Выбрать главу

Да пары, аднак, усё неяк трывала, зьвяры віта ліся з ім, і ён усім ветліва адказваў. Хіба апроч вавёркі, якая аднаго разу надта ж надакучыла яму просьбай даць лепшае дупло, бо старое прагніло і зацякае. Упраўца так віскнуў на бедную вавёрку, што тая мігам узьляцела на самую верхавіну дрэва. Хоць адна ды спалохалася, бяз радасьці, аднак, падумаў заяц.

I во цяпер трэба ісьці на баравінку, дзе летась яго абралі, а сёньня будуць караць. Як галоўны Упраўца ён павінен быў клапаціцца і пра ўласную кару. Учора нагледзеў там ладную асінку, адзін сук якой тырчэў акурат крыху ўбок — будзе зручна прыладзіць пятлю. Горш за ўсё было тое, што і карай ад пачатку да канца павінен быў кіраваць ён. Паводле лесавога кодэксу, улада новага Ўпраўцы распачыналася толькі пасьля таго, як ранейшы апошні раз здрыганецца на тым суку. Можа, толькі тая норма кодэксу трохі і цешыла зайца.

Як ні дзіўна, зьвяр’я на пакараньне сабралося шмат — ніколі раней столькі не зьбіралася. На выбарах летась было ў два разы меней. Заяц ня ведаў, як зразумець тое — добра ці ня надта. Але спакваля вырашыў — добра. Значыцца, паважаюць, а можа і спачуваюць. Бо раней ня надта слухаліся, болей сварыліся.

Як усё было гатова, ён скамандаваў, каб перакінулі цераз сук вяроўку з пятлёй. Самы моцны з ваўкоў спрытна і згодна зрабіў тое, ухапіўся лапамі за вольны яе канец. Заяц падзякаваў зьвяр’ю за давер і папрасіў прабачэньня, што ня мог усім дагадзіць. Зьвяры зараўлі, загалёкалі ў знак згоды, а можа і нязгоды — ён ужо не зразумеў і накінуў на сябе пятлю. З жалем прыцяў да сьпіны вушы і незнарок пусьціў скупую сьлязу, якую ніхто, бадай, і ня згледзеў. Хіба адна вавёрчына на хваіне зводдаль жаласна кігікнула, і ён, перш чым аддаць каманду ваўку, падумаў: ці ня тая, што прасіла дупло, а ён адмовіў?

То быў адзіны знак прыязьні за яго няўдалае гадавое ўпраўства, і заяц імкліва ўзьляцеў угару.

Зьвяр’ё ад радасьці пачало высока падскокваць, махаць лапамі і хвастамі. Пасьля, як трохі супакоілася, галоўным Упраўцам абралі ваўка — таго, што трымаў вяроўчыну…

Хвастаты

Сучасная казка для дарослых

Калі на складзе пачало цямнець і над уваходам загарэлася электрычная лямпачка, Хвастаты вылез з нары.

Бегчы ў складскія памяшканьні было яшчэ рана. Хвастаты ведаў, што вусаты чалавек у сінім халаце яшчэ сядзіць у сваёй цеснай канторцы і курыць, — дымам ад ягоных цыгарэт прасьмярдзелі ўсе складскія закуткі. Трэба было пачакаць. Хвастаты быў пацук разважлівы і ніколі не кіраваўся ўласным апетытам, нават калі быў галодны. Цяпер ён быў дужа галодны, бо ня еў колькі дзён, — з той пары, як за шкляной загародкай паявіўся гэты Вусаты і зачыніў жалезныя дзьверы ў тую палавіну складу, дзе было ўсё. Праўда, усе тутэйшыя горы мяхоў, штабялі каробак і скрынак з бутэлькамі Хвастатага мала цікавілі. Колькі ночаў таму ён натыкнуўся там на каробкі ў куце, ад якіх ішоў адмысловы, надта ж прываблівы пах, і пацук не ўтрымаўся. Прагрызьці ў кардоннай каробцы патрэбную дзірку было няцяжка, і ён добра паласаваўся сырам, — так, што ледзьве прашчаміўся ў сваю цеснаватую пад падлогай нару. Але во — прыйшоў Вусаты і зранку зачыніў абабітыя жалезам дзьверы. Гэтыя дзьверы цяпер не адчыняліся ні ўдзень, ні нават уначы, калі Вусатага не было на складзе. I Хвастаты зьдзіўляўся — што той надумаў?