Вечарэе. Апранаю кажушок — трэба дапамагчы старым. Як і ў ранейшы час нясу бярэмя сена карове, вада таксама цяпер на мне, а яе многа трэба нанасіць: ад хатняй жыўнасці бацькоў не адарваць, трымаюць карову, двух парсюкоў, курэй, качак, трусоў, а цяпер завялі яшчэ індыкоў. Пытаю: «Куды вам столькі?» У мамы адзін адказ: «А што ж мы, сядзець павінны склаўшы рукі? Так жыць лягчэй, калі дзень за- няты». Іх не пераканаеш. I што цікава, малако самі не скарыстоўваюць, а карову трымаюць. Усё здаюць. Да кроплі. «Нам жа сена за малако...» Бачыш? Сена. Круг атрымліваецца: ты нам — малако, мы табе — сена. Ведаю, што выгоды ад каровы старым ніякай, але і пазбавіцца не могуць: прывыклі. Не толькі нашы бацькі — усе ісканцы такія. Нават бабкі старыя. Куды б ім ужо, здавалася? На карову і сена нарыхтуй, і пасвіць трэба. Бывае, што і па дваццаць пяць рублёў плацяць за чаргу, а яна падыходзіць кожны месяц. Вазьмі аловак, падлічы, колькі каштуе такое малако. Дарагаватае. Але зразумееш тую Дуню Ляпейка. Помніш яе? Канцавая хата, каля канюшні. Сама пасвіць не можа, упрошвае людзей, а рагулю не здае, бо для адзінокай жанчыны карова ўсё — і карміцелька, і жывая істота, якую можна пагладзіць, з якой можна пагаварыць, а то і шчакой прытуліцца...
У кожнага чалавека свая прычына, яна і не дае развітацца яму з рагуляй.
Сёлета сена ў цёткі Марусі пе бралі, так і засталося яно ў садку — на карані пажоўкла трава. Не знайшлося ахвотнікаў. Да каго ні звярталася, амаль бясплатна аддавала — усе адмовіліся. Праўду кажучы, дык яна, Маруся, сама вінавата — стаіць над душой, касцярыць: «Як косіце, шалапуты? Рукі б вам паадрываць! Вось мой Панас касіў — як лязом галіўся!» Васіль Старавойтаў памеўся быў купіць у яе соткі, а калі яна пачала яго, чалавека сталага, вучыць, як трэба касіць, плюнуў, касу на плячо — ды ходу. «Будзеш ты яшчэ мне тут нервы псаваць!»
I трава прападае каторы год. Старая скача на сваіх хадулях па гародчыку, бядуе, а сама за касу не возьмецца — інвалід. Смешна і грэшна, як гавораць, хоць і цётку Марусю зразумееш: чалавек стары, хапіла на яе вяку нястачы, гора, вось і цэніць кожную травінку, шкадуе. Маладзейшым, відаць, яе сёння цяжка зразумець, дзівачкай лічаць, скнарай.
Хоць у яе і гэтая рысачка ёсць, не адымеш. Помніш жа, як прасіла ў нас з табой парады, куды звярнуцца, каб радыё адрэзалі. «Навошта яно мне? Слухаць не слухаю, а толькі кожны месяц плаціць грошы трэба. Гэта яшчэ Панас падключыў... Хай адразаюць». А ў Кулазе ж, акрамя як па радыё, і голасу чалавека не пачуеш — усе хаты стаяць без людзей, рэдка ў якой жыццё цяпліцца. З'ехалі людзі. А каму было цяжка адважыцца на такі крок — дажываюць век там, як і цётка Маруся, Панасіха.
Нядаўна я зноў пабываў у Кулазе. Заглянуў у акно адной хаты, другой — і жудасна зрабілася. Усё ў пакоях так, як і пры жыцці гаспадароў. Ложкі стаяць, падушкі на іх, на стале міскі, талеркі, шклянкі, гарлачы, у парозе — вілачнік, чапяла... Быццам чалавек вось-вось вернецца, прапа- нуе: «Ну, заходзь, чаму гэта ты стаў перад акном?» Усё гэта і падштурхнула мяне напісаць п'есу «Вокны». А потым яшчэ і цётка Насця, Лявонава. Прыбегла з Кашалёвак да маці, каб тая ёй нітку ў іголку прасунула, вузельчык на канцы завязала. «Ой, Вольгачка, ледзьве вечара дачакалася— зразу да цябе, бядовачка: у дзіравай спадніцы хаджу. Сорам які! I латку падабрала, і іголку знайшла, а ніткай у вушка не пацэлю, яй-богу. I папрасіць няма каго — адны старыя засталіся, нямоглыя, у іх вочы, як і ў мяне, на адзін капыл!»
Сапраўды так: у вёсачках, што абляпілі з усіх бакоў нашу Іскань, засталіся адны старыя. У Трысціўцы, Лосеўцы, Доўгім, Негліве, у той жа Кулазе. А як жа быць з публіцыстамі, якія ўголас заяўляюць: «Кожная вёска павінна жыць!» Бяру наўздагад кнігу — панавёз, на мясцовую бібліятэку не разлічваю, бо ці ўпалюю за яе загадчыцай — сказаць не бяруся, цяпер нават рэдка хто і ведае дзяўчыну, да якой перайшлі на гэты раз ключы, і знаходжу... ну вось хоць бы ў Юрыя Вігора такія радкі: «Прыйдзе час, і я зноў вярнуся туды, у гэтыя ціхія вёсачкі, якія прытуліліся на краі зямлі, вёсачкі, якія не павінны знікнуць ні праз дзесяць, ні праз пяцьдзесят, ні праз сто год». Спраўдзілася б! I пра- чытаць бы, злавіўшы на слове, у таго ж Вігора гадкоў хоць бы праз некалькі шчасліва-ўсхваляванае: «Жывуць!»
Усе хочам, каб жылі вёскі, а як іх выратаваць — не ведаем. Ці мо проста не хочам? А мо і ўвогуле гэта заканамерны ход падзей, мо гэта ўмысна гісторыя ламае старое, падсоўвае нам горад, а ў тых жа вёсках — дамы на гарадскі манер: бярыце, жывіце!
Зайздрошчу аптымістам. Аптымізм — цудоўная рэч, і мы на яго багатыя, але ж ці будуць жыць Кулагі і Лосеўкі, калі яны, можна ска- заць, ледзьве дыхаюць ужо сёння., Яны нагадваюць мне старога, які шкрабецца на самы высокі наверх па прыступках, выбіўся з сілы, а ліфт не працуе — зламаўся. Ці дойдзе? Ці адужыць прыступкі? Мы ўсе глядзім на гэтага бедалагу і задаём аднолькавыя пытанні. I толькі. Дапамагчы не дапамагаем. На руках не панясеш — цяжкі. А карысці з таго, што ты за руку прытрымліваеш крыху — мала... Ісці збоку не тое самае, што па цаліку...