А цяпер — ціха. Загадчыкі клуба не трымаюцца падоўгу. 3 Магілёва прысылаюць іх, з культпрасветвучылішча, яны год ці два адчыняюць ды зачыняюць дзверы, а потым памахаюць ручкай — і толькі бачылі. Помніш Валодзю Батуру, цыгана? Энергічна быў узяўся ён за самадзейнасць, усіх бабулек на рэпетыцыі ў клуб сагітаваў, але і ў яго нічога не атрымалася. Канцэрт так і не адбыўся — з'ехаў Батура.
Не звіняць і дзіцячыя галасы на горцы. Тэлевізар моцна трымае. Ды і дзяцей менш цяпер. Ціха ў вёсцы. Апусціла яна галаву.
Ты, браце, відаць, успамінаеш вольхі, што раслі некалі на поплаве перад нашай хатай. Я адзін раз нават артыкул напісаў у раённую газету, здымачак зрабіў. I загаловак даў: «Расціце, вольхі!» А іх адразу ж пад сякеру — усе да адной, бы нехта мне адпомсціць рашыў: «Ах, расціце!..» Меліярацыя. Выпрамілі і рачулку, цяпер канаўка. Верабей пяройдзе і пер'е не памочыць. Няма вольхаў, няма ракі, няма і маляўнічага кутка ў вёсцы... А старыя людзі не дурні: калі вольхі саджалі, то не толькі зям- лю ўпрыгожвалі, але і думалі пра тое, што можа пажар усхапіцца. Вольхі захінуць другую частку вёскі, не дадуць агню перакінуцца. А яшчэ розная пярнатая драбяза побач жыць будзе. У алешніку ад спёкі курыца схавацца можа, качкі, гусі...
Тое, што думалі старыя, нікога не цікавіла. Зруйнавалі, абезжыццёвілі маляўнічы куток. Я не супраць меліярацыі, але ж хіба ў нас тут балота было? Разлічвалі, што з тых дзесяці гектараў, якія займалі вольхі, прыбытак будзе калгасу. Першы год нават авёс пасеялі. Авёс пасярод вёскі? Дадумацца ж! Курам не на смех, а на корм. Цяпер зямля пустуе. Лысая зямля. Праўда, кароў тут пасвяць — грамадскія статкі. Бегаюць рагулі па тым лапіку, галовы задраўшы, галёкаюць, а ўшчыкнуць няма чаго. Але хто цяпер скажа, што не паклапаціліся пра пашу? Вось яна перад табой. Не бяда, што выталачана.
Іншы раз хочацца спытаць: «Куды глядзіце, людзі? Ці на месцы галовы?» Але ў каго спытаеш, калі над зямлёй развялося столькі гаспадароў, што не знойдзеш крайняга? Ты пытаеш пра грэчку. Не сустракаў у Гомелі, каб прадавалі. Гэта, браток, дэфіцыт не толькі ў Ашхабадзе. Так што націскай на рыс, макароны. Калі я працаваў у абласной газеце «Гомельская праўда», адзін ветэран даслаў пісьмо, якое было потым надрукавана пад рубрыкай «3 пазіцыі гаспадара». Дзесьці ў мяне павінна быць газета... Ага, знайшоў... «Грэчку рысам не заменіш». Перадрукую для цябе, не палянуюся, каб ты не думаў, што мы тут грэч- ку кожны дзень ядзім. Чытай: «Вам грэцкіх круп? Калі ласка? Такія словы ад прадаўцоў нашых гарадскіх і сельскіх магазінаў зараз не пачуеш. А я памятаю час, калі ў продажы быў і гэты прадукт. Магчыма, не паўсюдна, але быў. Прыгадваю, як пасля вайны мы, былыя фран- тавікі, шчыравалі на малаўгноеных, слабых на ўрадлівасць палях. Як радаваліся нашым сціплым (па цяперашніх мерках) поспехам. Гана- рыліся стопудовымі ўраджаямі збожжавых. А сто пудоў — гэта ж усяго 16 цэнтнераў, удвая менш, чым збіраюць цяпер вельмі многія гаспадаркі вобласці.
I грэчку сеялі тады. Не на лепшых землях — на пясочках, не песцілі яе арганічнымі і міперальнымі ўгнаеннямі. I яна радзіла слаба. Аднак лічылі, што без яе не абысціся.
Некаторыя людзі гавораць: грэчка не вытрымала канкурэнцыі з рысам. Гаспадарнікі могуць лёгка пераканаць, што яна — культура малаўраджайная. Даказваюць эканамісты нявыгаднасць грэчкі, яе мізэрную долю ў прыбытках, а самі думаюць: дзе б раздабыць грэцкіх круп? Праблема...
На мой погляд, ніякай асаблівай праблемы з грэчкай не было б, калі б да яе ў гаспадарках адносіліся ўважліва.
Некалькі цэнтнераў з гектара — гэта, бясспрэчна, мала. Такая ўраджайнасць выклікае расчараванне. А 16—19?
Са спецыяльнай літаратуры па земляробству я даведаўся аб тым, аб чым ведалі нашы дзяды і прадзеды, аб «сакрэтах» поспеху на грэцкім полі. Калі не парушаць патрабаванні, то і грэчка будзе заўсёды рэнтабельнай. Вось яны, прапісныя ісціны, з якімі ў радзе гаспадарак не лічацца: выдатнае элітнае насенне, адпаведная падрыхтоўка глебы, своечасовая сяўба з захаваннем правілаў агратэхнікі.
Усім вяскоўцам вядома, што ў грэчкі перыяд цвіцення працяглы, і ў гэты час ёй неабходны пчолы. Але ці многа вулляў побач з полем? Яны — рэдкасць нават у сельскай мясцовасці. Але прыбаўка ва ўраджайнасці залежыць не толькі ад пчол. Калі насенне грэчкі прапусціць праз электрасартавальную машыну, то электрамагнітнае ўздзеянне стымулюе ў ім біялагічныя працэсы. Такая машына створана ў Чалябінскім інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі групай вучо- ных пад кіраўніцтвам прафесара А. М. Басава.