Але і затока вузела. Мароз паволі і настойліва пашыраў на возеры свае ледзяныя абшары. Праз колькі дзён у затоцы застаўся невялічкі лапічак чыстай вады ўздоўж берагу. Там увесь дзень і сноўдалі вуткі. Праўда, ня ўсе. Іншыя вылязалі на лёд і паныла сядзелі, нібы чагось чакаючы. Сярод іх быў вуцяк. Ён ужо нікуды іх ня клікаў — не было куды клікаць. Ён толькі маўкліва дакараў сябе, што не намогся ў свой час змусіць іх падняцца ў вырай. Але як было адарваць згаладнелы статак ад багатага корму? Цяпер навошта корм?
Начавалі цяпер у цеснай палонцы, і неяк уранку згледзелі, што коміны, якія вытыркаліся ўдалечы з-за засьнежанага пагорку, перасталі дыміць. Тое вутак ня надта спалохала. Спалохаліся яны, калі адчулі ў вадзе, што з бэтоннай трубы не цячэ нічога. Вуткі ня ведалі, што гэта збанкрутаваў завод, і труба перастала дзеяць. Як і ўсё астатняе на заводзе. А вузкая палонка тым часам усё вузела. Пакуль лёд аканчальна не самкнуўся зь берагамі.
…Як зноў настала вясна і стомленыя статкі гусей, журавоў ды вутак пачалі вяртацца з далёкга выраю, яны ў азёрнай затоцы не знайшлі нікога.
Толькі рэшта мокрых стракатых пёрак дзе-нідзе гайдалася ў трысьнягу і ля берагу. То было усё, што засталося ад сытага бясьпечнага вуцінага статку.
Кошка і мышка
Мышка ў той день увогуле была сытая, але яна была маладая, цікаўная і доўга не магла сядзець на адным месцы. Тым болей у яе цёмнай норцы, дзе нічога не было відаць, нічога не чуваць. А поруч, на падворку — яна ўжо ведала — была процьма цікавага, асабліва пад лапухамі, дзе бегалі порсткія кузуркі, сядзелі, варушачы вусамі, чорныя жукі, а на травяных галінках круцілі рожкамі дзівосныя сьлімакі ў цьвярдых, скурчаных ракавінах. Увогуле мышка была далікатная, добразычлівая да малых насельнікаў падворку. Яе таксама ніхто асабліва ня крыўдзіў, і яна думала, што дужа баяцца там не было чаго. Яна імкнулася быць аптымісткай.
Праўда, яна ўжо чула, што недзе там час ад часу паяўляецца страшны мышыны вораг — кот. Але мышцы яшчэ не даводзілася спатыкаць яго, і яна думала, што і не давядзецца. Навошта кату цікаваць малую палахлівую мышку — мабыць, яму лепей мець справу зь вялікімі пацукамі. З мышкі які наедак?
Той раз яна магла б і не вылазіць з норкі, але ўзяла ды вылезла.
На падворку пад лапухамі было цёпла, аж горача, і ціха, — мабыць, жывёлу яшчэ не прыгналі з поля. Побач шорхалася ў пяску квактуха — старая, рабая курыца, якая квохнула разы два, заўважыўшы мышку. Мышка шмыргнула ля яе далей да прызбы і раптам толькі роспачна піскнула. Аднекуль зьверху на яе пляцнуліся дзьве кіпцюрыстыя лапы — бегчы ўжо не было як. Канечне, то была кошка — маладая, юрлівая, зь белымі прыгожым лапкамі. Мышка сьпярша спалохалася, але тыя лапкі абыходзіліся зь ёй далікатна, і тое супакойвала. І мышка падумала, што ўвогуле ёй пашэнціла — было б куды горш апынуцца ў страшных кіпцюрох ката. А там, можа, і нічога яшчэ ня здарыцца, — мышка хацела быць аптымісткай.
І праўда, не ўчыніўшы ёй вялікага болю, кошка падхапіла мышку зубамі і вынесла на чысты, падмецены падворак. Мышка напружана думала, і ўсё так выходзіла, што кошка палуднаваць ёй не зьбіраецца. Інакш бы яна пад'ела ў зацішку, ля лапухоў. На падворку нікога не было, кошка паклала мышку ў доле. Мабыць, можна было б паспрабаваць уцячы, але мышка не хацела выказваць непаслушэнства і тым злаваць кошку. Яна ўсё спадзявалася на лепшае. Тады кошка далікатна штурхнула яе лапкай пад бок, нібы патураючы бегчы. І праўда — мышка пабегла.
Зусім ужо блізка было да норкі, як кошка ўсё ж дагнала яе і дужа ўпілася кіпцюрамі ў хрыбціну. Мышцы стала дужа балюча, і яна аж перастала дыхаць. Але неўзабаве і супакоілася, бо кошка ўсё не сьпяшалася яе хрумстаць. Пэўна, то была добрая кошачка, яна толькі хацела пагуляць з мышкай. Тады мышка зьнерухомела і, бы нежывая, перавярнулася лапкамі ўгору. Тое, відаць па ўсім, спадабалася кошцы, якая абедзьвюма лапкамі пачала кідаць з боку на бок маленькую сымулянтку, бы запрашаючы яе да гульні. Гуляць мышка ўвогуле любіла, і, хоць цяпер і баялася трохі, але ўсё не магла паверыць у кепскае. Ужо надта лагодна, бяз злосьці ставілася да яе ладная кошачка, няўжо гэткая можа зьесьці рахманую мышку?
Мусіць, мышка магла б яшчэ ўцячы, асабліва калі ў гэтай гульні апыналася бліз лапухоў, ды ў яе ўсё не ставала рашучасьці. Зноў жа, яна была аптымістка, дагэтуль жа нічога кепскага зь ёй не здарылася. Але во кошка ці, можа, таму што нагулялася, ці зь якой іншай прычыны, дужа цяўкнула мышку ля шыі — ад болю ў той аж памутнела ўваччу. Кошка тым часам паклала мышку ля ног, азірнулася па бакох, — падобна, яна адпачывала. Ці можа, разважала, каб пусьціць мышку? Павінна была б пусьціць, бо мышцы было блага, наўрад ці яна цяпер магла б уцячы. Але яна спадзявалася.