Выбрать главу

Навошта была тая Вежа, які з яе сэнс і якая мэта — ня ведаў ніхто. I ніхто не пытаўся пра тое, ніхто не тлумачыў нічога. Існавала нявыказанае меркаваньне, што пра ўсё ведае толькі Ўпраўца, — будоўля дужа сакрэтная. Для захаваньня сакрэтнасьці была створаная адмысловая служба, якая, аднак, таксама мала што ведала. Менавіта тое лічылася вышэйшай класай сакрэтнасьці, бо чаго няма, тое немагчыма і выведаць. А Вежа тым часам расла, і ўсе клапаціліся пра тэмпы яе будовы. Тэмпы вырашаюць усё — быў лозунг эпохі, які стымуляваў на ўдарную працу. На той лозунг працавалі ўсе: работнікі, сяляне, навукоўцы, творцы. Палітыка, эканоміка і нават псіхалогія народу былі скіраваныя для адной мэты — будаўніцтва Вежы. Колькасьць літаратурных твораў узрастала штогод на пяцьдзясят адсоткаў, і гэта былі творы адно пра Вежу. З недагляду рэдактараў у адным творы прасьлізнула маргінальная тэма скептыцызму наконт генералышй будоўлі, і тая загана была неадкладна заўважаная згуртаваньнем пільных крытыкаў. Аўтара неадкладна рэпрэсавалі, таксама, як выдаўца і рэдактараў. Дакладна не вядома, але ці ня той твор запачаткаваў у краіне повую і вельмі небясьпечную зьяву — сумненьне; праз кароткі час усюды пайшлі сходы і мітынгі з выкрыцьцём скептыкаў і недавяркаў. Удзельнікі мітынгаў адзінадушна галасавалі за сьмяротную кару для тых, хто сее недавер да вялікай будоўлі. Упраўца з тае нагоды выказаў глыбокае шкадаваньне да грэшнікаў, але мусіў падпарадкавацца волі народу, які ён ва ўсім і заўжды паважаў. Выкрытыя павініліся, пасьля чаго былі расстраляныя. Народ яшчэ болей палюбіў мудрага і добрага Ўпраўцу ды ім усталяваны парадак.

I праўда, бязладдзе зьменшылася, болей ніхто і ні ў чым не сумняваўся. I паўднёвыя і паўночныя працавалі аднолькава ўвішна, таксама, як і каталікі з пратэстантамі ці іўдзеі з артадоксамі. Шмат якія жанчыны малілі Бога, каб ён доўжыў век Галоўнага Ўпраўцы, бярог яго ад суроку, хваробы і сьмерці. Бо калі б, няўрокам кажучы, той памёр, хто б тады скончыў будаўніцтва Вежы?

Канешне, у вялікай будоўлі было шмат цяжкасыдяў і турботаў, але народ верыў і трываў — такі быў парадак. Газеты рэгулярна друкавалі зводкі падвышэньня Вежы — за дзень, тыдзень, месяц і год. Вялікая Вежа рабілася штораз большай. Яе круглыя каменныя бакі бяз вокнаў і байніц выглядалі цыклапічна і ў добрае надвор’е былі відаць з усяго абсягу краіны. На іх вывешвалі партрэты перадавікоў будаўніцтва, а вышэй за ўсіх — самы вялікі партрэт галоўнага Ўпраўцы ў генеральскім мундзіры з узнагародамі на грудзях, плячах і жываце.

Надышоў час, калі вяршыня Вежы схавалася ў аблоках, а будоўля ўсё доўжылася. Газеты і адмысловыя агітатары тлумачылі, што Вежа пераўзыходзіць вышынёю самыя высокія збудаваньні сьвету. На плакатах малявалі вялікую Вежу і куды меншыя іншыя збудаваньні — Эйфэлеву вежу, амерыканскую статую Свабоды, ыью-ёркскія хмарачосы. I тое поўніла людзей гонарам — за краіну, любага Ўпраўцу. Казалі, што Вежа — гэта прарыў у космас за межы зямной стратасферы, пранікненьне ў таямніцы сусьвету, каб паглядзець, што там. Ці ёсьць Бог?

Штогод людзі ўсё з большым нецярпеньнем чакалі пары канчатковага выніку, бо іхняе трываньне ня сталася бязьмежным. Галоўнай праблемай рабіўся звычайны чалавечы страўнік, якому, відаць, не было справы да Вежы, бо патрабавалася ежа. Вытворчасьць жа прадуктаў між тым скарачалася. Будоўля спажывала ўсё болей зямлі, палі скрозь былі раскапаныя на кар’еры, дзе здабывалі пясок, камяні, гліну — усё для будоўлі. I ўвесь транспарт працаваў на Вежу, бензіну заўжды не хапала. Упраўца ўжо расстраляў групу сабатажнікаў, што парушыла моўны ўказ і ўжыла супраціўныя злучнікі. Людзі тады зразумелі, як мудра ў свой час Упраўца правёў моўную рэформу, і тыя злучнікі былі забароненыя. Інакш бы не пазьбегнуць бяды.