— Ну, яшчэ трошкі! — дамагаўся карчмар. — Вунь да таго кусьціка. Ну, узялі! Ускоцім — бочка віна на ўсіх! Ну, узялі!
Як ні дзіўна, тое амаль падзейнічала на, здавалася б, ушчэнт зьнясіленых людзей. Клопат іх нібы разумеў і камень, які варухнуўся на той раз жвавсй, — бы самахоць пераваліўся на другі, болей пляскаты бок. Але затым зноў было яго не скрануць, і карчмар зноў вярнуўся да свайго лютага крыку.
— Дужэй! Я кажу — дужэй, ядры вашу матары! Пастух, болей сілы! Болей сілы, кажу, гультай!..
— Не магу болей, — ціха сказаў пастух і ўпаў на калені.
— Можаш!! — вызьверыўся карчмар. — Заб’ю!..
— Забівай…
— Застрэлю. Сёньня ж…
— Страляй!
Пастух зьнясілена адкаціўся з-пад людскіх ног і апанурана сеў убаку. На ягонае месца ля каменя заступіў каваль, чорнабароды твар якога быў мокры ад поту, а можа і ад сьлёз — ягоны малаткар унізе, здаецца, сканаў. Каваль зацята маўчаў, але ля камсня адразу адчулася яго напятая сіла, і той быццам жвавей заварушыўся пад рукамі людзей. Затое іншыя даходзілі, і неўзабаве ад кавалёвага напору мала што засталося. Яны ўсё піхалі і піхалі, выжыльваліся і штурхалі. Тракціршчык ужо толькі безгалоса сіпеў, а выніку не было ніякога. Усе іхнія сілы выдаткоўваліся толькі на тое, каб утрымаць камень, ня даць яму зрушыцца ўніз.
— Не, мабыць, нічога ня выйдзе, — сказаў нехта з папіхачоў. З ім пагадзіўся другі: — Ня трэба было і пачынаць не падумаўшы…
Тыя разьятраныя няўдачай галасы зусім раззлавалі карчмара, які падскочыў да людзей ззаду.
— Панікёры! Слабакі! Прэч адсюль! Я перастраляю ўвесь ваш род! — аслабелым голасам сіпеў ён. Але яго аслабелы голас чамусьці перастаў палохаць,
— Не перастраляеш, — нерашуча запярэчылі яму.
Пасьля і яшчэ натужваліся, піхалі і штурхалі рукамі і нават падпіралі камень плячамі, як гэта рабіў каваль. Але зноў вынік стаўся мізэрны. Між тым да мэты заставалася амаль нічога — можа, якіх дваццаць стопаў. Толькі гэтыя футы і былі самыя цяжкія, як было іх адолець? Тым болей, што і ў яшчэ аднаго пайшла носам кроў, ды здаецца, і з рота таксама. Адзін застаўся ззаду — скурчаны, на каленях, трымаючыся за жывот…
— Падмогі! Падмогі трэба…
— Няма як падмогі, браточкі. Ну яшчэ трошкі, яшчэ, — сіпата ўгаворваў карчмар.
Яны і самі разумелі, што інакш ім нельга, як толькі каціць з апошніх сілаў. Ні спыніцца, ні пакінуць камень яны не маглі — тое было б для іх гібельным. На тое, каб паклікаць падмогу, не было часу — калі б яны дачакаліся тае падмогі? Мабыць, тое зразумеў і пастух, трохі спачыўшы ўнізе, вярнуўся да каменя і аслабела далучыўся да астатніх.
Каваль са зьвераватым выразам чорнабародага твару і адарваным на плячы рукавом моўчкі стараўся, можа, болей за ўсіх. Лагамі з даўгімі канцамі цяпер упраўляліся браты Кажамякі, чыя новая дамоўка была дужа блізка ад гэтага боку вуліцы. Малодшы з іх толькі ў канцы лета ажаніўся і таму дужа дбаў пра ўласнае жытло. I трэба ж было так здарыцца, што гэты ўвогуле здаровы хлапец упаў у самы рашучы момант, не стрымаўшы лагі, — камень неспадзявана сьлізгануў бокам аб дрэва. Хтось па той бок здушана крыкнуў, але было позна. Грузна пераваліўшыся ніжай, камень паволі пасунуўся, ужо нікім не стрыманы, перавярнуўся зноў і штораз шпарчэй пакаціўся па схіле. На крутым месцы ён наляцеў на каменны выступ, лёгка зьбіў яго, сам падскочыўшы ўгору, зноў ударыўся аб дол ніжэй, падскочыў яшчэ вышэй. За ім апантана памкнулі зьбітыя ім камяні, якія ў сваю чаргу зьбівалі на схіле новыя, і ўсе разам з друзам суцэльным каменным патокам несьліся да вуліцы. Неўзабаве каменная лавіна магутна абрынулася на крайнія забудовы паселішча, кузьню, зламала палову таполі і праз момант накрыла ўсю вуліцу чорна-пыльнаю хмарай.
Ачомаўшыся ад хвіліннага ўтрапеньня, людзі на схіле пакідалі сваё начыньне і сьшанулі ўніз — хто бег, хто каціўся, кожны гнаны прадчуваньнем асабістай бяды. На месцы, аднак, засталося некалькі постацяў. Тракціршчык упаў на камяні, учапіўся ў свае скудлачаныя валасы, недарэчна прамаўляючы: «Што ж мы нарабілі… Што нарабілі…». Вучыцель побач няўцямна мармытаў сабе пад нос: «Я ж казаў, я ж казаў…». Зьбялелы з твару пастух нічога не казаў, толькі роспачна апусьціўся на друз. Ён узіраўся ў пыльную марву якая усе вышай паднімалася над паселішчам, і думаў: «Хай бы ён там ляжаў. Каму ён шкодзіў?».