Выбрать главу

Ды бяда ўсё ж сталася — ад землятрусу ці яшчэ ад якой халеры Вежа аднойчы абрынулася.

Гэта было вялікае няшчасьце. Зазванілі ратушныя ды касьцёльныя званы, у паніцы бегалі людзі, галасілі жанчыны. Але ж здаўна вядома: бяда ня ходзіць адна, за той здарылася другая: раптоўна памёр Вялікі, Геніяльны, Галоўны Ўпраўца. Народ ахапіў жах, затым утрапеньне і адчай. На няхуткія, грандыёзналадкаваныя паховіны зышліся тысячы людзей, і ўсе лезьлі зірнуць апошні раз на нябожчыка. У трохдзённай штурханіне адна палова людзей затаптала другую. Але ўсё тое было малаважна — важнейшаю сталася праблема Вежы. Як яе аднавіць? На ўсенародным сходзе, скліканым пасьля катастрофы, выступіў адзін хударлявы, сухотнага выгляду клерк, які сказаў: а навошта яе аднаўляць? Навошта тая Вежа наогул? Той выступ сухотнага стаўся нечуванай дуратой і нахабствам — як гэта навошта? Як жа бяз Вежы? Клерка хацелі забіць, ды хтосыді за яго заступіўся. Тады супраць заступніка выступіў кіраўнік Вольнага саюзу прыхільнікаў Вежы, а супраць таго кіраўніка — кіраўнік яшчэ болей вольнай Карпарацыі разбуральнікаў Вежы. Пачалася зацятая барацьба. У некаторых газетах былі выдрукаваныя артыкулы супраць тых ды іншых, і тады стала зразумела, што грамадства зноў раскалолася, усчалася барацьба ўсіх з усімі. Нядаўняга парадку як не было. Пакуль па краіне ішлі мітынгі, палі яе зарасталі пустазельлем, Вежа стаяла закінутай, аброслай крапівой ды дзядоўнікам.

Неяк тады на чарговым гарадскім мітынгу зьявіўся асабліва палымявы прамоўца, які даводзіў, што парадку ў краіне ня будзе, пакуль людзі не паруйнуюць Вежу. Ён пракляў тую вар’яцкую Вежу, праз якую ўсе няшчасьці людзей, і заклікаў усіх зараз жа ісьці бурыць. Увогуле з ім пагаджаліся, толькі да Вежы ніхто не сьпяшаўся бегчы, ранейшы запал кудысь зьнік. Людзі ці то падурнелі, ці наадварот — паразумнелі. А можа, засталіся ранейшыя, але рабіць не хацелі нічога.

Праз дзён колькі ініцыятары разбурэньня ўсё ж намагліся мабілізаваць нейкую колькасьць добраахвотнікаў і прывесьці да Вежы. Але тады аказалася, што бурыць не нашмат лягчэй, чым будаваць. Бетон быў такі моцны, што яго ня бралі адбойныя малаткі, кампрэсары штораз псаваліся. Камянёў нельга было выдраць з муру. Спрабавалі ўзарваць, ды не знайшлося такой выбухоўкі, каб парушыла мур. Ад аднае спробы дарэшты пазносіла дахі з навакольных хатаў ды павыбіла вокны.

На чарговым мітынгу ў горадзе прамоўца з чорнымі вусікамі сказаў, што бурыць Вежу няправільна, што тое ёсьць вандалізм. Трэба прадоўжыць справу вялікага Ўпраўцы — дабудаваць Вежу і зажыць, як людзі. Канешне, зажыць, як людзі, хацелася ўсім, але дабудоўваць… У людзей ужо зьнікла ахвота што-небудзь будаваць наогул — так набудаваліся за гады. Зноў жа — а раптам рухне? Не, ня рухне, сьцьвярджалі філосафы з Вольнага саюзу прыхільнікаў Вежы, калі толькі ў падмурак закласьці правільную ідэю. Але народ не хацеў ніякай ідэі — ад кожнай ідэі надта бурчала ў жываце. Ды што ўсё ж рабіць? — думалі люді і не маглі нічога надумаць. Тады праз год ці болей зьявілася новая думка: калі Вежу немагчыма ні разбурыць, ні аднавіць, дык трэба прадаць. Знайсьці за мяжой пакупніка і прадаць к чортавай матары, каб пазбыцца клопату. Але тут падняліся патрыёты і сказалі, што прадаваць Вежу, збудаваную народнымі рукамі на роднай зямлі, яны не дазволяць нікому. Няхай яна лепш праваліцца скрозь зямлю.

Так людзі нічога і ня вырашылі. Зломак-вежа стаіць дагэтуль як сьведка даўніх, камусь мілых часоў, калі быў уздым і парадак.

Байкі жыцьця (трыпціх)

1. Страх

Самай шаноўнай сьвятыняй у гэтай краіне з часоў векапомнай даўніны быў невялічкі, упрыгожаны маляўнічым росьпісам ды інкрустацыяй керамічны гаршчэчак, у якім захоўваўся Страх.

Страху таго з простых сьмяротных ня бачыў ніхто. Дзень і ноч яго ахоўвалі пяць чалавек сьвятароў і пяць ваяроў, і ўсе ведалі пра яго незвычайную страхавітую сілу. Менавіта з тае прычыны людзі тамтэйшага краю і зваліся страхавітамі. Некалі за керамічны гаршчэчак біліся ў двубоі галоўны сьвятар племя і ягоны супернік — ваяр. Ведама ж, перамог сьвятар, бо ён ужо валодаў Страхам, а ягоны супернік — толькі мячом. Але меч — слабы сродак перад магутным Страхам.

Імя галоўнага сьвятара, які ўзяў на сябе ўсю ўладу ў краіне, было Галабурдахам. Пасьля сваёй перамогі ён яшчэ больш, чым раней, усталяваў культ Страху. Зь ягонага загаду ў самым цэнтры сталічнага паселішча збудавалі мармуровы палац — для яго самога і для Страху. Была створана адмысловая сотня з ваяроў, сьвятароў і таемнікаў, якія дбалі пра бясьпеку Страху і Валадара заадно. Сярод улады і падуладных на той час запанавалі мір і згода, ніхто не адважваўся выступіць супраць Галабурдахама. Ніхто ня мог пра тое нават падумаць — такая вялікая была пераканаўчая сіла Страху. Калі здараліся якія непарадкі ў правінцыях, напрыклад, недабіралі падаткі, туды скіроўвалі ўзброеную каманду, вядома ж, у суправаджэньні магутнага Страху, і падаткаў зьбіралі нават больш, чым было патрэбна. Аднойчы ўзьнік памежны канфлікт з суседняй дзяржавай і пачаліся перамовы, якія трывалі чатырнаццаць тыдняў запар. І ўсё бяз выніку. Тады Валадар Галабурдахам скіраваў туды свайго сілавога міністра са Страхам у вазку. Перамовы хутка скончыліся з посьпехам для страхавітаў.