Выбрать главу

Праз увесь дзень доўжылася бітва. Стаптаная на беразе трава стала чырвонаю ад крыві, чырвонаю цякла скаламучаная вада ў рацэ. I тады надвячоркам зьняможаныя, скрываўленыя людзі племя адчулі, быццам засталіся жывыя. Быццам перамаглі нават. Горы насарогавых целаў ляжалі на беразе, іншыя плылі па вадзе тоўстымі брухамі ўгару. Шмат людзей палегла — жанок і мужчынаў, але з берагу не саступілі. Правадыр Ко таксама загінуў. Пад вечар племем камандаваў, немаведама скуль прыйшоўшы, апазіцыянер Джо.

Як сьцямнелася, ён сабраў у нізкарослым кустоўі рэшту племя, дазволіў усім адпачыць. А сам устаў і, як у небе запаліліся першыя зоркі, сказаў, павярнуўшыся да самай нізкай:

— Дзякуй, Зорка Вайны! За дапамогу тым, хто страціў надзею…

Яго ніхто не абіраў, не прызначаў правадыром. Ды ён і не пытаўся ні ў кога. Ён ужо ведаў, як трэба ставіцца да насарогаў…

Вежа

Здаўна жыцьцё склалася так, што ў краіне не было ладу. Падзеленыя паводле капфесійных, нацыянальных ды класавых прыналежнасьцяў людзі тузаліся, варагавалі адзін з адным, клан з кланам, нацыя з нацыяй. Што толькі яны ні рабілі — і ваявалі, і мірыліся, саступалі ўласныя землі ды захоплівалі чужыя — і ўсё без карысьці. Жыцьцё рабілася ўсё горшым, варажнеча расла — усіх да ўсіх. Шмат год у краіне не было парадку, зьнікала нават надзея, што ён калі-небудзь будзе.

Тады неяк па вясьне ў ратушы зьявіўся Даўгавусы. Ніхто ня ведаў, як ён трапіў туды, скуль узяўся наогул. Дый ён не тлумачыў нічога — проста ўвайшоў у даўгаватую залю паседжаньняў і застрэліў галоўнага ўпраўцу. I ніхто таго не абараніў, не запратэставаў нават. Па-першае, згледзеўшы забойства, усе спалохаліся, а па-другое, ранейшы ўпраўца вельмі ўжо надакучыў усім — і кіраўнікам, і народу, бо дбаў толькі пра сябе і ўласны дабрабыт. Народ на другі дзень сабраўся на ратушным пляцы і бурай воплескаў вітаў новага, адважнага Ўпраўцу. Упраўца выступіў з бліндаванага грузавіка і сказаў толькі адно: ён навядзе парадак. I ніякіх аргументаў. Мабыць, таго было дастаткова, каб яму паверылі; ягоная рашучая пастава падзейнічала на ўсіх магічна. Хаця, што такое парадак, тады наўрад ці хто ўяўляў.

I праўда, для пачатку Ўпраўца арыштаваў і расстраляў ноччу вялікую групу гандляроў фісташкамі. Чаму менавіта фісташкамі — таго ня мог зразумець ніхто, але людзі казалі, што, мабыць, на тое ёсьць прычыны. Бо, напрыклад, гандляроў семкамі не арыштавалі і не расстрэльвалі. Затым былі пасаджаныя ў турмы ўсе тамтэйшыя цырульнікі. Пра гэтых казалі, быццам яны не дызэнфікавалі свае брытвы і тым распаўсюджвалі СНІД. То было падобна на праўду. Эпідэмія СНІДу пагражала ператварыцца ў пандэмію, і людзі дужа баяліся. Праўда, паўночныя баяліся больш, бо мелі звычай галіцца, у той час, як паўднёвыя хадзілі з бародамі. Пасьля арышту цырульнікаў галіцца перасталі ўсе. Наступным актам Упраўцы была моўная рэформа, паводле якой з мовы выключаліся ўсе супраціўныя злучнікі (кшталту аднак, ды, але) і генералізаваліся выразы тыпу: добра, безумоўпа, ёсьць, яволь, слухаю. Мала хто разумеў, навошта тая моўная калатнеча, ды людзі думалі: калі Ўпраўца гэтак зрабіў, значыць, так трэба. Неўзабаве зьявіліся і першыя навуковыя працы лінгвістаў, якія даводзілі глыбокі метафізічны сэнс тых зьменаў граматыкі. Такім чынам, у мове справы значна палепшыліся, мова стала болей выразная і меней затратная, чаго нельга было сказаць пра эканоміку. Эканоміка катастрафічна пагаршалася. Асабліва кепска стала пасьля апошняга недароду, што змусіла Ўпраўцу ўвесьці новыя правілы рацыянаваньня прадуктаў. Тое не абышлося без сур’ёзных праблемаў, бо нормы прадуктаў былі розныя для розных катэгорый насельніцтва, што выклікала скаргі і незадавальненьне. Тады Ўпраўца выдаў вельмі слушны ўказ: для тых, хто працуе, нормы павялічыў удвая, а хто не працуе — тым удвая зьменшыў. Тое было вельмі дарэчы, бо якраз быў прыняты Генеральны план будаўніцтва Генеральнай Вежы.

На самай высокай пляцоўцы за горадам пачалі капаць шырокі, на цэлы квартал, катлаван. Працавалі тысячы людзей, якія тое рабілі ахвотна, з радасьцю, бо атрымлівалі падвойны паёк. Іншыя ім зайздросьцілі, але ж ня ўсіх туды бралі. Толькі самых увішных, самых правераных — з характарыстыкамі, даведкамі, беззаганнымі анкетамі. Паўночныя былі ўраўняныя з паўднёвымі, і даўняя варажнеча між імі паволі зьнікала. Афармленьнем працоўных дакументаў займаліся ўлады, чэргі да кантораў якіх дасягалі мілі — такі быў высокі працоўны ўздым. У шырокім глыбачэзным катлаване ўжо заклалі падмурак, дзе завіхаліся паўтары тысячы муляраў. Каб усе працавалі старанна, збоку стаялі наглядчыкі. Час адпачынку і харчаваньня вызначаўся паводле сігналу сірэны і доўжыўся лічаныя хвіліны. Апроч таго, была разьвітая практыка працоўнага суперніцтва: хто раней пакладзе чарговы шэраг цаглін ці камянёў, прозьвішча таго запісвалі на вялікую прыгожую дошку, умураваную ў Вежу. На сьпіну сьпяцоўкі таго бронзавай хварбай ставіўся адмысловы знак, якім надта ж ганарыліся, і нават не здымалі сьпяцоўкі і пасьля працы. Гэтых, калі яны былі маладыя, асабліва падабалі дзяўчаты — іншыя якасьці і нават заганы ня мелі значэньня.