Празь нейкі нядоўгі час чалавек ужо нетаропка крочыў сярод многіх іншых гарадзкіх мінакоў, што чым бліжэй да цэнтру, дык болей высыпалі на гарадзкія вуліцы. Гэтыя ішлі ня толькі ў кірунку рынку. Горад прачынаўся, усчынаўся звычайны працоўны клопат: адчыняліся раньнія крамы, падмяталіся ходнікі, на якія выстаўлялі тавар рамесьнікі, ювэліры, гаршчэчнікі; на вешаках разьвешваліся нейкія апранашкі. Крыху пазьней на вуліцах сталі трапляць са сваімі чорнымі кейсамі дзяржаўныя службоўцы, гэтыя з важным выглядам сьпяшаліся мацаваць дыктатуру. У абодвух накірунках па вуліцы каціліся аўтамабілі. Напружаньне асьцярогі, што не пакідала яго доўгія дні і ночы, неяк паволі пачало нават меншаць, ён зноў трапляў у звыклы зь дзяцінства асяродак, ад якога быў надоўга адарваны. Добра, што ніхто пакуль не пазнаваў яго, ды асабліва й не ўзіраўся ў ягоны нічым не прывабны твар. Трохі было дзіўнавата, але ў тым горадзе, дзе ён пражыў жыцьцё, знаёмыя, мусіць, вывеліся, разьбегліся, хто куды. Шмат іх уцякло за мяжу, іншыя апынуліся за дротам ці ў турмах. Астатнія сядзелі ціха, мабыць, перажывалі спазьнелае адчуваньне віны перад дыктатурай і найболей — перад Бульдозэрам. Над гарадамі і паселішчамі гэтай краіны ўдзень і ўначы лунала ўсеабдымная здань страху, якая паралізавала волю.
Чалавек ня быў надта наіўны ў палітыцы і сваімі ўчынкамі ня меў спадзяванкі ўзварушыць народ, падштурхнуць яго на барыкады. I ўсё ж… I ўсё ж нейкая карысьць будзе, думаў ён, выпраўляючыся ў апошні свой шлях. Калі ня зараз, дык потым. Калі аб тым не напішуць тутэйшыя газэты, дык пабягуць чуткі, напэўна, перадасьць замежнае радыё. Гэткія ж рэчы здараюцца ня кожны дзень. А ў межах ягонай краіны, дык ці не ўпершыню за сто гадоў. I ўжо напэўна ягоны ўчынак — першы за час гэтай Цынічнай дыктатуры.
Сьцяўшыся ў тугі камяк, чалавек таропка пракрочыў паўз шыкоўны шкляны пад'езд высачэзнага гмаху замежнага банку, дзе, як заўжды, тоўпілася група паліцыянтаў у навюткай шызай форме. Унізе ля прыступкаў іх чакалі стракатыя ад розных колераў аўтамабілі зь мігалкамі. А крыху далей, пад мэталёваю агароджай царквы, сядзеў нядоўгі радок жабракоў — тых, каму не хапіла месца на цьвінтары. Выпетраныя жыцьцём старэчыя твары, схуднелыя рукі, якія цягнуліся да мінакоў, вочы ўмольна лавілі чужыя позіркі. Лепей было туды не глядзець, даць ім у яго не было чаго. Ён толькі збочыў ад іх на асфальт і тады на каменным слупе агароджы ўбачыў шырокую абвестку з партрэтамі і паліцэйскім подпісам унізе. Бегла зірнуўшы туды, чалавек аж скалануўся, пазнаўшы ў адным з партрэтаў сябе. Праўда, там ён быў маладзейшы, паголены, з гальштукам. Несумненна, то былі злачынцы, якіх шукала паліцыя. Але чаму на царкве? Ці ўжо й вернікі рабіліся памагатымі дыктатуры, зьбянтэжана падумаў чалавек. Зрэшты, а чаму б і не? Царкоўныя герархі працавалі на яе заўзята, мусіць, варта было чакаць таго і ад вернікаў… Здаецца, там была пазначана, і сума ўзнагароды тым, хто іх выдасьць. Тады тым болей, каму ня хочацца зарабіць у жабрацкай краіне.
Побач па бруку праімчаліся некалькі джыпаў з рулямі кулямётаў над ветравым шклом. У іх цесна сядзелі крутаплечыя постаці гарылаў у зялёных, пад мяккімі чахламі касках. Мабыць, куды на аблаву ці ўжо з аблавы, падумаў ён без жаднае, аднак, засьцярогі і схамянуўся. Яму ўжо заставалася няшмат, ягоная роля самапала блізілася да фіналу. На рагу ўжо віднелася паваротка, далей была караценькая вулічка да ратушавай плошчы, дзе хутка ўсё і скончыцца. САМАПАЛ было для яго слова новае, нязвыклае, мабыць, не пазначанае ні ў адным слоўніку, наватвор праклятага часу; здаецца, раней у ім не было патрэбы. А цяпер во такая патрэба зьявілася. Упершыню ён учуў яго з радыёперадачы пра падзеі ў далёкай паўночнай краіне і хутка забыўся пра яго. Аж во пакуль яно не займела непасрэднага да яго дачыненьня на тым, апошнім для яго паседжаньні камітэту. Як абмеркаваньне падышло менавіта да такой высновы, паўстала пытаньне — хто? Усе дужа задумаліся, ва ўсіх знаходзіліся прычыны. Ён такіх прычынаў для сябе не знайшоў. Прынамсі, па ім плакаць ня будзе каму, а самому ўжо ня прыйдзецца. Тое ўсё і вырашыла.