, туды і трэба было кіраваць. Слон сказаў, што сонца не ашукае. Тое было проста і справядліва, кожны і ў любы час мог пракантраляваць напрамак руху. Усе дужа спадзяваліся на ўдачу.