I цяпер гэты зорны палёт!
Мабыць, ён трапіў у самую высь неба, у самы зорны касьмічны зэніт. Зоркі абсыпалі яго з усіх бакоў, зьверху і зьнізу, нясьцерпна ярка зіхацелі перад вачыма, пераліваліся рознакаляровымі агнямі, некаторыя апынуліся зусім блізенька, і хутка імчалі ля яго, болей насустрач і назад: іншыя паволі адплывалі ў бакі. А то непадалёк падалі зьнічкі, выпісваючы касыя срэбныя дугі, ад якіх не заставалася сьледу. На палёце яго да Валапаса з валадарна зіхоткім Арктурам у сярэдзіне, хаўтурны матыў загучаў выразьней. Мэлёдыя неслася аднекуль з вышэйшых сфэраў і поўніла зорны абсяг нясьцерпным жалобным смуткам. Ён ужо выразна пачаў адчуваць, што тут нешта адбудзецца, і штораз пільней узіраўся ўніз. Унізе, аднак, скрозь было цёмна, толькі зрэдку штось бліскала — вадзяная паверхня ці, можа, асьветленае навакольле гарадоў-мэгаполісаў. Адзіночныя і дробныя агні на такую высь, вядома ж, не пранікалі. I ён падумаў, што, можа, ён пачаў зьніжацца, ці мо зорнае неба апусьцілася на зямлю. Толькі чаму зямля была гэткай сурова маўклівай? Чаму яна так затаілася? Бы набракла горам і гневам і чакае чаго? У небе ж не было ні гора, ні гневу. Зрэшты, не было й радасьці, гэта ён адчуваў пэўна.
Як на зорным краявідзе заблішчэў коўш Вялікай Мядзьведзіцы, сумны харал загучэў на ўсю моц, толькі ён усё ня мог сьцяміць, адкуль? Зьверху, з навакольля, ці ўсё ж са змрочнай зямлі? Або можа, зь ягонай душы? Ён падумаў, што, можа, менавіта з душы, што ён яго нес з сабой. Але адкуль у душы было загучаць незнаёмай мэлёдыі? Звычайна гучала шмат іншых, ды ўсё ж знаёмых, хоць бы аднойчы ім чутых. Гэтага ж (ён мог сказаць з пэўнасьцю), ён ніколі ня чуў. Значыць, тады не з душы. Зь неба ці, можа, зь зямлі…
Што зь зямлі — то было болей пэўна.
Гэтае адкрыцьцё змусіла яго пільней узірацца ўніз, у зямное цемрыва; зоркі перасталі цікавіць яго — яго болей зацікавіла зямля. Усё ж нешта трэба было згледзець на ёй — там была разгадка ягонай незвычайнай загадкі. Толькі дзе? Але вось палёт ягоны запаволіўся, ён лунаў ужо не сярод зораў, а пад імі, значыць, пачалося зьніжэньне. Здаецца, зьніжэньне па сьпіралі ці што? Музыка гучала аж да нясьцерпнасьці ўрачыста і кранальна. Так, там яўна штось здарылася, падобна — некага хавалі. Але каго? Так урачыста хаваць можна хіба што самога Бога. Але няўжо тут жыў Бог? Усё ж месца Бога вышэй, над усімі і ўсім, створаным ім. Над зямлёй, плянэтамі, зоркамі і космасам. Так, прынамсі, лічыў ён змалку, так было засьведчана ў сьвятым пісаньні.
Ён ужо не апускаўся нават па сьпіралі, ён кружыў над адным, бадай, месцам — чорным хаўтурным месцам у паўночным паўшар'і неба. Рэквіем то гучаў выразна, то заціхаў трохі, і тады ён разумеў, што аддаляецца ад нейкай мясьціны — ці не ад крыніцы музыкі? Нейкі час у ягоным становішчы нічога не мянялася — ягоныя кругі паўтараліся адзін за адным, і ён падумаў, што ад яго штось вымагалася. Зрабіць ці хоць бы спытаць? Толькі ў каго? Нікога нідзе не было паблізу, нават і бацькаў прывід тут ужо зьнік канчаткова. Ён быў адзін — у суцэльнай цемрадзі, пад зорным купалам, над цёмнай зямлёй, адкуль імкнула ўвысь і ўшыркі загадкавая музыка. I тады ён наважыўся.
— Каго хаваеце? — хрыплавата крыкнуў у цемру і аж не пазнаў свайго голасу, — гэтак жахліва гучна прагучэў ён у касьмічнай прасторы. Толькі рэзананснае рэха голасу сьціхла ўгары, як зноў жа з тае прасторы пачулася:
— Народ хаваем…
«Які народ? Чаму народ?» — заварочаліся ў ягонай сьвядомасьці недаўменныя думкі-пытаньні. Але вымавіць іх ён не наважыўся: мабыць, тое было ўжо занадта. Усё ўслухоўваючыся, ён стараўся зразумець нешта і, здаецца, пачаў разумець. Канечне, не дарма тут бацька. Але пры чым тут ён, бацькаў сын? Навошта яго прынесла сюды нейкая добрая ці злая воля?