Выбрать главу

Быў такі момант у біяграфіі Іскані, калі людзі з трывогай пачалі думаць: хто ж заўтра тут будзе жыць, зямельку песціць? А потым пачала заставацца моладзь, сама па сабе, стыхійна, гледзячы адзін на аднаго. I гэта ўсяліла надзеі. Застаўся ў калгасе Анатоль Кавалёў, бацька цягнуў яго ў Мінск да сябе, але ён не паслухаўся, ажаніўся з Марыяй Панадысёвай. Ён — трактарыст, яна — медычка. Медычка! Для вёскі — знаходка. Усе браты Ляльковы засталіся — Васіль, Уладзімір, Міхаіл і Дзмітрый. Трактарысты. Дамы для сябе пабудавалі, з маці жыве толькі халасцяк Дзмітрый. Але і для яго наваселле зробяць, калі ў бацькоўскай хаце не ўжывецца. Як мурашы хлопцы, адзін каля аднаго. Праўду гавораць: брат моцны братам. Людміла Іванаўна, іх маці, не нарадуецца. I наша, гледзячы на Ляльковых, сказала неяк: «Зайздрошчу я Люсі». Я адразу лаўлю яе на слове:

— А ты ж хацела, каб твае дзеці ў гарадах жылі?

— Тады хацела, а цяпер і ў вёсцы добра,— адказвае маці.

Мікалай, сын Івана Радзівонавіча Глусцова, таксама застаўся. Працаваў на трактары, камсамольцы яго на свой з'езд у Маскву пасылалі, раённая газета змясціла партрэт хлопца. Газета гуляла па вёсцы. Не хавалі радасці землякі, ляпалі па плячы, хвалілі: малайчына, Коля! Ёсць і сярод нас героі, не лапцем боршч сёрбаем. Мікалай — чалавек замкнёны, ціхмяны, хоць і характар мае настойлівы. Прыемнай была, вядома ж, для яго ўвага землякоў, але выгляду не падаваў — стрымліваў пачуцці. А бацька, ты ж ведаеш Івана, свяціўся ўвесь тварам, за словам у кішэню ён не палезе, гаварыў: «Не для таго я пяцёра дзяцей на свет пусціў, каб на падхваце былі ў іншых! Не выйдзе! Толькі наперад! А калі хто пакрыўдзіць уздумае — я побач!» У гэтых словах — і гонар, і жыццёвая лінія Івана Радзівонавіча. Не за ручку вядзе па жыцці ён сваіх дзяцей, а словам, уласным прыкладам. Сам у калгасе, і дзеці пры ім. У горадзе толькі старэйшы, Міша, трамвай водзіць. Іван і Аня вучацца ў сельскагаспадарчым тэхнікуме, як некалі Мікалай. Васька пакуль школьнік.

Разрастаецца дрэва Глусцовых. Мікола ж, дарэчы, з суседкай ажаніўся — Надзяй Снытковай.

А Валік Клімаўцоў? А Люба Шурмялёва?

Застаюцца хлопцы і дзяўчаты. Ведаеш, пра што ўсё гэта мне напомніла? Быццам стаіць машына на мосце, збіла парэнчы, пагойдваецца, і лёс яе цяпер ад людзей залежыць — налягуць, то ўспаўзе на мост, не — пляснецца ў рэчку. Магла б і вёска наша так... Не сёння, дык заўтра. Але людзі наляглі. Можа, і не зусім удалае параўнанне, але чамусьці гэтае падвярнулася пад руку.

Цяпер пра хлопцаў, братоў нашых. 3 арміі вярнуліся вясной, заязджалі да мяне. Усё лета бадай што жылі ў вёсцы, бацькам з імі і лягчэй было, і весялей. Валодзя сказаў аднойчы мне:

— Я ў вёсцы застаюся.

— Хвалю,— адказаў яму.

— Сашка — як хоча, а я застаюся. Пакуль з бацькамі пажыву, потым аддзядюся — у калгасны дом, а? У Маскве калі служыў, то прапа- ноўвалі нам там застацца. У будаўнічым атрадзе. За мяжу таксама прапаноўвалі. Не, не люблю я горад. Вось так рашыў: ажанюся, завяду гаспадарку, парсюкоў, курэй, трусоў, а там мо і пчол. Чым не жыць? Рабіць, праўда, трэба, але ж... Сам падумай. Заманліва? Парсюкоў — двух: аднаго для сябе, другога на базар. Хату ж трэба абставіць. А потым, можа, і машыну куплю. У грыбы ці куды праехаць — зручна. А працаваць у калгасе буду. Са старшынёй размаўляў, то давай, кажа, у будаўнічую брыгаду, а там у тэхнікум паступай завочна, прарабам будзеш. Як?

Было б, вядома, добра, каб нашы малодшыя браты і сапраўды засталіся дома. Глядзіш, і нам было б куды прыехаць, бацькі ж не вечныя, а зямля, дзе нарадзіліся, выраслі,— заўсёды ў сэрцы.

— Малайчына, Валодзя! — гавару і бачу, як па-даросламу шчыра свецяцца ў яго вочы.— Толькі ж і нявесту трэба такую выбраць, каб працу любіла, добрай парай табе была. Ёсць на прыкмеце?

Маўчыць. Няма ў яго нікога. Ведаю. Сашка ў клуб, а ён дома знойдзе для сябе занятак. Корпаецца паціху, майструе нешта. То кармушку для трусоў, то самакат — ваду вазіць. Мусіць, і ёсць на прыкмеце ў яго нехта, але сёння і сапраўды цяжка знайсці дзяўчыну, каб завіхалася па гаспадарцы ад прыцемку да прыцемку. Сэнс жыцця бачаць вяскоўцы не толькі ў працы — і ў адпачынку. Правільна: сумяшчаць трэба. Але ж усё роўна давядзецца ў нечым недабраць...