Натуральна, ня ўсё ішло гладка, часам у вялікай краіне ўзьнікалі непаслушэнствы і нават ерасі. У сярэдзіне стагодзьдзя ледзьве ня стаўся раскол. Гэта калі пэўная частка сьвятароў запрапанавала пашырыць ідэю страху і на адносіны да свойскай жывёлы. Каб шчанюкоў, ягнят, жарабят выхоўваць, жорстка караючы, у атмасфэры жывёльнага страху. Але тады аказалася, што ў гэткай атмасфэры козы, аслы ды сабакі або здыхаюць, або ўцякаюць у цёмны лес, дзе іх цяжка знайсьці. Мусіць, і праўда, жывёла — не чалавек, яе не перавыхаваеш страхам. Гаспадары і цэлыя гаспадаркі трывалі страты, некаторыя правінцыі нават спазналі голад. Гэта патрабавала ад вярхоўнай улады радыкальных мераў. У правінцыю Страх-Пут выехаў валадар Страхалюд XII зь вялікім аддзелам войска. Ён жа павёз з сабою і Страх. Страх везьлі на багата ўбранай калясьніцы, у якую было запрэжана 12 чорных коней пад залатымі накідкамі. І пасьля таго як бунтаўнікі былі абкружаныя войскам і перад імі вынесьлі Страх, тыя капітулявалі. Страхалюд XII вярнуўся ў сталіцу пераможцам і быў урачыста сустрэты ўдзячным народам. Канечне, грамадзяне шанавалі Валадара, яго розум і сілу, але ж разумелі, што сваёй перамогай ён найперш абавязаны Страху.
Яшчэ адну вялікую перамогу здабыла дзяржава ў яе застарэлым канфлікце з суседзямі — дурнымі сьмехавітамі, рэлігіяй якіх была весялосьць. Страхавіты хутка заваявалі гэтую невялікую, кепска арганізаваную краіну. Але неўзабаве было заўважана, што пераможаныя ня надта з таго турбуюцца, бо жывуць нашмат лепш за пераможцаў. І грошай у іх больш, і хлеба, і жывёлы. Яны нават п’юць віно, што было зусім незразумела. І ніхто ў іх нікога не прымушае набываць зь дзяцінства спалоханы выраз твару, кожны сьмяецца, колькі захоча. Нават мае права голасна рагатаць.
Не заўсёды ў жыцьці ўсё адбываецца, як хочацца, нават Валадару. Каб Страхалюд XII ведаў гэта, ён бы не заваёўваў тую бязладную краіну. Сталася так, што амаральныя ідэі пераможаных сьмехавітаў сталі пранікаць у краіну страхавітаў — сьпярша праз войска, а затым — праз гандлёвыя сувязі. Іх падхапіла найперш няўстойлівая частка грамадзтва, — недастаткова выхаваная ў страху моладзь. Раптам некаторыя зь яе ўпадабалі вясёлыя песьні суседзяў і нават пачалі іх сьпяваць. А тады ва ўжытак пайшло віно і тытунь, што ўвогуле было жахліва. І хоць на барацьбу з заганамі змабілізавалі ўсе сілы дзяржавы — ад войска да грамадзкіх памагатых — сексотаў, стукачоў, таптуноў — карысьці было мала. Нягледзячы на суды, затрыманьні, арышты і суровыя выракі, жахлівыя парушэньні прававернай маралі і этыкі не спыняліся. Патрабавалася яшчэ вышэй падняць ролю Страху, ягоных жыватворных ідэяў. Наблізіць іх да народу.
Тады Валадар краіны за кароткі тэрмін пабудаваў у сталіцы вялізны 50-сажневы ансамбаль, які завяршаўся ўгары мармуровым порцікам са зьмешчаным у ім пазалочаным гаршчэчкам Страху. У сонечны пагодны дзень ягоныя выпраменьваньні можна было бачыць далёка за межамі Страхалюдыі. Былі ўстаноўленыя сто прэміяў музыкам, мастакам і пісьменьнікам, якія з найбольшай сілаю ўвасобяць у творах залаты воблік Страху. Ужо праз паўгоду роўна сто творцаў былі ганараваныя прэміямі, іх мармуровыя бюсты выставілі ўздоўж алеі гарадзкога парку культуры і страхалюдзтва. Мяжу зь сьмехавітамі абсталявалі дванаццацімэтровай жалезнай заслонай. Перасякаць яе мелі права толькі асабліва ўстойлівыя да сьмеху людзі, якім перад паездкай рабілі ін’екцыю сыроваткі суму. І тым ня менш, падрыўная ідэалёгія і яе матэрыяльная культура шырока пранікалі ў краіну суму і страху. Празь недагляд цэнзараў у друку зьявілася публікацыя аднаго эканаміста, нібыта вясёлы працаўнік болей прадукцыйны за сумнага, — гэткай ерасі ў краіне не было ўжо амаль два стагодзьдзі. Аўтара публікацыі, натуральна, выслалі за мяжу, дзе яго хутка забілі ягоныя ж аднадумцы. Некаторыя, праўда, казалі, што забойства было справай рук страхавітых спэцслужбаў. Але то быў варожы паклёп.
Валадар краіны Страхалюдыі вельмі ўстрывожыўся і ўсе страхавіцкія сілы кінуў на барацьбу з падрыўной ідэалёгіяй. Каб ідэя страху дзейнічала больш эфэктыўна, ён увёў сьмяротную кару нават за самы дробны амаральны ўчынак, калі той выклікаў сьмех. Злачынцаў стала звыш усялякай меры. Асабліва калі ў краіне пачаўся эканамічны спад, а затым крыза, і ня стала чаго есьці. Дайшло да таго, што аднойчы ў сьвяточны дзень на галоўнай плошчы сталіцы сабралася дэманстрацыя за права есьці. (Гэтыя нечуваныя раней прэтэнзіі на нейкія там правы таксама былі кантрабандай увезеныя з краіны сьмехавітаў). Валадар абкружыў войскам плошчу і перад сьвятыняй Страху наладзіў дэманстрантам крывавую лазьню. Былі сотні забітых і яшчэ болей параненых. Улады той лік перабольшылі ў дзясяткі разоў — у адпаведнасьці зь сьвятой і непарушнай ідэяй Страху. І падзейнічала. Усе ўбачылі, што Страх па-ранейшаму мае сілу і не абы— якую. Пачаліся размовы, што ня варта супраць яго выступаць, што перамогі ўсё роўна ня будзе, што трэба шукаць кансэнсус з Валадаром. Страх непераможны, бо ў ім ёсьць нейкая неспазнаная сатанінская сіла. Гэта ўвогуле было падобна на праўду. І ўсё адно людзі хацелі есьці, а есьці не было чаго. Даведзеныя да адчаю, яны ўжо нікога ў краіне не баяліся — ні спэцфармаваньняў, ні тайнай паліцыі, ні Валадара, — яны толькі не маглі перамагчы ў сабе прыроджанае, геннае пачуцьцё Страху. Гэта, між іншым, выдатна разумеў і Валадар, які старанна ўдасканальваў сьвятыню. Група ляўрэатаў-інжынэраў спраектавала на плошчы цэлы інжынэрна-тэхнічны комплекс вакол п’едэсталу Страху. Порцік наверсе пакрылі бранявым каўпаком, наладзілі лазэрнае забесьпячэньне зь нябачным, але дужа эфэктыўным выпраменьваньнем — у інтарэсах бясьпекі. У космас запусьцілі адмысловы спадарожнік Страху, які дзень і ноч круціўся над плошчай, адганяючы ад яе нават вераб’ёў; тыя зь іх, што перасякалі па-дурному мяжу, адразу ж мёртвымі падалі на брук. У сутарэньнях на глыбіні ста і больш мэтраў сядзелі дзяжурныя апэратары, — утыкнуўшыся ў свае экраны, яны пільнавалі комплекс ад магчымай дывэрсіі.