Выбрать главу

Камень

Зранку таго дня ў карчме гуло; гуло і ў поўдзень, і ўвечары гуло таксама. Зрэшты, для таго былі прычыны: скончыўся палявы сезон, людзі сабралі ўраджай, частку якога з выгадай прадалі на кірмашы, а частку захавалі на зіму. Шмат хто займеў грошы — чаму было і не пагудзець у вольны пасьля нялёгкае працы час? Пасьля плённае працы льга было і зусім расслабіцца, забыцца на руцінныя клопаты, піць маладое віно ды сьпяваць песьні. Але гэтыя людзі не маглі таго дазволіць сабе — заўжды на працы ці дома яны несьлі ў сабе нязбыўны гнятлівы клопат, што перадаваўся ад кожнага пакаленьня наступным. На схіле гары ў канцы вуліцы з незапамятных дзён высіўся агромністы круглы камень. Увогуле ў гэтым горным краі камянёў было шмат, ды ўсе яны неяк самі па сабе ўладкаваліся кожны на прыдатным для таго месцы, апроч аднаго, можа самага з іх вялікага. Гэты на сваім колішнім землятрусным шляху з гары затрымаўся якраз на пачатку вуліцы, нібы зьнерухомеўшы ў роздуме — каціцца далей ці пачакаць? Пакуль камень вырашаў тую праблему, ніхто ў дамоўках ніжэй ня мог спаць спакойна, дапяты пытаньнем: ляжыць ці коціцца? Ні ў кога з тых, што жылі пад пагрозай каменя, не было сілы з ім справіцца, і камень ляжаў так можа сотні гадоў, тоячы ў сабе маўклівую пагрозу людзям.

Людзі паасобку ня ведалі, як пазбыцца каменнай пагрозы. Але тое было да часу, пакуль імі не авалодала калектывісцкая ідэя, якая, як вядома, часам набывае матэрыяльную сілу. Асабліва калі тая сіла натхніцца ў пэўны час бочкаю добрага маладога віна.

— Мужчыны мы ці гаўнюкі? — рашуча пытаўся ў грамады гаспадар-карчмар, паўстаўшы за даўгім драўляным сталом. — Няўжо мы пе зьбяром сілы, каб закаціць таго бугая? Мы — асілкі, што дапіваем другую бочку…

Вядома ж, тутэйшыя асілкі не лічылі сябе слабакамі і дружна загулі ў згодзе — прамова карчмара натхняла. Тракціршчык наогул лічыўся ў іх самым разумным, інакш ён бы і ня быў карчмаром. Яго адразу падтрымаў каваль, чыя кузьня мясьцілася над таполяй — бліжэй за ўсе хаты да каменя. Ну, а дзе каваль, там і яго малаткар — дужы плячысты хлопец-сірата, праўда, ня надта здаровы на галаву. Звычайна пры грамадзе малаткар упарта маўчаў, а цяпер толькі гучна прамычэў нешта. Ды ўсе зразумелі, што малаткар на баку каваля — на баку каго іншага ён не апынаўся ніколі. Мабыць, адчуўшы, што пачынаецца нешта цікавае, ад парогу з меднаю квартаю ў руцэ рушыў да кута тутэйшы пастух у даўгім плашчы. Яго пастухоўскі сезон ужо скончыўся, і пастух займсў клопат аб працы ўзімку.

— Дык згода, мужчыны? — з суровым выглядам чорнабародага твару пытаўся карчмар, азіраючы ў вечаровых прыцемках барадатых і безбародых, маладых і ня надта, хто ў што апранутых землякоў.

— Заўтра, як разьвіднее, усім — да бугая! Ужо мы яго пашчакочым, такой яго матары! Згода?

— Згода! — тгя надта зладжана адказаў карчомны хор галасоў.

Адзін толькі вучыцель ля вакна спрабаваў штось зазначыць ня ў лад — удакладніць ці запярэчыць, але яго слухаць ня сталі. Вучыцель быў нетутэйшы, да таго ж малады, піў мала, відаць, ашчаджаў грошы, што ня надта каму падабалася. Усе ў карчме загаманілі гучней, заматлялі над сталом квартамі, — за такую адважную справу ня грэх было выпіць. Тая іх гамана доўжылася да паўночы.

Назаўтра, як над гарамі праясьнілася неба і ў даліне пачало віднець, да каменя першы прыйшоў вучыцель. Ён абышоў камень, памацаў яго замшэлыя бакі, пакратаў гамашам жарству ўнізе. Затым прыкінуў памеры гранітнага гіганта, а таксама вугал нахілу гары і зрабіў нейкія разьлікі ў пататніку, які заўсёды насіў з сабой. Атрымлівалася надта сумнеўна, каб яны хоць бы і грамадой здолелі ўскаціць камень на схіл і па той бок скінуць яго ў прорву. Паводле законаў матэматыкі тое было немагчыма. Але як было вучыцелю на яе аснове пераканаць малапісьменных сяльчан? Ці паслухаюць яго?

Неўзабаве да каменя пачаў зьбірацца народ — з каламі, лагамі, рыдлёўкамі. Усімі весела і шумна распараджаўся карчмар. Вучыцель спрабаваў штось растлумачыць яму, але ня надта цьвярозы пасьля вясёлай ночы карчмар не хацеў і слухаць, — пры першым слове пра законы механікі грэбліва махнуў рукой. Ён заўзята камандаваў грамадой, якая толькі і чакала ягоных рашучых камандаў.

Людзі густа абляпілі камень. Узяліся дружна, хоць часам і бязладна, перашкаджаючы адзін аднаму. Усім карцела прымяніць сілу і, можа, паказаць стараньне, — так за гады ўсе зьненавідзелі гэты пракляты камень. Тыя, што былі з рыдлёўкамі, пачалі падкопваць яго зьнізу, каб падсунуць рычагі-лагі, іншыя падроўнівалі камяністы грунт вышай, каб можна было каціць камень угору. Вучыцель, прадаўжаючы сумнявацца, убачыў такую актыўнасьць і таксама міжволі прыняў удзел у агульным клопаце. Напачатку ён разам з іншымі наваліўся на жардзіну-лагу, якой чалавек пяць высьвервалі камень. Пасьля ўпёрся рукамі ў яго жорсткі бок і намагаўся каціць. Тракціршчык то памагаў яму, то адбягаўся і камандаваў, то рабіў тое і гэта адначасна. Ён колісь служыў у войску, меў зычны камандзірскі голас, якога ўсе слухаліся.