Выбрать главу

— Ды не, дзякуй, Таццяна. Дзякуй. Ты б і па самой справе выцягнула калі-небудзь свайго... Сустрэліся б. Пасядзелі. Паўспаміналі. Хіба нам няма чаго ўспомніць, а, Танюша? — Астапчык пастараўся ўсміхнуцца, але ўсмешка атрымалася кіслай — сам адчуў.

— I выцягну, Сцёпа! Выцягну! — адказала Таццяна.— Вось у бліжэйшыя выхадныя. Яму адпачыць трэба. Ты, можа, чаго прыходзіў? — ціха спытала яна, заглянула ў вочы госцю.

Астапчык разгубіўся.

— Я тут побач праходзіў... Дай, думаю, загляну... Усё ж не чужыя мы людзі...

— Вось і добра, што зайшоў. Добра. Свяглане нрывет.

— Абавязкова. Чакаем вас. Адрас жа ведаеш? — Астапчык устаў, абдзёр пінжак.— I тэлефон ёсць..

— Адкуль, Сцёпа!

— Давай запішу...

Таццяна падала блакнот, што ляжаў побач з тэлефонам, Астапчык адгарнуў першую старонку і, стрымліваючы хваляванне, напісаў назву вуліцы, нумар дома, кватэры і тэлефон. Потым падхапіў дыпламат, адчуў плюскат у бутэльцы, развітаўся.

Вечарэла. I хоць тралейбусы і аўтобусы былі амаль парожнія, Астапчык рашыў ісці пешшу. Калі ідзеш пешшу, па дарозе хораша думаецца. А яму якраз гэта і трэба: падумаць...

КРЫЎДА

Іван Сяргеевіч не дачакаўся канца ўрачыстага сходу, прысвечанага Дню Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту; калі інспектар па кадрах скончыў чытаць святочны загад, у якім пералічваліся прозвішчы перадавікоў-мужчын, узнагароджаных грашовымі прэміямі, а яго ў тым даволі доўгім спісе не аказалася, ён моўчкі ўзняўся і пачаў прабівацца да выхаду. Людзі, вядома, адразу звярнулі на яго ўвагу і ўбачылі, што вочы франтавіка павільгатнелі. Многім зрабілася шкада Сяргеевіча. Іншыя назіралі за гэтай сцэнкай абыякава.

А Сяргеевіч дрыготкімі пальцамі выцягнуў цыгарку з пачка — курыў ён толькі «Прыму», запыхкаў сізым дымам і выйшаў на ганак.

Быў ціхі сонечны дзень, але халодны, марозны.

Іван Сяргеевіч ішоў з фабрыкі дадому, схаваўшы рукі ў глыбокія кішэні: рукавіцы недзе там, у сталярцы, і ён не стаў заходзіць на рабочае месца, лішні раз паказвацца перад вокнамі клуба, дзе ўсё яшчэ засядаюць. Каўнер паліто стаяў тарчком, згорблены, Сяргеевіч нагадваў чалавека глыбока пакрыўджанага, няшчаснага,

Чаму — нагадваў? Менавіта ён і быў такі. Але што цікава, Сяргеевіч не злаваў асабліва на дырэктара, хоць ведаў, што той уласнай рукой выкрасліў яго са спісаў — больш няма каму. Ні на каго не злаваў. Проста яму было крыўдна, што яго, адзінага франтавіка, абыйші. «Ды яшчэ ў такі дзень,— думаў ён і адчуваў, як сціпала сэрца.— Бог з ім, з тым чырвонцам, не ў ім справа. Сорамна людзям у вочы глянуць... Здорава ты, Сяргеевіч, відаць, у гарэлку ўюшыўся, калі дырэктар нават на такое свята прэміі пазбавіў, ківаць цяпер пачнуць...»

Сяргеевічу хацелася з кім-небудзь пагаварыць, адкрыць сваю душу, тады мо і лягчэй стала б. Ну, прыйдзеш дахаты, сядзеш насупраць жонкі і будзеш так сядзець сабе. Хіба ж яна зразумее! Ды і што разумець? Ат! Горш таго, адразу спытае: «Чаму ж так рана сёння вярнуўся? Збег?» Што ёй скажаш? Не-е... Дамоў — нельга, ранавата. Тады ён успомніў пра Міколу Шалабодава, аднапалчаніна. Вось з кім трэба стрэцца! Той зразумее...

Мікола ўжо каторы год на пенсіі, сядзіць сабе дома, унукаў песціць. Ён — не Сяргеевіч: гэта той усё без калектыву не можа, а калектыў, бачыце, як да яго сёння...

Сяргеевіч датэпаў урэшце да дома, у якім жыве-дбае аднапалчанін, адшукаў пад'езд, кватэру, утапіў кнопку. За дзвярыма пачуліся крокі. «Дома,— з радасцю адзначыў Сяргеевіч.— Яго, яго крокі, бы мядзведзь ступае ўсё яшчэ».

3 дзвярэй выглянуў Мікола.

— А, ты, Сяргеевіч,— быў рады госцю аднапалчанін, шырока працягнуў насустрач рукі.— Праходзь, праходзь, дружа.

Злёгку абняліся.

— Са святам цябе, Мікалай,— ціха, не зусім урачыста прамовіў госць.

— I цябе, і цябе, Іванка. Знімай паліто,— Мікола, шырока ўсміхнуўшыся, дапамог Сяргеевічу.— А туфлі — не трэба: з падлогі цягне ды і не прыбіраўся сёння. Усё няма калі.

Яны падаліся ў залу, вялікую і светлую, селі за круглы стол. Шалабодаў усміхнуўся Сяргеевічу, чакаў такой жа ўсмешкі ў адказ, але яна не пазначылася на твары госця. Сяргеевіч сядзеў сумны, у голаў падкралася думка: «Не буду расказваць пра сваю крыўду. Ён усё роўна не зразумее. Сам жа некалі ў дырэктарах хадзіў...» I не расказваў бы, сядзеў бы так моўчкі, абыякавы да ўсяго на свеце, але ж Шалабодаў — псіхолаг, з людзьмі працаваў, ад яго ні пад якой маскай не схаваешся.