Але харчу ўсё ня большала. Абставіны ўскладніліся яшчэ й тым, што заходнія высокаразьвітыя краіны перасталі даваць крэдыты. Замест крэдытаў яны разгарнулі ў сваіх СМІ паклёпніцкую кампанію, галоўным накірункам якой стала сьцьверджаньне, што ў краіне сьмехавітаў усе зьехалі з глузду. Гэта, вядома, было нечуванай абразай нацыі, кіраўніцтва, дыскрэдытацыяй вялікай сьмехатворнай ідэі. Урад угледзеў у тым непрыкрытую варожую вылазку і прыняў рашэньне ўзмацніць узброеныя сілы. Першай і галоўнай мерай стала прысваеньне вялікай групе афіцэраў званьня палкоўніка, а палкоўнікам — генэрал-палкоўніка. Усе іншыя, прамежкавыя званьні, былі зьліквідаваныя як непатрэбныя. Тое дужа спадабалася вайскоўцам. Па колькасьці генэрал-палкоўнікаў войска краіны пераўзышло арміі самых разьвітых краінаў Захаду. Гэта быў несумнеўны і вялікі посьпех!
Есьці яшчэ ўбавілася; ня стала хапаць жыльля — нават для генэрал-палкоўнікаў. А калі ў каго й было жытло, дык не ставала добраўпарадкаваных летнішчаў, што выклікала вялікае напружаньне ў грамадзтве, якое часам аж пераставала сьмяяцца. Не хапала таксама грошай, бэнзыну, транспарту. Ды сьмехавіты ня скардзіліся, адно сьмяяліся, разумеючы, што калі не задаволіць вайскоўцаў, дык тыя не абароняць ад ворагаў, якія ўсіх сьцяруць у парашок і панішчаць іхную самую жыватворную ідэю сьмеху.
Але так думалі, мабыць, ня ўсе. У сталічным горадзе пачалі ўтварацца падпольныя групы, названыя дысыдэнцкімі, якія выпрацоўвалі альтэрнатыўныя ідэі — таго ж сьмехатворнага кшталту, але не з вар’яцкім — з чалавечым тварам. Твар у некаторых падпольных выявах ужо не нагадваў ні чалавека спалоханага, ні чалавека-вар’ята, а меў нешта сярэдняе і па-навуковаму называўся гома-сапіенс. Гэта быў ідэал. А ідэал належала ўвасобіць, для чаго дысыдэнты сабраліся аднойчы ў сьвяточны адвячорак на прыватнай кухні і стварылі падпольны (ценевы) урад. Як кожную важную справу, тое належала абмыць, што і было неадкладна зроблена. У добрым настроі ўрадоўцы вярталіся дадому, але адзін зь іх (старшыня ценевага ўраду), што вёз сьпіс у кейсе, задрамаў у тралейбусе і згубіў кейс. На другі дзень урад у поўным складзе быў арыштаваны.
Падзеі ў краіне сьмехавітаў не на жарт затрывожылі суседзяў, якія ўсялякімі сродкамі пачалі падахвочваць сьмехавітаў да барацьбы за свае грамадзянскія правы. Сьпярша сьмехавіты надта зьдзівіліся, але паступова ўсьвядомілі сваё першае права — на сум. Натуральна, дамаганьне такога права ў краіне законнага канстытуцыйнага сьмеху было расцэненае ўрадоўцамі як крамола і прыроўнівалася да дзяржаўнага злачынства — замаху на галоўнага кіраўніка краіны ці да абрабаваньня банку. Шмат маласьвядомых грамадзянаў з праваабарончых арганізацыяў, творчых саюзаў і моладзі пацярпела за сваю крымінальную схільнасьць да суму. (Дарэчы, той сум яны здабылі ў часе галадоўкі ў карцары, дзе сум не прысякаўся — сумуй, колькі хочаш. Карцар быў адзіным дазволеным месцам суму ў дзяржаве, чым арыштаваныя ахвотна карысталіся.) Дзіўна, што нават сьмяшлівая моладзь часам стамлялася ад казённай весялосьці і час ад часу адчувала патрэбу пасумаваць. Але такіх хутка выключалі з унівэрсытэтаў, датэрмінова заганялі ў войска, дзе славуты «інстытут дзядоўства» хутка мяняў сьмех на сьлёзы. Пры адсутнасьці паліторганаў «дзяды» вельмі дапамагалі камандзірам выхоўваць падначаленых у атмасфэры аптымістычнага патрыятызму.
А тым часам есьці ў краіне зусім ня стала чаго. Было зразумела, што галоўная нацыянальная ідэя не працуе, што прыйдзецца шукаць новую. І тады вынайшлі ідэю часовую, якая мела выдатную пэрспэктыву стаць фундамэнтальнай. Яна ня толькі не адмяняла ранейшую, але ўзьнімала яе на новую вышыню — што было надта важна. І ўрад кінуў увесь дзяржаўны бюджэт на вытворчасьць гарэлкі.
Гэта сапраўды выклікала небывалы народны ўздым. Народ усё зразумеў і прыняў бяз словаў — што значыць навуковая беззаганнасьць ідэі. На мітынгах у гарадах і вёсках прамоўцы гаварылі пра новую культурна-псыхалягічную рэвалюцыю ў краіне, пра яе лёсавызначальны сэнс. Гарэлкай бясплатна забясьпечвалася кіраўніцтва, пасьля вэтэраны-пэнсіянэры (пры норме 1 бутэлька на 1 дзень), пасьля ўсе астатнія, уключаючы немаўлят. Сем’і, у якіх было шмат дзетак, раскашавалі як мае быць — і дарослыя, і дзеці ўвесь дзень пілі і рагаталі, астатні час спалі і пахмяляліся. І дзякавалі ўладзе, галоўнаму кіраўніку і мясцовым вэртыкальшчыкам, якія займелі адзіны пільны клопат — забясьпечыць самыя глухія куткі краіны сьвежай гарэлкай. Гэта належала рабіць без пасярэднікаў-злыдняў, якія нахабна заніжалі градус. Сацыялягічны інстытут, які правёў апытаньне (было ахоплена 100 % насельніцтва) выявіў небывалы паказчык тых, хто ўхваляў новую палітыку ўраду, — 100 %. Папулярнасьць кіраўніка-палкоўніка стала такая, што ўрад надаў яму чын Вялікага Каудыльё.