Патуляўшыся па ўскраіне, ён падаўся да вадавоза, якога ведаў зь дзіцячай пары ад сваёй колішняй нянькі. То быў балбатлівы стары, п'яніца і абібок, ён ахвотна ўзяў зь ягоных рук апошнюю ягоную купюру і прапаў на ўвесь дзень. I на ўсю наступную ноч, якую цяпер чалавек дабіваў разам з галодным восьлікам.
Пад ранак, як поўня закацілася за пляскаты дах суседняй будыніны, чалавек устаў і падышоў да варотцаў у завулак. Тут ляжаў глухі начны цень, чорнае прысядзібнае кустоўе добра хавала яго на падворку. Унізе, рассыпаўшыся на павольным схіле, ляжаў сонны горад, месячныя прыцемкі лагодна ахіналі крывыя вулічкі жабрацкіх прадмесьцяў, бязладныя забудоўкі каменных, гліняных, саманных сядзібаў. Нідзе паблізу ня бліскала ніводнага агеньчыка, не сьвяцілася ніводнай лямпачкі; прадмесьці танулі ў туманістым месячным сутоньні. Толькі ўдалечыні зьзялі адбіткі сьвятла з-за высокіх дахаў камяніц у цэнтры, дзе высіўся нябачны адсюль прэзыдэнцкі палац, ратуша зь вежай і падсьветленым гадзіньнікам, гатэлі, дзьве паліцэйскія казармы за катэдрай у старажытных, нядаўна мадэрнізаваных кляштарах. Турма месьцілася далей, на ўскраіне, і таксама ў кляштары каля рэчкі. То было дужа здатнае месьцейка, у ім цяпер пляжылі маладыя жыцьці шмат хто зь ягоных сяброў. Іншых, мабыць, няма ўжо і ў жывых, і наўрад ці знойдуцца калі іх магілкі — гарылы ўмелі хаваць ахвяры — бяз знаку і сьледу.
Стоячы ў месячных прыцемках ля паламаных варотцаў, чалавек рашыў канчаткова: тое ён зробіць сёньня, уранку, адкладваць далей было немагчыма. Адклад можа абярнуцца для яго катастрофай.
Шкада, для таго зноў патрэбныя былі людзі; было бязглузда рабіць тое ўпотай, безь людзей. Толькі на людзях, лепей на плошчы. Але не на рынкавай — мэтазгодна было б на ратушовай. Тую плошчу ён ведаў змалку, туды хадзіў гуляць зь нянькай, затым церазь яе бегаў у недалёкую школу. Там жа ён упершыню спаткаўся са сваім адзіным і такім няшчасным каханьнем, а галоўнае — там перажыў колькі хвалюючых хвілінаў на сходах і мітынгах, як пасьля столькіх гадоў таталітарызму пачала ўсталёўвацца дэмакратыя. Ды не ўсталявалася. А тады плошча раілася ад тысяч людзей пад нацыянальнымі сьцягамі, з партрэтамі колішніх герояў нацыі, пад мегафонныя гукі палымяных прамоваў… Сьвятарныя словы пра дэмакратыю, волю і незалежнасьць хвалявалі болей, чым адмысловае віно, дужа верылася, што ўсё тое хутка настане. Але не настала і, здаецца, ужо не настане. Тыя, што тады зласьліва назіралі за імі з палацаў ды офісаў, са штабаў і казармаў, ліхаманкава рабілі сваю справу і выбіралі зручны для сябе момант.
I яны выбралі яго ўдала, якраз тады, як дэмакраты таго не чакалі, і скарысталіся спосабам, якога не прадбачылі.
Калі дэмакратыя зусім ап'янела ад пачуцьця грандыёзнай перамогі над шматгадовым таталітарызмам, гэтыя на авансцэну палітыкі выпусьцілі Бульдозэр — раней нікому не вядомага правінцыйнага палітыка, за якім у цяньку стаялі іншыя, вядомыя і дужа разумныя. Задума была ў тым, каб Бульдозэрам расчысьціць шлях да ўлады і прыхапіць яе для сябе. Але Бульдозэр аказаўся хітрэйшым за ягоных апекуноў і, зь нечуваным цынізмам захапіўшы ўладу, не схацеў ні з кім ёю дзяліцца, падгроб усю пад сябе. Сьпярша разагнаў парлямэнт, пасьля па адным перасаджаў у турму нядаўніх хаўрусьнікаў; вядомага крымінальнага аўтарытэта прызначыў кіраваць уласнай бясьпекай. Тым ён зьбянтэжыў лідэраў палітычных партыяў, якія напачатку нібы праглынулі языкі, ня ведаючы, як паставіцца да таго. А як адумаліся, стала позна: іхныя партыі былі аб'яўленыя падрыўнымі і распушчаныя. За тры месяцы Цынічнай дыктатуры ад нядаўняй дэмакратыі не засталося і сьледу. Парлямэнцкая апазыцыя апынулася на каменнай высьпе ў моры, мітусьлівых студэнтаў з унівэрсытэту перасялілі за калючы дрот на гарадзкім стадыёне, унівэрсытэцкія будынкі занялі пад паліцэйскія казармы. Прафэсары па адным паўцякалі за горы — на эміграцыю, а тыя, што засталіся, шчыльней зачынілі аканіцы і не паказваліся на вуліцу. Народ стаіўся, сьцішыўся, змоўк у паняверцы, падобна было — зноў засынае, каб не прачнуцца стагодзьдзе.