Выбрать главу

Трохі ачуняўшы ад першага жаху, вучыцель падумаў, што, мабыць, цудаў у наш век не бывае. «Здараецца тое, што і павінна здарыцца — паводле законаў жыцьця. Калі толькі з імі лічыцца. Ды во пэўна ж не палічыліся».

А ўнізе тым часам разносіўся ветрам глухі невыразны лямант бяды, які на адлегласьці зьліваўся ў суцэльны працяглы стогн…

Музыка

Надвячоркам ён задрамаў у зацемненым гатэльным нумары. Празь няшчыльныя пласьціны белых жалюзяў у пакой цадзілася дробна-паласатае сьвятло, якое ламана стракацела па мэблі, дыване на падлозе, па сьценах, невялікай карціне з выявай карыды. Што — менавіта карыды, пра тое можна было толькі здагадвацца: постаці на карціне спрэс выяўляліся ў форме трохкутнікаў, чорных і чырвоных — быкі і матадоры. Ён, аднак, не ўглядаўся ў карціну — ён ня дужа заўважаў карцін ні ў гатэлях, ні ў офісах. Ён быў музыка, і нашмат большую цікавасьць для яго мелі гукі. Але цяпер, калі сіеста збольшага сканчалася, а вечаровы курортны тлум яшчэ не настаў, было быццам ціха, адно мерна гуў пад стольлю вялізны трохлопасны вэнтылятар, ды ў падваконьні раз-пораз уздыхаў кандышан. I ўсё ж менавіта ў гэтай цішы ўзьнік нейкі незразумелы гук, які вынікаў невядома адкуль і чамусьці трывожыў слых. Ён і прачнуўся ад таго гуку, хоць не зразумеў нічога, сподам душы, аднак, адчуваючы штось благое, і доўга ляжаў, ня кратаючыся. Прахалоды ў пакоі не было ані колькі, было душна, млосна, неяк надта дыскамфортна, і ён не разумеў прычыны таго дыскамфорту. Магчыма, ён захварэў ці пачынаў захворваць. Ці не з тае нагоды прапаў апэтыт, на сьняданьні ў кавярні ён выпіў шклянку апэльсынавага соку і есьці нічога ня стаў. На абед зусім не пайшоў. Не было ні сілаў, ні жаданьня ўставаць і ісьці ў гаманкую залю рэстарану, парушаць свой спакой. I ён ляжаў, услухоўваўся ў пошум вэнтылятара і думаў. Адчуваў — найлепей ляжаць. Калі б толькі не праклятая задуха, ад якой у тропіках не было паратунку ні ўдзень, ні ўначы. I вось гэты гук, што абудзіў яго ад санлявай зьнямогі.

Не разумеючы да канца ні свайго стану, ні прычыны трывожлівага гулу — звонку ці, можа, знутры, у сабе, ён урэшце памкнуўся ўстаць і сеў на край шырокага ложка. Але далей рашучасьць яго ўбавілася, пасядзеўшы крыху, ён зноў з палёгкай адкінуўся на скамячаную прасьціну пасьцелі.

Здаецца, дарма ён прыехаў сюды, у гэты блаславёны трапічны рай, здатны для людзкіх целаў, аблагоджаны прыродай і морам. У яго быў іншы інтарэс, але сталася так, што кантракт на канцэрты падпісаць не ўдалося, трапіўся няўдалы антрапрынёр, і ён падумаў тады, што, можа, гэтак і лепш. Ён вольны, без абавязкаў і мітусьні пабудзе ля мора, колькі ляжа на душу, а там будзе відаць. Тым болей, што дома, далёка на поўначы, яго ніхто не чакаў, пад той час ён вызваліўся ад якіх бы там ні было абавязкаў — перад сям'ёй, антрапрынёрамі; можа ўпершыню ў жыцьці настаў ягоны доўгі ці кароткі тайм-аўт. Ён быў музыка, але і з музыкай апошнім часам штось не заладзілася, ніколі ў яго не здаралася такой абыякавасьці, нават агіды да інструмэнту, які цяпер, бы непатрэбны, сіратліва стаяў у чорным футарале ля белых дзьвярэй. Штосьці ў ім разладзілася, гняло, — невыразнае, нават загадкавае, да канца не адчутае. Галоўнае — гэты вібрасты гул, падобны на нізкую ноту, якую хтосьці ня мог узяць да канца, толькі спрабаваў і цягнуў, бы няўмека. Але чаму ў ёй столькі няўтульнай гнятлівай трывогі?

Калі разумна і па-добраму, дык, мабыць, яму ў самы раз было б да псыхіятара, да іх сямейнага доктара Гаула, які некалі лячыў жонку, цешчу, старэйшую дачку. Але ніколі не лячыў яго самога — не было патрэбы. Зноў жа ён памятаў, як яшчэ ў дзяцінстве на тую схільнасьць тутэйшага люду да псыхіятрыі адгукнуўся ягоны бацька — грэбліва, бы да вэнэроляга. Але бацька быў чалавек іншага веку ды й іншага племя, якое, здаецца, мела калісьці звычай наогул абыходзіцца без дактароў. Мабыць, штосьці ад таго перадалося і сыну.

Не заўважыў, як зноў задрамаў, — мржа, карыстаючыся рэштай сіеставай цішы, і неяк адразу безь пераходу ці паўзы яму прысьнілася іншае, што ў рэальным жыцьці ня мела да яго пэўнага дачыненьня. Але ў сьне тое ўспрымалася, бы даўно знаёмае, звыклае, і не выклікала зьдзіўленьня. Найперш ляндшафт — шырокая прастора ўзгоркавай даліны, зялёная ад маладой травы, але з выгляду зусім ня прэрыя, не савана, — шырокі лясны далягляд без паселішчаў і дарог. Ён ішоў па травяністым схіле, за ім нясьпешна цягнуўся статак валоў ці бізонаў, тое неяк было не зусім зразумела, але ён і не спрабаваў зразумець. Ён пачуваўся ў ролі ці то пастуха, ці то правадыра гэтага статку, і не камандаваў, не заганяў жывёлін, а суладна вёў іх кудысь па невысокай, нетаптанай траве. Настрой і выява былі зусім букалічныя, калі б не загадкавая трывога, што пакрысе вынікала невядома адкуль. Трывога тая, аднак, перарасла ў спалох, калі наперадзе паблізу зьявіўся абрыў, — нейкая шырокая бездань, якую было не абмінуць. Галоўнае, ён ня мог спыніцца, не спыняўся і статак; мабыць не адчуваючы небясьпекі, валы (ці бізоны) маруднаю лавай сунуліся і сунуліся за ім і ўжо наблізіліся да краю бездані. Іх трэба б спыніць ці завярнуць назад, але ён не рабіў таго — ня мог ці ня ведаў, як. I ён з жахам памкнуў па сьлізкай траве ў бездань, на дне якой штосьці бурліла, нібы кіпела ў аграмадным катле — бруд, вулканічная магма ці яшчэ што….