Выбрать главу

Давайце будзем смялей называць лес цэхам. I няхай будуць у ім свае тэхнолагі. Тэхнолагі не па вырошчванні прадукцыі —прырода ад- мыслова, па-гаспадарску клапоціцца аб гэтым сама, за што тысячу разоў варта сказаць ёй дзякуй, а тэхнолагі па ўмелым выкарыстанні гатовай прадукцыі, але пакуль што не сабранай.

Тамара Шамяткова заўважыла, што гамяльчанін Іван Ігнатавіч Сячко змайстраваў несамавітае, але каштоўнае прыстасаване для збору рабіны, якое было ўхвалена на нарадзе нарыхтоўшчыкаў. А калі б не дадумаўся да таго прыстасавання такі чалавек-непаседа, як пенсіянер Сячко, то хто б пачаў ламаць галаву, як лепш за ўсё зняць з дрэва чырвоныя рабінавыя гронкі?

Лясны цэх... Якія ж усё-такі людзі працуюць у ім? Якімі шляхамі-каляінамі прыходзяць яны да свайго прызвання?

...У хаце Галонскіх заўсёды ўтульна, светла, чыста, хоць, здавалася б, калі ёй, Марыі Антонаўне, сачыць за тым парадкам. Не зачыняюцца, колькі помняць вяскоўцы, дзверы ў гэтых шчырых гаспадароў. Хто грыбы нясе, хто ягады. Ледзь пераступяць парог: «Прымай, Антонаўна, грыбочкі. Глянь, якія ладныя. Шкада здаваць: так і дзівіўся б. Вачэй не адарваць». Пра журавіны скажуць больш стрымана: «На ўзбалотку бы нехта са жмені сыпануў». Ёсць, ёсць ягада. Даецца толькі яна не надта лёгка. Ведама ж, нехта пра яе і загадку прыдумаў — маленькая, чырвоненькая, а моц вялікую мае — чалавека да зямлі нахіляцца вымушае. Правільная загадка.

Марыя Антонаўна прымае ў сваіх землякоў грыбы і ягады, дзякуе.

...Галонская рыхтавалася сустракаць гасцей. Хведар, мужык яе, быў на працы ў калгасе «Чырвоная Дуброва», а яна корпалася патроху ў хаціне: дзеці абяцаліся прыехаць, трэба прыбрацца.

Успамінаюць старэйшыя прыгожых і дужых дзяцей Галонскіх, якімі тыя ў маленстве былі. Спрытныя, увішныя, бы птахі. Хто раней іх, бы- вала, за першым грыбам роснай ранічкай у лес паспее? Прыпамінаюць аднавяскоўцы, а самі ў бок Марыі Антонаўны ківаюць: яна, маці, прывучыла дзяцей да лесу.

Ужо вось тры дзесяцігоддзі гэтая жанчына загадвае ў Сярэдніх Печах, звычайнай палескай вёсцы ў Лельчыцкім раёне, грыбаварным пунктам. Наўрад хто з яе паплечнікаў можа пахваліцца такім працоўным стажам.

На адным тыдні сабраліся дзеці. Весялосць у доме, смех, гоман, нібы ў тыя часіны, як малымі былі яны. Сядзелі за сталом, аб чым толькі не размаўлялі, а Марыя Антонаўна слухала родныя галасы, не ўтрымалася, сказала:

— Грыбочкі пайшлі, дзеткі. Заўтра трэба ў лес наведацца. Паможаце мне? Калі ж час гарачы на сяле: і касіць наспела па другім заходзе, і гароды не адпускаюць людзей.

— Дай, Марыя, адпачыць хоць дзецям,— заступіўся было Хведар.— Гасцяваць прыехалі, а ты ім кошыкі ды вёдры ў рукі...

— Чаму ж, тата, у грыбы абавязкова пойдзем,— падаў голас Міколка.— Лепшага адпачынку і прыдумаць нельга. Пойдзем, пойдзем, мама.

— Так яна і дасць адпачыць,— зноўку азваўся бацька.— Яна любога захамутае. Нафтавікоў і тых да рук прыбрала. Нечага, кажа, сядзець тарчма ў лесе, камароў карміць. Пакуль вашы тыя трубы падвязуць, бярыце кошыкі ды грыбы збірайце.

— А хіба не так? — зіркнула на Хведара гаспадыня.— Правільна зрабіла. Сядзяць людзі дзень, другі, усё чакаюць і чакаюць машыну, калі ж за гэты час можна было паўтоны грыбоў сабраць. Не лапатай таксама грошы грабуць. Спатрэбіцца капейка. I канчаюць работку сваю раненька, ёсць калі па лесе патупаць.

Цудоўная жанчына Марыя Антонаўна, непаседлівая, неўгамонная. I хоць лічыцца яна грыбаварам-нарыхтоўшчыкам, аднак зайдзіце ў яе хату, надзівіцеся, чым яна займаецца. Нават грушы сушыць. Арганізавала і іх прыёмку.