Адчуваньне блізкай катастрофы і пагібелі змусілі яго на нейкія душэўныя высілкі, якія прыпынілі тую пакуту, і ён прачнуўся.
Асьвятленьне ў пакоі зьмянілася: было цемнавата, здаецца, настала ноч; дробныя шчыліны-палосы перасунуліся ўгору і цяпер паласавалі столь — гэта праз жалюзі прасьвечвала нізкае сьвятло вулічных ліхтароў. Прыглушана гучэла недалёкая музыка ламбады — ігралі ў суседнім гатэлі ці на ўзьбярэжжы пад пальмамі. Толькі ён адчуў з палёгкай, што пазбыўся прыкрага сну, як да ягонай душы зноў дапяў ранейшы загадкавы гул. Таго не магла заглушыць нават прычэплівая рытміка ламбады, ягоны несьціханы суцэльны фон клаўся на ўсе іншыя гукі знадворку, — то было ненатуральна, незразумела і загадкава. Ён устаў з пасьцелі і, не ўключаючы сьвятла, у паўзмроку пакою намацаў дзьверы ў лоджыю.
Рытмічныя гукі ламбады агарнулі яго з большай выразнасьцю, у твар дыхнула вечаровай парнасьцю, саланаватым подыхам мора. Босы, неапрануты, у адных толькі плаўках, ён ступіў да белых, яшчэ гарачых ад сьпёкі парэнчаў і абапёрся аб іх. Унізе пад лоджыяй ціхенька варушылася ад начнога брызу касмылявае лісьце пальмаў, уздоўж выгінастага берагу цягнуўся бісэрны ланцужок матавых прыдарожных ліхтароў, якія зьнікалі за скальным мыском. Мора чорнай сьцяной лена варушылася на ўсім начным прасьцягу, нябачна зьліваючыся ў далечыні з зорным высокім небам. Была ноч, зь ярка, бы ўдзень, асьветленай набярэжнай, абсаджанай шэрагамі пальмаў. Па гэты бок на горным адхоне грувасьціліся белыя будынкі вілаў, курорты і пансіёны; непадалёк, заліты нізкім сьвятлом, высіўся масіўны куб новага гатэлю кампаніі Шаратон. Унізе пад пальмамі, наўзбоч ад дарогі і гатэляў з бліскаўкамі рознакаляровых шыльдаў замерлі шэрагі аўтамабіляў; на прыморскай шашы іх трохі парадзелы паток, аднак, не прыпыняўся, бліскаючы фарамі, каціў і каціў у абодва бакі. Збочыўшы, два зь іх спыніліся ўнізе, якраз перад ягоным гатэлем пад пальмамі. З аднаго неўзабаве выйшла пара, жанчына прыпынілася трохі, чакаючы, пакуль мужчына зачыняў аўтамабіль, затым абодва таропка скіравалі да ўваходу. З другога чамусьці доўга ніхто не выходзіў, і ён перастаў чакаць. Ён перавёў позірк угору, у зіхоткую ад зораў чарнату паўдзённага неба.
Якраз перад фасадам гатэлю невысока над гарызонтам і морам выразна зьзяў пяцьцю зоркамі славуты Паўднёвы крыж. Тры зь іх былі амаль аднолькавай велічыні і яркасьці, а дзьве астатнія, што ўтваралі левае плячо крыжа, выдаліся драбнейшымі і амаль што зьліваліся ў адну, — быццам дзеля сымэтрыі крыжа. I з-пад гэтых зораў раптам узьнікла невыразная, бы ў тумане, выява твару ягонага бацькі (на сэкунду, можа, ня болей), але ён ажно здрыгануўся ад нечаканасьці. I разам менавіта адтуль зноў данёсься той загадкавы гук, ён стаў мацнець, зь ім сталі хутка большаць-набліжацца зоркі; стварылася ілюзія, нібы ён паляцеў насустрач. Сапраўды, ён страціў вагу, невядома як адарваўся ад поручняў, і апынуўся над морам. Сьпярша ён бачыў толькі зоркавы крыж, які ўсё большаў, выразна адчуваўся палёт, згледзеў затым, як прамільгнулі і зьніклі ўнізе набярэжная, вуліца з пальмамі, белыя фасады гатэляў, выгінастая палоска берагавога прыбою. Пад ім апынулася шырокая чорная пустка, а ён ціха, без супраціву паветра, нібы бесьцялесны, мкнуў кудысьці ўгору — у зорную мітусьню чорнага начнога неба.
Зноў, як і раней, тое не выклікала ў яго вялікага зьдзіўленьня сваёй нерэальнасьцю, было нават у чымсьці прыемна; яго цялеснае адчуваньне зьнікла, і ён не адчуваў ні сьцюжы, ні ранейшай звыклай задухі. Ягонае бесьцялеснае Я распласталася над змрочным марскім прасторам, які, аднак, рассьцілаўся ўсё шырай і шырай, ён адчуваў тое, чым вышай паднімаўся над ім. Неўзабаве зямная прастора і зусім зьнікла ўначы, навакол — зьверху і зьнізу, бліскала, мітусілася зоркавая карусэль; дзіўна было дзе не наткнуцца на якую зь нечакана блізка выніклых зорак. Але ён не наткнуўся. Яго нават вабіла іхнае зіхоткае мноства, сярод якога ён стаў пазнаваць некаторыя зоркі. Адкуль было тое пазнаваньне, невядома, ніколі ён адмыслова не вывучаў астраномію, можа так, выпадкам што-колечы зь яе ўведваў. Але цяпер з пэўнасьцю пазнаў ярчэйшую камбінацыю зь некалькіх зораў, што сьвяціла-міргала якраз на ягоным шляху наперадзе. То была раскіданая, бязладная гронка Стральца, ён нават палічыў зоркі, якіх аказалася дзесяць ці нават адзінаццаць — калі самых буйных, ня лічачы цямнейшых, дробных. Крыху далей над імі сунулася туманістая града Млечнага шляху, і ягоны шлях кіраваў наперарэз ёй. Тады першы непакой уварваўся ў ягонае адчуваньне — што ж гэта зь ім робіцца? Неяк пераадольваючы першую прыкрасьць, ён пачаў вальней азірацца па баках, нават зірнуў назад — Паўднёвага крыжа ўжо ня стала відаць, і зь ім дзесь неўпрыкмет зьнік, бы растаяў, невыразна-няўлоўны прывід бацькі. Мабыць, было менавіта так: бацька толькі прывід — ужо ён ня чуўся ўпэўнена, што то быў бацька. Унізе ляжала густая чарната — значыцца, ён пластаўся над акіянам, бо на мацерыку аднекуль бліснула б якое сьвятло. А можа, ён падняўся гэтак высока, што зьнікла зямля, і навакол быў адно толькі космас. Сьцюдзёны, мёртвы, загадкавы космас. Але ён не адчуваў сьцюжы, ды і дыхалася нармальна, хаця хутчэй за ўсё — ён ня меў патрэбы ў дыханьні. Нібы альбатрос над акіянам, ён бесьцялесна лунаў у зорнай стыхіі. Куды толькі?