Сумны жарт.
Прыходзіла надоечы цётка Ганна. Цяжка ёй жыць адной. На агарод была махнула рукой — самой яго не ўпарадчыць, а на віно пенсіі не ха- пае. Людзі не пакінулі ў бядзе старую, корпаюцца. Нашы таксама дапамагаюць. То бацька што дапаможа, то маці выкраіць час, прыбя- жыць, а то і хлопцы, калі прыедуць на выхадныя. Усё ж цётка Ганна, Ганна Гаўрылаўна Панадысёва, першай прытуліла нас у Іскані, а ты, дарэчы, і нарадзіўся ў яе маленькай, але гасціннай хатцы. Яна часта ўспамінае цябе, не праміне спытаць: «Як там Мішка?» Паштоўку хоць бы не ленаваўся да свята пасылаць. Дробязь, а старой — радасць. Ёй цяпер няма ад каго нават і весткі атрымаць, мо калі ад унучак толькі, але ж яны побач, у Магілёве,— наўрад ці пішуць.. Гэта дзеўкі Колі, сына яе, старэй- шага. Волат жа быў хлопец! Прыгожы, здаровы, а хвароба і яго не пашкадавала — зваліла. Ён у апошні час адкрыта пра смерць гаварыў, з сумам толькі ў голасе, бо не бачыў уратавання. Горш, відаць, не бывае, калі ведаеш, што твае дні на гэтым свеце заканчваюцца і ніхто не можа цябе абараніць ад жорсткай хваробы.
Міцю, сярэдняга, прывёз на машыне ў труне Міхаіл Юрчанка, яны там разам у Піткяранце жылі. Ён так і не ажаніўся, а паўвека амаль было чалавеку. Пра нябожчыкаў кепска не гавораць, але што хаваць — піў... Яна, горкая, і скруціла ў рэшце рэшт, зрабіла сваё. Я і думаю: а хтосьці мог быць з ім шчаслівым чалавекам. Прыгажун. Ну, а пра Аркадзю чуў, ён самы першы памёр. Не пажадаеш і ворагу такога, што перанесла на сваім вяку Ганна Гаўрылаўна. Муж, ведаеш жа, з вайны не вярнуўся. Ця- пер адна.
Я часта заходжу да цёткі Ганны. Яна праслязіцца, прызнаецца:
— Аб адным шкадую, што Міцю не выратавала. Сны ж бачыла.,. Трэба было хоць бы цябе папрасіць ды з'ездзіць у Карэлію, забраць яго. Казаў Мішка, што піў і не еў. На рабоце цанілі, таму не выганялі — не было каму рабіць за яго. Лепш бы выгналі. Ой, Міцька, Міцька! Што ж ты нарабіў, сыночак? Я ж яшчэ, як ты ў горад паехаў, баялася за цябе. Характарам добры, сапсуе горад. Ён на работу не выходзіў, пакуль усе грошы не прапіваў, а тады ўжо рабіў дзень і ноч. На заводзе ведалі: пасля зарплаты Міцькі не будзе, прывыклі да гэтага, ён сваё зробіць... Так на рабоце і ўпаў...
Ты помніш, у цёткі Ганны была кніга, якую яна берагла, як самую дарагую каштоўнасць — евангелле. Усе пахаванні-адпяванні без яе не абыходзіліся. Ніхто, пэўна, так не верыў у бога ў вёсцы, як Гаўрылаўна. А калі пахавала трэцяга сына, перастала адразу ж, а людзям, што прыходзілі прасіць па першасці, не ведаючы пра гэта, гаварыла, махаючы рукамі:
— Няма бога.... Няма... Няма...
I тыя разумелі Ганну, ім заставалася толькі паспачуваць ёй.
Колькі вынеслі нашы цёткі Ганны! 3-за вайны. 3-за дзяцей...
Гады чатыры назад да Дня Перамогі каля брацкіх могілак паставілі дашчаты столік, лаўкі. Аднаго разу бачыў,як ранічкай, амаль на досвітку, прыйшлі сюды Еўдакія Пятроўна Храмцова і Лёксачка, што ў вулцы жыве. Прозвішча з галавы вылецела, прабач. Выклалі бабулькі на стол з вузельчыкаў ежу. Бутэльку таксама паставілі. Хлеб парэзалі. Чаркі напоў- нілі. Цётка Дуня змахнула слязу, падняла сваю чарку, загаварыла, ні на каго не звяртаючы ўвагі:
— Ну, жанішкі нашы, ну, родненькія, давайце вып'ем за перамогу.— I выпіла.— Закусвайце. Закусвайце, міленькія. Хлеб бярыце. Каўбаску, сын мой, Пецька, з Магілёва прывёз. Сала вось... Кансерва... Закусвайце... Чым багаты, тым і рады. Цяпер у нас, слава вам, усё ёсць. Сытна жывём. Зараз і піянеры да вас прыбягуць, кветкі прынясуць.. Сяльчане ўсе наве- даюцца з паклонам. А мы першыя з Лёксай, ледзьве раніцы дачакаліся...
Слухаў я цётку Дуню, слёз не стрымліваў — ад пачутага, расчулілі словы, кранулі глыбока. Колькі ж у сэрцы гэтай старой жанчыны дабры- ні, чалавечнасці? Чым змерыш?
Ты, відаць, пра Еўдакію Пятроўну ведаеш. Ці не? Яна ж цудам у вайну ўратавалася. Храмцовы схавалі ў сябе параненага чырвонаармейца, тады жылі яны на балоце, у канцы Негліва, а нехта даклаў немцам. Расстралялі ворагі ўсю сям'ю. А цёткі Дуні не было дома... Яна якраз дзіця чакала, муж ваяваў... Адна засталася. Як дзічка ў полі. А тут і дзіця на падыходзе. Не хацела нараджаць, прызнаецца сёння, бо навошта яму, немаўляці, усе гэтыя нечалавечыя пакуты... А цяпер і рада — сын Пятро амаль кожны выхадны дома, на ўласным «Масквічы» прыязджае. «Як бы я без яго?»
Я табе ўжо расказваў, як сустрэў Галіну Сцяпанаўну. Не прайшло, мусіць, і года, як з'явіўся ў Іскані Мікалай Кірылавіч Шульга — прыехаў услед за ёй, ледзьве скончыўшы педінстытут. Каханне куды не завядзе чалавека. Помню, сядзеў ён, ціхмяны, вастраносы, у акулярах, з разумным поглядам вачэй, на табурэце ў нашай хаце (бацькі — настаўнікі, і Галіна Сцяпанаўна, канечне ж, прывяла паказаць свайго выбранніка лёсу, пазнаёміць), раз-пораз цёр шкельцы акуляраў насоўкай, і калі знімаў іх, на носе добра былі бачны сляды ад дужкі — ажно чырвоныя.