I вось здарыўся першы цуд — па камандзе карчмара ўсе разам уперліся, націснулі, напружыліся, і камень, хоць і з вялізным нежаданьнем, зрушыўся з свайго належанага за сотні год месца. Тады яны напружыліся яшчэ і перавярнулі яго на другі круглы бок. Першы посьпех быццам надаў новай сілы. Грамада загула, бы ўчора ў карчме, яшчэ паўпіралася нагамі ў жвірысты грунт і перакаціла камень вышэй. Тыя, што мелі рычагі-палкі, высока задзіралі іх даўгія канцы, затым насядалі на іх, падважваючы камень; іншыя, упершыся дзясяткамі рук у шурпатыя каменныя бакі, зрушвалі яго з месца і паварочвалі-кацілі цаляў на дзесяць — ня болей.
— Так, так, так! — разносіўся па схіле бадзёра-задаволены голас карчмара. Яшчэ трошкі! Яшчэ…
У вучыцсля не было ніякага інструменту, і ён разам з усімі, са скрыгатам упіраючыся ў зямлю башмакамі, піхаў рукамі камень. Побач таксама з усяе сілы жыліўся іхні пастух. Яго абсівераны твар з хілай русявай бародкай аж наліваўся чырваньню, так ён старанна напружваўся. Каваль поруч з малаткаром спрытна і рашуча ўпраўляўся з даўгой жардзінай-лагай, ім памагалі іншыя. Пакуль што ўсё ішло пасьпяхова, і вучыцель пачаў сумнявацца ва ўласных сумпевах: магло стацца так, што і ён памыляўся. Ён ужо ведаў, што павука — нават матэматыка! — часам давала збой. Праўда, меркаваньні здаровага сэнсу таксама былі не на іхнім баку, але, можа, бракавала і здаровага сэнсу?
Хоць і памалу, але даволі настойліва яны кацілі камень угору; улежанае месца таго засталося далекавата ўнізе. Яшчэ ніжэй у канцы вуліцы ля кузьні — відаць стала зьверху — сабраліся жапкі ды дзеці, усе не адрывалі позіркаў ад схілу гары, дзе адбывалася дзіва. Старыя там маліліся Богу, каб той памог мужчынам зьдзейсьніць іх сьвяты подзьвіг на шчасьце людзям.
Але на схілс бы ўпершьшю штось не заладзілася. Як яны высіліліся на чарговую каманду карчмара, камень ня зрушыўся. Тракціршчык тады закрычаў гучней, нават вылаяўся. Япы зыоў уперліся нагамі ў камяні, да скрыпу напялі мускулы, але камень толькі падняўся на пяць цаляў і аблёг на ранейшае месца. Вучыцель недаўменна зірнуў на схіл і ўсё зразумеў: схіл гары тут стаў і яшчэ болей круты. Схіл стаў круцейшы, а іхняя сіла паменела — во ў чым справа. Тое было відаць і без матэматыкі. I мабыць, тое зразумелі іншыя.
— Адпачыць каб, — перашуча-жальліва сказаў хтось ля каменя.
— А то ўжо кішкі… — пачаў нешта мовіць пастух.
Тракціршчык аж зьнерухомеў ад тых скаргаў-просьбаў, але толькі на момант. Падобна, у ягонай галаве адбыўся нейкі маланкавы, зусім не матэматычны разьлік, і ён зьверскім голасам заглушыў нерашучыя скаргі.
— Ніякіх адпачынкаў! Спынімся — не скранем, а ну — узялі! Узялі!
Яны і яшчэ дружна і ўраз узялі, сапраўды трохі павярнуўшы на схіле гэты кругляк, пасьля яшчэ. Але во ён быццам хіснуўся назад, бы хтось не ўтрымаў яго. Вучыцель зірнуў з-пад рукава і схамянуўся: пад каменем тварам уніз ляжаў малаткар; з ягонага рота цёк струменьчык крыві. Тое было дзіўна, хіба, аднак, на першы пагляд: не стрываў самы з іх дужы. Але, можа, таму і надарваўся, што быў самы дужы. Мабыць, апроч сілы, трэба яшчэ мець галаву, а з галавой у малаткара яўна былі праблемы.
Малаткара адцягнулі з-пад ног, каб не замінаў. Пакуль там два мужыкі давалі яму вады, іншыя з усяе сілы трымалі камень, які ўпарта імкнуўся ўніз — да свайго належанага месца. Чаму гэта ён так імкнуўся туды? — думаў вучыцель. Хіба тое месца было вызначана яму Богам? Але тут ягоная матэматыка ўступала ў супярэчнасьць з непазнана-містычным, у якім вучыцель быў поўны прафан і разумеў тое. Прасьцей, хоць і не лягчэй, было піхаць разам з усімі па камандах карчмара, што і рабіў вучыцель.
Урэшце гадзінаў праз пяць яны адолелі самае, як здалося, крутое на схіле месца, ускацілі камень яшчэ вышэй. Праўда, ззаду засталося аж трое — тых, што надарваліся на гэтым д’ябальскім каменным шляху. Два з іх папаўзьлі назад, а трэці застаўся там, дзе і зьлёг. Бы прадчуваючы благое, карчмар і зусім разыюшыўся, крычучы сарваў голас і нікому не дазволіў пакідаць камень, каб памагчы бедакам. Горш за ўсё было тое, што яны сапраўды не маглі прыпыніцца, бо ў такім выпадку камень трэба было б трымаць, што здаваліся ненашмат лягчэй, чым штурхаць. Тракціршчык тым часам не змаўкаў — то камандаваў сарваным голасам, то ўгаворваў амаль ласкава. А то гразіўся перастраляць усіх на гары, калі здрэйфяць. Увогуле на гэты конт ён меў рацыю, яго разумелі і стараліся з астатніх сіл. Толькі сілы іх катастрафічна меншалі, а жахлівы шлях рабіўся і яшчэ больш круты.