Ён заклікаў народ да абароны, і народ дружна выступіў. Пачалася аблога, якая доўжылася да позьняй восені. Сьпярша неяк адбіваліся, а затым адбівацца стала цяжэй. Зьнікалі запасы, не ставала вады. Зь недахопам харчу людзі неяк мірыліся, а без вады было зусім нельга. Пачаліся нараканьні, быццам некаторыя зашмат ужываюць вады. Што ваду ў крыніцах труцяць шпіёны. Што наагул зашмат разьвялося шпіёнаў, а ён іх не выкрывае. А тут усчаліся штурмы — дзень пры дні. Асаджаныя біліся гераічна, адбіваліся зь вежаў, са сьценаў — білі ядрамі з гакаўніц і мартыраў, лілі кіпень на галовы ворагаў, распаленую смалу, ужывалі «грэцкі агонь». Ды ворагі не адступаліся, да таго ж іх было безьліч. На чацьверты месяц асады яны абвесьцілі ўльтыматум — здача без усялякіх умоваў. Ён склікаў вялікі сынкліт, які аднагалосна прыняў ухвалу змагацца да перамогі. Ён запэўніў народ у перамозе, і народ, як заўжды, паверыў яму.
Змаганьне доўжылася, але сілы былі няроўныя. Перавага ўсё болей схілялася на бок ворагаў. У крэпасьці скончыўся харч, а пасьля і порах. Палова абаронцаў была параненая. На крапасных сьценах біліся жанчыны, старыя і нават дзеці-падлеткі. Усе верылі, што перамогуць. Ніхто не хацеў здавацца.
Аднак сталася так, што сілаў не хапіла, і аднойчы ворагі ўварваліся ў крэпасьць. Ён асабіста ўзначаліў контрудар, і прарыў быў зьліквідаваны. У тым жа баі ён быў дужа паранены куляю ў абедзьве нагі, але прадаўжаў камандаваць супрацівам. І ён усё цьвердзіў, што перамога будзе. Людзі крычалі «гура». Але ўжо ня ўсе…
Ды во каб адбіць чацьвертае ўварваньне, сілаў ужо не было. Ворагі захапілі кутнюю вежу, і там каля паўстанцкага двукалёру забілі яго. Аддзелу верных яму жанчынаў удалося вынесьці яго цела і ўначы пахаваць пры катэдры. Адна з жанчынаў спрабавала забіць сябе на ягонай магіле, ды ёй не далі. Неўзбаве крэпасьць занялі ворагі.
Народ спазнаў жахлівую паразу. Бальшыню паўстанцаў перабілі, рэшту ўзялі ў палон. Палонных закавалі ў кайданы і адправілі ў каменяломню. Жанчынаў-прыгажунь, што мылі яму ногі, прадалі ў турэцкія гарэмы. Простыя люді мёрлі з голаду і ад хваробаў. Вясной у краіне ўсчалася эпідэмія чумы.
Пераможцы казалі людзям, што ўсё тое — вынік злачынства іхнага куміра. Што ён авантурыст і антыхрыст. Інакш бы ён не паклаў столькі народу за тое, чаго нельга здабыць. Пераможцаў перамагчы немагчыма. Цяпер за ягоныя авантуры павінен заплаціць народ, і кошт тае платы будзе аграмадны. Народ баяўся і верыў — пераможцам нельга ня верыць. Зь цягам часу людзі ўзьненавідзелі свайго нядаўняга правадыра і дзівіліся, як маглі слухацца яго.
Казалі, што некаторыя з тых, што калісь прысягалі яму, раскапалі ўначы ягоную магілу і выкінулі зь яе ягонае цела. Тое цела, разадраўшы на часткі, валачылі па бруку згаладнелыя сабакі…
Толькі праз шмат гадоў па вясьне, як зазелянела трава, хтось паклаў на месца колішняй яго магілы маленькую чырвоную кветачку. Яна там доўга ляжала, ня вянучы…
На поўню
Надвячоркам апошняга дня перад поўняй пад гарадской брамай зьбіраўся натоўп. Як толькі ў сьвятлявым небе над закапцелай кутпяй вежай выкочвалася блішчастае кола месяца, грамагалосьнік абвяшчаў, каго будуць караць.
Тым разам кары падлягалі аж тры тутэйшыя жанчыны — усе за чужалюбства, якое ў тым горадзе здаўна лічылася цяжкім грэхам. Высокая, ня надта маладая швачка Кушэль каралася за тое, што была злоўленая з чужьш мужыком у вшаградпіку. Мужык неяк апраўдаўся перад высокім сінклітам суддзяў, а Кушэль апраўдацца ня выпала — выпала адказваць. Нізкая, шырокая ў плячох і ў крыжы Пава пакахала чалавека хоць і пе жанатага — халастога, але паходжаньнем з чужога, варожага гораду. Трэцяй грахаводніцай была прызнаная маладзенькая Ульрыка, якая паходзіла з дужа нізкага роду: яе дзед і бацька штотыдзень вывозілі з гораду нечыстоты. Не зважаючы на тое паходжаньне, Ульрыка навяла любоўныя чары па рыцара даволі слыннага роду маладога Любэка. Як тое магло стацца — было незразумела нават суддзям, але той Любэк прызнаўся, што сапраўды кахае Ульрыку. Стамлёны вынясеньнем папярэдніх прысудаў судовы сінкліт вырашыў, што трэба пакараць і Ульрыку, і прызначыў ёй дваццаць удараў рэмнем з валовай скуры па голым дзявочым задку.