Выбрать главу

Бульбу пасадзілі без Васіля, селі за стол, і тут і сусед заглянуў, з трывогай у голасе сказаў:

— Ноччу на АЭС пажар быў...

Ён збіраўся да бацькоў, звечара купіў тое- сёе ў харчовым магазіне — не прывык з голымі рукамі наведвацца на родны поплаў. Уяўляў, як пойдзе за плугам, з-пад лемеха будзе адгортвацца лустай зямля, класціся ў баразну, хаваючы пад сабой бульбу. Да канца дзяжурства заставалася тры гадзіны, калі прагучаў сігнал трывогі. Натрэніравана, хутка асабовы састаў заняў месцы ў машынах, і тыя, разразаючы начную цішыню сірэнамі, паімчалі на месца здарэння.

Полымя шугала ўгору іскрамі, асвятляла станцыю. Ні хвіліны не раздумваючы, баявы разлік, у саставе якога было спярша 28 чалавек, прыступіў да тушэння пажару. Старшы сяржант Васіль Ігнаценка першым узабраўся на 70-метровую вышыню, моцна сціскаючы ствол пажарнага рукава. Глянуў уніз — не адстаюць хлопцы, малайцы. Крыкнуў: «Адразайце агонь з боку трэцяга блока!» А сам падступаўся бліжэй да полымя...

Пасля таварышы ўспомняць, як Васіль Ігнаценка паспяваў усюды. У пастцы аказаўся сяржант Уладзімір Цішура, абклала яго з усіх бакоў полымем, яму хутка не будзе чым дыхаць: дым. Ігнаценка адбіў у стыхіі таварыша. Успомняць, як вынес з агню страціўшых прытомнасць старшага сяржанта Мікалая Ціценку і сяржанта Мікалая Вашчука. Успомняць... I на пачах выкругляцца слёзы: шкада Васіля, такі чалавек быў. Волат з душой дзіцяці.

3 расказаў Івана Тарасавіча Ігнаценкі:

— Ён рос добрым хлопчыкам. Паслухмяны быў, падатлівы. Жыццё любіў. Пасля школы, Іліцкую дзесяцігодку Вася скончыў, кажа мне: «На электрыка паеду, тата, вучыцца». Едзь, адказваю, табе самому сцяжынку ў жыцці выбіраць. Хоць недзе ў душы і думаў я, што па маёй лініі пойдзе. На трактары будзе рабіць ці машыне, бо заўсёды да руля падбіраўся: «Дай праехаць, тата». У Гомелі вучыўся, прафтэхвучылішча восемдзесят адзін. А тады яго ў Бабруйск накіравалі пры размеркаванні. Мала папрацаваў там — забралі ў армію служыць, у самую Маскву трапіў, у вайсковыя пажарнікі. Калі дэмабілізаваўся, то панавёз і значкоў, і падзяк — усяго, у нас ажно вочы разбегліся, гледзячы на ягоны салдацкі скарб. Суседзі прыйшлі, таксама разглядалі, хвалілі. Спытаўся тады ж у Васіля: ну, дзе працаваць думаеш, сынок? Мо ў калгасе? А ён і кажа: «Не, тата, у Чарнобыль паеду. 3 часці напісаў: ці патрэбны вам пажарныя? Адказалі: прыедзь, на месцы пагаворым». Я тады, прызнацца, сказаў яму: «Ну і што ж гэта за работа такая? Круглыя суткі спаць трэба». Калі ж у нас пра па- жарных заўсягды так баяць... Лайдакі, маўляў... А яно, бачыце, як... Ён і з Чарнобыля прывозіў медалі на чырвоных стужках. Майстрам спорту стаў, быў капітапам каманды, гаварыў, што чэмпіён Украіны і вобласці па пажарна-прыкладным відзе — так, здаецца, правільна? У зборную рэспублікі таксама ўваходзіў. Пацікавіўся неяк, пытаю: «I што вы на тых спаборніцтвах робіце?» А ён ні слова, ні паўслова, а як усхопіцца, бы вецер, з месца ды як сігане цераз варотцы, што вялі на агарод, а яны ж каля двух метраў у вышыню будуць. I гэтага яму мала — па лесвіцы, без дапамогі рук, узабраўся на гарышча, адтуль на вільчак і скок сабе на зямлю. Я нават не паспеў ачомацца, як ён усё гэта прарабіў. Усміхаюся, ківаю галавой: ну, цяпер я ведаю, як багата спяць пажарныя, давай руку пацісну, сынок.

Як бяда здарылася, я ў Маскву паехаў, у бальніцу, праведаць Васю. Гляджу на яго, а ў вачах поўна слёз, не ўтрымаўся, хоць і не да твару б, здавалася,— мужчына ўсё ж, пытаю: «Ну і як жа ты, сынок, не ўбярог сябе?» Уздыхнуў Вася, ціха сказаў: «Не мог, тата... Пра вас думаў...» I дачка са мной была, Люда, старэйшая. 3 ёй прафесар Аляксандр Іванавіч Баранаў размаўляў, пакуль я ў сына быў у палаце. Васю трэба была пункцыя касцёвага мозгу... Люда, сама медык, легла на аперацыйны стол... Службовае пасведчанне ён мне аддаў у бальніцы. «Няхай дома,— гаворыць,— пабудзе. Вылечуся — прыеду, забяру». Пра жонку, Люсю, пацікавіўся. Яна дзіця чакала... У Кіеве, гавару, Люся, за яе не хвалюйся. Гэта 28 красавіка было, а трынаццатага мая Васі не стала... Дваццаць пяць гадкоў пражыў... Усяго... А мы пераехалі са Спярыжжа ў Зарэчча, да жончынай сястры — Ганны Пятроўны Протчанка. Яна сама да сына перайшла жыць, а нам усю хату аддала. Часова мы тут. Пазней будзем уладкоўвацца дзе-небудзь на пастаяннае месца жыхарства, ды за работу трэба брацца — пускаць карані. Жыць трэба...

4

Верасень. У школах пачаліся заняткі. Дзеці вярнуліся з піянерскіх лагераў і зон адпачынку, дзе правялі ўсё лета. Многія з іх адразу ехалі па новых адрасах: там чакалі бацькі. А на будаўнічых пляцоўках кіпела праца. Будаўнікі спяшаліся: зімаваць перасяленцы павінны ў новых домах — такую задачу перад імі паставілі партыя і ўрад.