Нешырокі прасьцяг Млечнага шляху ён адолеў даволі хутка, хоць было невядома, як мераўся час — зямнымі гадзінамі ці сьветлавымі гадамі. Аднак нічога асаблівага ў ім ён не адчуў — хіба пабольшала навакол дробных пылінак-зораў, якія, аднак, не краналіся да яго. А як вырваўся з тае зорнай туманнасьці, зноў трапіў у вольны зорны прастор, у якім па-новаму загучаў той зьнешні ці нутраны гул-сьпеў. Цяпер, аднак, той гул стаў болей падобны на сьпеў, урачыста-жалобны рэквіем. Але чаму рэквіем? Па кім рэквіем?..
Цяпер ужо было зразумела, што ён мкнуў-ляцеў кірункам на поўнач. Магчыма, ужо прамінуў экватар, — калі толькі з тое вышыні можна было спраектаваць на зямны экватар. Але куды? I адкуль вынікаў трывожны той сьпеў? Што яго яднала з тым сьпевам? I што чакала яго наперадзе?
Мусіць, аднак, ён ляцеў ня так і высока, хоць, несумненна, ужо ў космасе. I ён усё часьцей стаў пазіраць уніз. Празь нейкі час унізе паказаўся ледзьве прыкметны берагавы абрыс нейкага мацерыка, мабыць, акіян там скончыўся. Але што гэта быў за бераг, якога мацерыка, — ён вызначыць ня мог. Уздоўж берагу разьбегліся і цьмяна сьвяцілі туманістыя плямы сьвятла, — можа ад гарадзкога сьвятла шматлікіх мэгаполісаў? Значыць, то ня дзікая прастора, падумалася з надзеяй. Можа, Эўропа?..
Толькі што яму рабіць у Эўропе, да якой ён ня меў дачыненьня, яна не была ягонай радзімай, ён нават ні разу ня быў там наездам. Іншая справа бацька, бацькавы продкі. Некалі ў дзяцінстве ён чуў бацькаў аповед пра яблыкі «антоны», і зь дзіцячаю наіўнасьцю верыў, што яны самыя смачныя. Смачнейшыя за апэльсыны, за ананасы. Аднак ні есьці іх, ні нават убачыць ніколі не давялося. Хапала заўсёды іншых. Цяпер ён пачаў адчуваць, што падняла яго з гатэльнае лоджыі нейкая несумненна бацькоўская сіла, ці воля, ці хоць бы ягоны прывід, які затым зьнік. Ці, можа, застаўся ззаду. Цяпер у зорнай прасторы яго вёў іншы лякатар, вёў, аднак, упэўнена, мабыць, загадзя пракладзеным курсам. Што гэта было? Ці ня той гул-рэквіем? Але, можа, ён зьменіцца на іншы, на штось весялейшае, болей пэўнае і меней трывожнае?
Не, гул-сьпеў не зьмяняўся, наадварот, з часам рабіўся болей выразны, набыў быццам бы знаёмыя ноты — штось з Моцарта, Бэрліёза. Неяк яму нават пачуўся вядомы матыў з другой санаты Шапэна. Славянскі кампазытар мінулага, ён ведаў таго кепска, але чуў калісь, што і бацька паходзіў з таго далёкага краю. Падобна, тут умяшаўся сакральны фактар — покліч продкаў ці што. Здаецца, ён нёсься ў зорнай віхуры менавіта ў той бок, прынамсі — на поўнач.
Ля сузор'я Зьмяі, гэтых выгнутых справа налева пяці буйных зорак, ён зноў адчуў блізкую прысутнасьць бацькі, хоць ні вобліку таго, ні гуку нідзе не заўважаў. Быццам той быў побач і ці то кіраваў ягоным шляхам, ці то сваёй містычнай прысутнасьцю суправаджаў яго. I жалобны нутраны матыў стаў болей выразны — ён ужо прывык да яго мэлёдыі і ведаў пэўна, што то — пахавальны марш. Але чаму пахавальны? Запытаць у нябачнай бацькавай прысутнасьці не было як, ды ён і не наважваўся. Ён паводзіў сябе ў гэтай касьмічнай бездані дужа ашчадна і стрымана, каб не пашкодзіць чаму, зрабіць што ня так. Ды й бацькава прысутнасьць была далікатнай і не назаляла. Відаць па ўсім, нябожчык-бацька меў большае дачыненьне да таго, што цяпер зь ім адбывалася. У адрозьненьне ад сына, бацька так і не прызвычаіўся да краіны, дзе пражыў большую частку жыцьця і дзе аддаў Богу душу. Але не аддаў маладосьці, якая разам з фактам нараджэньня належала іншаму племю, ды й іншай культуры. А тое, мабыць, усё ж штось вызначае, як ён зразумеў, часам насуперак уласнае волі. I абставінам. Бацька быў не такі, як іншыя ля яго — не такі характар, не такая сутнасьць. Часам яго несумяшчальнасьць з акаляючай рэальнасьцю раздражняла сына, народжанага і выхаванага на новай зямлі, хоць ён і не асуджаў бацьку. Адно — доўга ня мог зразумець, таму, мабыць, ягоная сутнасьць і ня надта перадалася сыну. Але зь ягонай сьмерцю… Пасьля сьмерці бацькі штось незразумелае пачало мацнець у сэрцы сына, і той сьцяміў, што гэта не выпадкам. Найперш ён адчуў нейкія моманты ўласнай рознасьці з той зямлёй, дзе нарадзіўся, быццам у яго адкрылася іншая сапраўдная радзіма. Ды ён ведаў пэўна, што іншай радзімы не было, ён цалкам быў задаволены тою, што меў. Аднак, глядзі ты…