I калі ў нас кожны навучыцца думаць?!
У Іскань я прыехаў на наступны дзень. I першае, што пачуў ад людзей, было цяжкае, з уздыхам-выдыхам:
— Няма болып нашай «Іскры». Патушылі... Эх-ма!
Далей — болып:
— Не далі і слова сказаць...
— Абрабавалі сярод белага дня...
— А я і зусім не паспеў на той сход: пакуль каня прывязаў да слупа, гляджу, і людзі разыходзяцца.
Як бы там ні было, а «Іскру» ўзяў на буксір «18 партз'езд». Але чаму — на буксір? Раённая газета пастаянна друкавала самыя розныя зводкі, і людзі бачылі, што амаль па ўсіх паказчыках «Іскра» займала прыстойныя месцы, было нават, што і першыя, другія, трэція — у хвасце, адным словам, не плялася. Людзі зараблялі добра. Тэхнікай увесь двор застаўлены. А потым, як пярун,— доўг дзяржаве, ды не маленькі... Вось табе, бабулька, і Юр'еў дзень! Хто ж улез у дзяржаўную кішэшо? Іван Семчанка? Якаў Шчарбакоў? Не, гавораць, не бралі, нічога не ведаем, нават першы раз чуем.
Запазычанасць і стала быццам галоўнай прычынай у вырашэнні лёсу гаспадаркі. Самі калгаснікі нічога змяніць не маглі. Узняў ты руку ці не, а ў залу было кінута: «Будзем лічыць, большасцю галасоў...» Нехта запратэставаў, выгукнуў:
— Дык тут жа і палавіны людзей няма!
Не было пачута.
На наступны дзень па Іскані ездзілі аўтамашыны з абідавіцкімі нумарамі, вазілі цялят на цэнтральную сядзібу — цяпер ужо, падумаць толькі, на цэнтральную за шэсць кіламетраў, міма Іскані! — а людзі глядзелі ўслед, уздыхалі:
— Наша забіраюць!
Яны не маглі звыкнуцца, што цяпер «наша» — і ў Абідавічах. Успомнілі нядобрым словам былога старшыню, усю віну і за мільён, які быццам бы ўзяты быў на нейкае будаўніцтва, а куды падзеўся, ніхто і не ведае, і за ўсе іншыя грахі перакладалі цяпер на яго. Пачакайце, а дзе ж самі былі? Чаму члены праўлення вады ў рот набралі? Ці старшыня ўсё адзін вырашаў? Не, чую, не адзін... таксама рукі падымалі.. Рукі! Рукамі-то іншы раз і галаву варта памацаць — ці на месцы? Не дадумаліся. Не здагадаліся. А цяпер стаяць усе пакрыўджаныя, як сіроты...
Я доўга размаўляў у той дзень з землякамі. Больш слухаў. Гаварылі яны — спяшаліся выказацца, бо па сходзе ім проста-напраста не далі.
А можа, далучэнне гэта і трэба было? Можа, на буксіры далей заедзем? Пабачым. Добра было б, каб праз гадоў пяць — дзесяць успомнілі сход, самі прызналіся, што памыляліся, дарэмна пратэставалі...
— Дабірайся цяпер па рознай дробязі за шэсць кіламетраў! То паперку падпісаць, то папрасіць чаго! Перасялялі б тады і нас усіх... ці як?
— Аўтобус пусцяць, Пятро! Бясплатна вазіць будуць!
— На бясплатным многа не наездзіш... Ага.
— Дык а наша Іскань — што, на супакой? Няхай памірае, гавее? Як Кулага, як Лосеўка? Падбіраецца полымя пад нашы стрэхі.
— Не згарым!
— Табе, бачу, усё роўна...
— Во як у жыцці бывае: смяяліся з абідаўцаў, што яны па святах і выхадных улетку на лавачках сядзяць разадзетыя — як на парадзе. Няхай колас асыпаецца — для іх адпачынак на першым плане. А цяпер нас адной вяроўчынай звязалі. Параднілі. Ці ж першага сорту сноп будзе?..
— Сляпцамі так і звалі нас. Ісканцы — сляпцы, гнуць спіну ў полі ад цямна да цямна, свету белага не бачаць. А які толк, што мы і сапраўды ад цямна да цямна гарбаціліся? Змяшалі ўсіх у адну кучу...
— Самі на пяску сядзяць, а ў нас жа зямелька! На ёй тапарышча ўторкні — расці будзе!
Тут яшчэ такія пагалоскі ходзяць. Перад самым далучэннем старшынёй «Іскры» рэкамендавалі агранома з Абідавіч — Віктара Карпенку. Хлопец малады, разваротлівы. Першай справай паклапаціўся, каб звязаць Іскань з Абідавічамі асфальтам. I звязаў! Нехта з нашых старых назваў яго дыверсантам, маўляў, ён жа спецыяльна падасланы быў не ўзняць калгас, а здаць яго ў палон.